Жонка не рукаў – не адпораш

Данута Зайкоўская, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Я хачу прыгадаць прымаўкі, якія чула ад сваёй бабулі.

Бабуля нарадзілася і ўсё сваё жыцьцё пражыла ў маленькай вёсачцы Сташулі колішняга Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва, а цяпер Мёрскага раёну Віцебскай вобласьці. У польскім энцыкляпэдычным даведніку ХІХ стагодзьдзя напісана, што ў Сташулях было шмат сялянскіх двароў, а сама вёска разьмяшчалася на беразе прыгожага возера. У наш час вёска ператварылася ў хутар, а возера стала балотам. Назва Сташулі зьнікла з геаграфічных мапаў і даведнікаў. Мая бабуля была апошняй карэннай жыхаркай вёскі і цяпер спачывае побач са сваімі дзядамі і прадзедамі на старадаўніх могілках.

На гэтых могілках можна было б вучыць гісторыю роднага краю. Тут захаваліся мармуровыя надмагільлі князёў Святаполкаў-Мірскіх і Корсакавых. Ёсьць каменны крыж, дзе ўшаноўваецца памяць паўстанца Вялічкі, і невядома, ці быў ён зь мясцовых жыхароў, ці толькі загінуў у гэтых краях.

На жаль, бабуля мала што ведала пра гэтых людзей. Але затое яна навучыла мяне любіць свой край, сваю мову, адчуваць яе дасьціпнасьць і прыгажосьць. І я хачу падзяліцца некаторымі скарбамі бабулінага слоўніка.

Памятаю, як яна паўтарала: “Жонка не рукаў – не адпораш”. Гэта значыць, калі нехта задумаў жаніцца ці выходзіць замуж, трэба вельмі добра ўзважыць усе наступствы гэтага кроку, каб пазьней не пашкадаваць. Сабраўся неяк жаніцца мой дваюрадны брат, а за жонку бярэ сабе сямнаццацігадовую дзяўчыну зь Менску, якая толькі-толькі закончыла школу. Бабуля давай яго адгаворваць і павучаць, а ён яе не паслухаўся...

Мінуў час, і, вядома, пачаліся праблемы... У маладой жонкі і працы няма, і есьці варыць яна ня ўмее, і сумна ёй жыць пасьля сталіцы ў маленькім мястэчку. А бабуля адно паўтарае ўнуку: “Я ж табе казала, а я ж цябе навучала: жонка не рукаў – не адпораш, – а ты ж мяне не паслухаў...”

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)