FM у Празе і вынікі кастрычніцкага конкурсу

Сяргей Шупа, Прага Перадача “Настрой на Свабоду” прысьвечаная праблемам прыёму нашых праграмаў і навінкам радыё
Сёньня мы падвядзем вынікі нашага кастрычніцкага конкурсу, але спачатку – радыётэма. Сёньня мы пачнем сэрыю перадачаў, прысьвечаных радыёвяшчаньню ў суседніх зь Беларусьсю краінах – каб слухачы маглі параўнаць сытуацыю за мяжою зь беларускай і наагул мець уяўленьне – што робіцца на радыёхвалях у іншых сталіцах Усходняй Эўропы. Сёньняшняя тэма – радыёэфір у Празе.

****

Госьць маёй сёньняшняй перадачы – мой чэскі калега Павал Шыдла, наш тэхнік у студыі, які рэгулярна працуе разам з намі падчас жывога эфіру. Павал працуе на Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа ўжо шэсьць гадоў, апрача гэтага працаваў у тэлевізіі, мае багаты досьвед у галіне камунікацыйных тэхналёгіяў, а таксама рэгулярна слухае радыё.

(Шупа: ) Маё першае пытаньне – гістарычнае. Як вядома, у Чэхаславаччыне, як і ў іншых краінах усходняга лягеру, для вяшчаньня выкарыстоўваўся ніжні паддыяпаязон ультракароткіх хваляў, які ў нас звычайна называюць УКХ, у адрозьненьне ад верхняга, заходняга паддыяпазону – “FM”. І гэты FM дыяпазон напачатку быў пусты. З чаго ўсё пачалося?

(Шыдла: ) “За часы Чэхаславаччыны было якраз адно дзяржаўнае радыё. Пасьля рэвалюцыі 1989 году ўзьнікла першае прыватнае радыё – гэта было “Radio Stalin”, якое перадавала зь месца, дзе некалі стаяў вялізны помнік Сталіну на Летняй у Празе-7. Вось жа “Radio Stalin” вяшчала там з-пад зямлі, з катакомбаў. Вяшчаньне гэтае было нелегальнае, бо проста яны ня мелі ніякага дазволу. Празь нейкі час іх прыкрылі, але тое радыё зноў запрацавала пад іншай назвай – цяпер гэта “Radio 1” – гэта й ёсьць былое “Radio Stalin”...”

(Шупа: ) Я тут зазначу, што Radio 1 на сёньня – адна зь нешматлікіх непапсовых станцыяў у праскім FM-е, вельмі папулярная сярод, скажам так, прасунутай публікі. Але вернемся да гісторыі...

(Шыдла: ) “Першае легальнае прыватнае радыё ў Празе было Evropa 2, якое пачало вяшчаньне ў 1990 годзе. А пасьля ўжо настаў сапраўдны бум, калі гэтых станцыяў напладзілася вялікае мноства, было іх штук 20 ці можа нават 25. Спачатку ўсе яны, можна сказаць, былі арыгінальныя, на кожнай было нешта іншае, кожная мела свой пэўны стыль. Але паступова некаторыя станцыі пачалі зьнікаць, бо проста іх у Празе было зашмат, а рынак FM­вяшчаньня тут не такі ўжо й вялікі. Вось жа, шмат зь іх зьнікла, некаторыя зьнікалі і зьяўляліся зноў, некаторыя зь нейкіх прычынаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі. І сёньня, у прынцыпе, можна сказаць, што сытуацыя больш-менш стабілізавалася”.

(Шупа: ) Сытуацыя у праскім FM-эфіры і сапраўды стабілізавалася, і сёньня ніякіх рэзкіх пераменаў тут не назіраецца. Пакруціўшы ручку настройкі, я налічыў 23 станцыi... Які фарматны спэктар яны падстаўляюць?

(Шыдла: ) “Напэўна і надалей адным з самых папулярных застаецца былое дзяржаўнае радыё – або яно й сёньня ўсё яшчэ дзяржаўнае – 1-шая праграма Чэскага Радыё Radiožurnál. Яна мае шмат перадачаў, вяшчае на шмат якіх частотах па ўсёй краіне. Гэта пераважна інфармацыйнае радыё, але можна там пачуць і радыёспэктаклі, і музыку, і перадачы для моладзі – карацей, мікс усяго магчымага, і гэта сапраўды саліднае радыё. Ну а пасьля, вядома ж, ёсьць розныя камэрцыйныя станцыі, якія адрозьніваюцца паводле таго, на якую катэгорыю слухачоў яны арыентуюцца. Ёсьць радыё Classic FM, якое грае пераважна клясычную музыку, і ня толькі грае музыку 24 гадзіны – там, вядома ж, ёсьць і розныя перадачы пра клясычную музыку. Прыкладам, Country radio – музыка кантры і ўсё вакол яе. Ну а бальшыня станцыяў мае клясычны камэрцыйны фармат, яны перадаюць пераважна папулярную музыку – поп, рок. Гэта музычна-інфармацыйныя станцыі. Вядома, апрача музыкі яны стараюцца даваць розную інфармацыю – навіны інфармацыю пра дарожны рух і г.д. Апошнім часам абвастрылася барацьба за слухача, канкурэнцыя вельмі вялікая, таму яны спрабуюць прыдумляць новыя фарматы перадачаў. Цяпер, прыкладам, у Чэхіі надзвычай папулярныя гэтак званыя “рэаліты шоў”. Вось жа цяпер гэтыя “рэаліты шоў” праніклі і на FM – напрыклад, раніцай тэлефануюць розным людзям , і тыя ў жывым эфіры на нешта рэагуюць, і г.д. Гэта проста новыя фарматы перадачаў, і ў прынцыпе можна сказаць, што з усіх тых станцыяў, якія на гэты момант вяшчаюць у праскім FM-е, кожнаму слухачу ёсьць што выбраць”.

(Шупа: ) Мая папярэдняя перадача “Настрой на Свабоду” была прысьвечаная інтэрнэт-радыё ў Беларусі. Наколькі інтэрнэтнае радыёвяшчаньне пашыранае ў Чэхіі? Ці праскія FM-станцыі маюць паралельна вяшчаньне ў інтэрнэце?

(Шыдла: ) “З усіх тых станцыяў, што вяшчаюць у радыёэфіры, звычайна кожная мае інтэрнэт-вяшчаньне. Апрача таго ёсьць яшчэ мноства ўласна інтэрнэт-радыёстанцыяў, ну, можа якіх 50, калі ня болей. Але я ня думаю, каб на сёньняшні дзень аж так шмат людзей слухалі б радыё на інтэрнэце. Людзі, якія звычайна слухаюць радыё – яны і на інтэрнэце хутчэй за ўсё будуць слухаць тое самае сваё ўлюбёнае радыё, якое слухаюць у машыне, а ня нейкае інтэрнэт-радыё”.

(Шупа: ) Пра інтэрнэт-радыё варта дадаць пару словаў. Сапраўды, яно тут даволі разьвітае, варта сказаць, што нават нацыянальнае радыё мае некалькі каналаў, якіх няма ў звычайным радыёэфіры – гэта інфармацыйнае Rádio Česko, культурна-пазнавальнае ČRo Leonardo і прысьвечанае клясычнай музыцы ČRo D-Dur, праўда, ад мінулага тыдня гэтыя каналы трансьлююцца таксама і ў дыгітальным фармаце. Ну і, вядома, існуе нямала недзяржаўных інтэрнэт-радыёпарталаў, напрыклад, AB-Radio дзе можна выбраць свой музычны фармат – поп, рок, кантры, джаз ды іншыя. Вось жа, у FM-станцыяў зьяўляецца штораз больш канкурэнтаў. Зноў слова Паўлу Шыдлу:

(Шыдла: ) “Сытуацыя для радыё робіцца ўсё больш складаная – і ня толькі з-за тэлевізіі. Проста тых новых мэдыяў з кожным днём усё больш. І цяпер чалавек мае ўсё больш магчымасьцяў здабыць інфармацыю, і зрабіць гэта робіцца ўсё прасьцей – ці з тэлевізіі, ці на мабільных тэлефонах праз SMS, або цяпер, скажам, апэратар мабільнай сувязі T-Mobile выпрабоўвае прыём тэлепраграмаў на мабільных тэлефонах. Таму заваяваць увагу слухача становіцца ўсё больш складана. Але я думаю, што людзі ўсё адно будуць надалей слухаць радыё – ня думаю, што тыя, хто слухае яго цяпер, маглі б перайсьці на нешта іншае. Напрыклад, людзі прызвычаіліся, устаўшы раніцай, уключаюць радыё – яны ня маюць ніякіх падставаў мяняць гэтую звычку. Хутчэй нейкія выпадковыя слухачы або зусім маладыя людзі – вось яны, магчыма, ня слухаюць радыё. Якраз такія маладыя людзі хутчэй улучаць тэлевізар, або запусьцяць інтэрнэт. Магчыма, іх інтэрнэт-радыё якраз бы й зацікавіла, але звычайнае радыё – думаю, што не”.

(Шупа: ) Дык ці мае звычайнае радыё шанцы выжыць у такой сытуацыі?

(Шыдла: ) “Думаю, што мае. Бясспрэчна мае. Вось, нядаўна паведамілі, што Чэскае радыё праводзіць тэсты дыгітальнага вяшчаньня – вось жа і радыё стараецца не адставаць ад разьвіцьця тэхналёгіяў. Таму, я думаю, радыё бясспрэчна выжыве”.

(Шупа: ) У перадачы “Настрой на Свабоду” мы з маім чэскім калегам Паўлам Шыдлам гаварылі пра радыёвяшчаньне ў Чэхіі. У наступных перадачах мы працягнем агляд радыёэфіру ў краінах Усходняй Эўропы.

*** А зараз – да вынікаў нашага кастрычніцкага конкурсу. Умоваю конкурсу было прыгадаць як найболей аўтараў успамінаў, якія гучалі ў нашых перадачах “Сучасныя мэмуары на хвалях Свабоды”.

Дык вось, усяго ад 2002 году ў гэтай рубрыцы выступілі 24 мэмуарысты – гэта былі:

Леанід Барткевіч, “Людзі і песьні” Міхаіл Дубянецкі, “Трэба рызыкаваць” Васіль Быкаў, “Доўгая дарога дадому” Сяргей Астраўцоў, “Як прыйшла незалежнасьць” Вінцэсь Мудроў, “Вясновая песьня шпака” Уладзімер Халіп, “Краявід з кінакамэрай” Аляксей Марачкін, “Старонкі дзёньніка мастака” Валеры Фінюк, “Мой удзел у акупацыі Чэхаславаччыны” Вольга Іпатава, “Па той бок тэлеэкрана” Ані Жаліф, “Беларуская прыгода” Славамір Адамовіч, “Турэмны дзёньнік” Сакрат Яновіч, “Ад Крынак да Крынак” Сяргей Законьнікаў, “Постскрыптум” Станіслаў Багданкевіч, “Мой капітал” Валянцін Тарас, “На высьпе ўспамінаў” Юры Хадыка, “Твары маіх сяброў” Івонка Сурвіла, “Баранавічы, Капэнгаген, Парыж, Мадрыд і Атава” Станіслаў Шушкевіч, “На пераломе” Уладзімер Колас, “Беларускія ўрокі дырэктара ліцэя” Мечыслаў Грыб, “Генэральская зорка” Пётра Садоўскі, “Пошукі свайго выраю” Данута Бічэль, “Каго помню і люблю” Зінаіда Бандарэнка, “Свой голас” Уладзімер Арлоў, “Полацкі вецер” Сяржук Вітушка

, “Дзе пачую талаку, туды ногі валаку”

Успаміны Сяргея Вітушкі, аднак, мы вырашылі ня ўлічваць, бо некаторыя слухачы даслалі свае адказы яшчэ да таго, як ён распачаў сваю сэрыю.

Вось жа, найбольш аўтараў – па 15 - прыпомнілі

Марат Платак

Алена Лютко

Уладзімер Рэмеш

Абраць пераможцу нам дапамагла наша дадатковая ўмова – хто прыпомніць больш загалоўкаў сэрыяў успамінаў. Усе загалоўкі правільна назваў Марат Адамавіч Платак зь Менску. Ён – пераможца нашага кастрычніцкага конкурсу і атрымае наш прыз – партатыўны прыймач Grundig G2000.

Віншуем пераможцу. Умовы лістападаўскага конкурсу вы пачуеце ў наступную суботу. Жадаю ўсім добрага прыёму.