Е.М. Навакоўскі: "Пошук зьнешніх ворагаў шкодзіць Беларусі"

Гутарыў Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Дырэктар Цэнтру дасьледаваньня міжнародных дачыненьняў і праблем самакіраваньня, выбітны польскі публіцыст з часопісу “Wprost”, былы дарадчык прэм’ера Польшчы Ежы Бузка - Ежы Марэк Навакоўскі заявіў нашаму радыё, што палітыка пошуку зьнешніх ворагаў, якую вядзе цяперашні беларускі ўрад, шкодзіць Беларусі.
(Карэспандэнт: ) Пасьля таго, як у Польшчы да ўлады ва ўсіх галінах замест левых прыйшлі правыя, шмат гаворыцца пра тое, што палітыка ў дачыненьні да Беларусі кардынальна зьменіцца - гэта абяцалі самі палітыкі ў часе перадвыбарчай кампаніі, пра гэта кажуць назіральнікі. Я запытаўся У Ежы Марка Навакоўскага, ці ён таксама разьлічвае на такія зьмены.

(Навакоўскі: ) “Так, я ўпэўнены што ўсходняя палітыка Польшчы будзе больш актыўнай, больш інтэнсіўнай. Варта падкрэсьліць, што адным з галоўных іспытаў для новай польскай замежнай палітыкі будзе прадстаўленьне Эўрапейскаму Зьвязу і Злучаным Штатам Амэрыкі дакладнага, выканальнага і энэргічнага пляну палітыкі заходняга сьвету ў дачыненьні да Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) Нядаўна адзін зь кіраўнікоў беларускага КДБ заявіў, што на тэрыторыі Польшчы і Літвы знаходзяцца адмысловыя цэнтры, мэта якіх дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі. Польскае МЗС назвала гэтую заяву “сюррэалістычнай”, а як такія абвінавачаньні беларускага боку ацэньвае спадар Навакоўскі?

(Навакоўскі: ) “Мы ў Польшчы кажам: “Кожны мяркуе пра іншых па сабе”. Так што магчыма, што такія абвінавачаньні зьявіліся ў беларускіх уладаў у сувязі з іх ўласнымі паводзінамі. Гэта па-першае, а па-другое, беларускі бок вядзе ўсё тую ж палітыку, што, маўляў, у Польшчы затаіўся вораг. Палітыка Аляксандра Лукашэнкі - гэта палітыка пошуку ворагаў на Захадзе. Я лічу, што такая палітыка шкодзіць Беларусі. Але ў гэтай справе выказацца павінны самі беларусы”.

(Карэспандэнт: ) У часы ПНР улады таксама шукалі зьнешніх ворагаў...

(Навакоўскі: ) “Канечне, у камуністычныя часы ня толькі ў ПНР шукалі і паказвалі гэтых нядобрых заходніх ворагаў, якія займаюцца “прапагандысцкай агрэсіяй”. Але кожны дыктатарскі ўрад – ці гэта дыктатура камуністычная, ці іншая – спрабуе мабілізаваць народ выкарыстоўваючы ідэю існаваньня зьнешіх ворагаў, каб згуртаваць людзей вакол правадыра. Пра гэта гаворыцца ў любым падручніку паліталёгіі”.