Палестынскія ўлады сьцішаць ваеўнікоў

ГАЗА. Палестынскія ўлады зноў паабяцалі прыкласьці максымальныя высілкі для спыненьня нападаў ваеўнікоў. Міністар унутраных справаў аўтаноміі Насэр Юсэф заявіў, што закрые ўсе падпольныя збройныя майстэрні й склады. Ягоная заява прагучала пасьля чарговага ракетнага ўдару Ізраілю па сэктары Газа. Удары трапілі ў аб’екты, якія экстрэмісты выкарыстоўвалі для абстрэлу ізраільскай тэрыторыі. Прытым міністар унутраных справаў Палестыны асудзіў дзеяньні Ізраілю і заклікаў сусьветную супольнасьць да ўмяшаньня.