Апалінэр з Дарожкавічаў – сьляды францускага паэта Гіёма Апалінэра ў Беларусі (2)

Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 16 кастрычніка 2005 году) Новая перадача сэрыі "Вострая брама".
“Фармальнай нагодай шукаць у Беларусі сьляды францускага паэта Гіёма Апалінэра сталі сёлетнія 125-я ўгодкі ягонага нараджэньня. Традыцыйна сьцьвярджаецца, што радавое гняздо Кастравіцкіх – а менавіта з гэтага гнязда паходзіць Кастравіцкі Апалінэр – у Дарашковічах пад Наваградкам. І вось у мінулай перадачы на гэтую тэму мы шукалі тыя Дарашковічы ў кнігах, на мапах і ўласна пад Наваградкам. Але не знайшлі. Стары польскі Геаграфічны слоўнік, які апісвае ўсе паселішчы Беларусі ў 19-м стагодзьдзі, падказаў нам іншы адрас. Сядзіба Кастравіцкіх знаходзіцца на Полаччыне, на беразе Дзьвіны, за вярсту ад мястэчка Дзісна. Заставалася толькі сабрацца ў дарогу, каб нарэшце паставіць у нашых пошуках кропку. У Дарожкавічы адправіўся Зьміцер Бартосік”.

(Бартосік: ) “У маёнтак Кастравіцкіх, у Дарожкавічы пад Дзісной мы паехалі разам з полацкім паэтам Алесем Аркушам. І вялікіх спадзяваньняў на гэтае падарожжа не ўскладалі. Ну, сапраўды, што магло застацца ад шляхецкай сядзібы на колішняй савецка-польскай мяжы пасьля віхураў ХХ стагодзьдзя? Але адкрыцьці пачаліся ўжо на ўезьдзе ў Дзісну. Першы ж мужчына гадоў сарака ахвотна распавёў нам пра родны горад, Магдэбурскае права, Стафана Баторыя і Вялікае Княства. На маё пытаньне, ці ўсе тут, у Дзісьне, такія краязнаўцы, мужчына не знайшоўся, што адказаць. Ну, трэба ж ведаць, дзе жывеш. Мы з Алесем падзівіліся-пераглянуліся. Але імя Гіёма Апалінэра нашаму дзісенцу вядомае не было.

Ёсьць такія гарады, у гісторыі якіх, нібы ў кроплі вады, адбілася ўся гісторыя вялікай краіны. Дзісна – гэта той рэдкі выпадак, дзе стагодзьдзі пакінулі па сабе шматлікія матэрыяльныя сьведчаньні. Некалі вялікі павятовы цэнтар той літоўскай Дзісеншчыны, дзе Глыбокае і Мёры былі адно вёскамі, сёньня гэтае мястэчка -- нават не райцэнтар. Абыйдзеная чыгункамі і вялікімі аўтатрасамі, Дзісна схавалася да лепшых часоў. Нават помнік Леніну, гэты абавязковы атрыбут ледзь ня кожнага калгаса, тут зьнесьлі самі ўлады. Затое на замкавай высьпе можна ўбачыць і памацаць валы фартэцыі Сьцяпана Батуры. У зьнявечаных мурах Францішканскага касьцёла захрасьлі савецкія снарады, выпушчаныя па цэлі ў верасьні 1939-га. Ва ўжо разбураным Францішканскім кляштары, падмуркі якога можна ўявіць сабе на зарослай травою пустцы, быў штаб паўстаньня 1831-га году. А ва Ўскрасенскай царкве, пабудаванай у часы вешальніка, знаходзіцца ўнікальны абраз Смаленскай божай маці. А непадалёку школа, дзе вучыўся Язэп Драздовіч. А праз дарогу былы купецкі клюб, дзе гастралявала трупа Ігната Буйніцкага. А яшчэ музэй з унікальнай дзісенскай керамікай. І старой забудовы захавалася пасьля ўсіх войнаў болей, чым у сталіцы. Якую будучыню прыхавала гэтаму гораду заўтрашняя гісторыя? Калі ўлічыць яшчэ адно імя -- Гіём Апалінэр...

Вёска Дарожкавічы пачынаецца адразу за горадам. За старымі каталіцкімі могілкамі. Калі, не даяжджаючы да вёскі, кінуць погляд управа, у бок Дзьвіны, дык першае, што бачыцца – старасьвецкая мураванка, складзеная зь вялікіх камянёў, па ўсім відаць, панская стайня. А калі пайсьці ўздоўж дарогі, што заглыбляецца ў зьдзічэлы лес, у якім яшчэ можна пазнаць парк, дык неўзабаве з-за дрэваў адкрыецца... Не, не рамантычныя руіны. А трохпавярховы палацык. Атынкаваны, але яшчэ не пафарбаваны. Бачна, што будаўніцтва ці рэстаўрацыя вядзецца нясьпешна і грунтоўна. Шэры колер сьвежага тынку кантрастуе з навакольным запусьценьнем.

-- Алесь, ты любіш глядзець на старыя сядзібы?”

(Аркуш: ) “Тут ёсьць такая прыгажосьць і рамантыка. Ты можаш уявіць, якія людзі шпацыравалі тут. Аб чым яны, можа, размаўлялі. Як яны былі ўвогуле зьвязаныя з гэтай зямлёю. Яны ж тут ня проста жылі. Гэта ж было ня проста жыцьцё – прыйсьці, паспаць, паесьці. Яны ж былі зьвязаныя з усім цыклям жыцьцёвым мясцовым. У які касьцёл ці царкву яны езьдзілі, з кім яны кантактавалі, з кім зьбіраліся, як ладзілі свой вольны час. Гэта ж было жыцьцё багатае…”

(Бартосік: ) “Найстарэйшая жыхарка Дарожкавічаў Зінаіда Казлоўская выдатна памятае сядзібу, калі тая яшчэ жыла і дыхала. За часамі панскае Польшчы.

-- Спадарыня Зінаіда, раскажыце, што Вы памятаеце пра…

-- Пра Капылова, пра пана?

-- Мы чулі, што тут раней жылі паны Кастравіцкія?

-- Так. Тут і памятнік быў Кастравіцкага. У садзе, у Капыловых. Памятнік стаяў такі жалезны, вузенькі. А цяпер няма. Усё ўжо парылася. Гэта быў дзядзя Капылова, Кастравіцкі.

-- А калі помнік гэты зьнесьлі?

-- Ай, даўно. Як прыйшлі рускія. Тады ўсё ўністожылася.

-- А што гэта была за сядзіба і што былі за паны?

-- Ён добры быў, Капылоў. Ён рускі сам, праваслаўны. А тады яны выехалі ў Польшчу”.

(Дубавец: ) “Пан Капылоў – новы пэрсанаж у нашай гісторыі. У 1864 годзе, калі за ўдзел у паўстаньні Каліноўскага расейская адміністрацыя пазбавіла Кастравіцкіх іхнае сядзібы, а саміх выслала ў Арэнбург, гаспадаром іхнага маёнтку стаў Сяргей Карпаў. У мэмуарах дзісенскіх гімназістаў міжваеннага часу яго называюць царскім “унтэр Прышыбеевым” высокага рангу. Зь іншага боку, існуюць сьведчаньні радзтва гэтага Карпава з Кастравіцкімі. А тут яшчэ ў працяг Карпава ўсплывае нехта Капылоў, расейскі пан, які ад савецкай улады ўцякае ў Польшчу. Да ўсяго спадарыня Зінаіда называе Капылова пляменьнікам Кастравіцкіх. Гісторыя пачынае заблытвацца ня менш, чым у эпічны сюжэт для тоўстага рамана, таму пакінем яе бэлетрыстам альбо архівістам, а самі вернемся ў Дарожкавічы”.

(Бартосік: ) “А дом багаты быў у іх, Вы ня памятаеце?”

(Зінаіда: ) “Памятаю. Багаты. Мэблі былі. Раяля была, і барыня сядзіць. Мы ідзем каля гэтага пакою, а яна сядзіць, глядзім праз вакно, яна на раялі іграе. Барыня. Прыгожы быў дом. Галава бычыная, як уваходзіш у пакой. Адразу на сьценцы вялікая бычыная галава. Прыгожа было ў доме. Карціны былі”.

(Бартосік: ) “Мы вярнуліся да сядзібы у той час, калі велізарнае чырвонае сонца сядала за далягляд. Жывая карціна зачароўвала кожным імгненьнем. Лясісты супрацьлеглы бераг нябачнай адсюль, з высокага берагу, Дзьвіны ўжо акунаўся ў змрок, а далёкі далягляд палымнеў чырвонымі промнямі. Невыпадкова Кастравіцкія пабудавалі свой дом фасаднымі вокнамі на Захад. Назіраць такі Дзьвінскі закат штодня – сапраўдная раскоша.

-- Гэта што мы назіраем? Гэта парк?”

(Аркуш: ) “Гэта ўсё, што засталося ад парку. Бачна, што ёсьць такія дрэвы, незвычайныя для нашага лесу, для нашых савецкіх паркаў”.

(Бартосік: ) “Месца неверагодна прыгожае дзякуючы пойме Дзьвіны. Далягляд на Захад -- туды, дзе сядае сонца”.

(Аркуш: ) “Прыгожае месца. І я думаю, што блізкасьць да ракі… Прычым рака тут ня проста ідзе. Яна разгаліноўваецца. Тут нейкія паўвыспы ёсьць. Ляндшафт такі прыгожы. Я думаю, што тут і мог нарадзіцца паэт. Гадуючыся ў гэтай прыгажосьці”.

(Бартосік: ) “Ён тут не нарадзіўся”.

(Аркуш: ) “У сэнсе, усё роўна чалавек, які нараджаецца, ён нараджаецца з матэрыялу бацькоў і дзядоў. Гэта перадаецца, нікуды не зьнікае. Таму ў дзядах і прадзедах адбываецца нараджэньне некага. Ідзе-ідзе і пакуль нейкі спрыяльны момант не адбудзецца, тады адбудзецца такі цуд – нараджэньне паэта”.

(Бартосік: ) “Умелі выбіраць месца для жыцьця. Слухай, а што там за пабудова?”

(Аркуш :) “Панская стайня. Я думаю, што яна вельмі старая. Бо такая муроўка старажытная. Валуны і цэгла разам. У гэтай муроўцы ёсьць прыгажосьць, як гэтыя камяні расстаўленыя, якога колеру цэгла падабраная. Дзіўна, што так прыгожа рабілася стайня. Ясна, што, калі такая стайня, дык адпаведна і коні там былі…”

(Бартосік: ) “Шкада, што аматары францускай паэзіі ў Францыі ня ведаюць, дзе галоўнае месца, каб прыйсьці і…”

(Аркуш: ) “... і паглядзець, з чаго пачынаўся Апалінэр. Таму што ён пачынаўся менавіта з бацькоў і прадзедаў. Пачынаўся з той геннай памяці, якая ў яго была. А я думаю, што ў геннай памяці захаваўся і гэты ляндшафт, і гэтая Дзьвіна, і гэтыя мясьціны. І гэтыя людзі. Ты заўваж, як прыгожа нас сутрэлі. Мы проста прыехалі, як зваліліся зь неба сюды. І людзі тут ходзяць вакол нас. І паказваюць, і расказваюць, і возяць нас па гэтым мястэчку. Я наогул зьдзівіўся такой гасьціннасьці зусім незнаёмых людзей”.

(Бартосік: ) “Давай кінем апошні позірк на шляхецкія руіны. Усё, што павінна памерці, абавязкова памрэ...”

(Аркуш: ) “Я не ўспрымаю гэтыя руіны, як могілкі. Таму што кожнаму часу адпавядае сваё. Эгіпэцкія піраміды адпавядаюць свайму часу. Калоская царква свайму, а Сафійскі сабор -- свайму. Гэта хутчэй мне нагадвае археалягічныя знаходкі. Нейкі артэфакт. Як капаюць археолягі і знайшлі там кавалак збану, ці нейкую сякеру. Гэты артэфакт расказвае, што тут жылі людзі, чым яны займаліся. Я ўяўляю, тут была сядзіба. Тут жылі людзі...”

(Бартосік: ) “Руіны працягваюць жыць”.

(Аркуш: ) “Яны ня столькі працягваюць. Яны засталіся і існуюць. Яны -- як фатаздымак у альбоме. Яны зачапіліся за гэтую зямлю. І калі хтосьці сюды прыяжджае, нейкі турыст, яго сюды павязуць… Прыгожы-прыгожы міт, які можна расьпісаць. Пра які можна напісаць цэлую кнігу. Пра гэты міт сядзібы. І гэта можа быць нават старонка і месца, каб турыст прыехаў сюды, аматар паэзіі. Не абавязкова гэта можа быць паломнік францускі. Можа быць і менскі студэнт, які любіць францускую паэзію, Апалінэра. Прыехаць сюды і дакрануцца да сапраўднага. І зразумець, што беларуская зямля выгадавала таксама і такога паэта. Самае каштоўнае ў гэтым разуменьні – ён зразумее, што мы ўвязаны ў гэтае сусьветнае жыцьцё. Мы ўвязаны ў эўрапейскі культурны міт. Мы ўвязаны ў яго. І адна з гэтых нітачак -- Гіём Апалінэр. І гэтых нітачак вельмі шмат. На жаль, мы яшчэ ня маем добрага ўяўленьня, наколькі мы сур’ёзна ўвязаныя ў эўрапейскі культурны кантэкст. Гэта праца і нашых літаратараў, і нашых гісторыкаў. І я думаю, што гэта як раз праца ХХІ стагодзьдзя”.

(Бартосік: ) “А вось едзе калгасны трактар. Вельмі арганічна ён глядзіцца на фоне старога парку. Я часам думаю, як мала засталося беларусам ад вялікалітоўскай спадчыны. Нейкія ашмёткі, нейкія разваліны, нейкія камяні. Але нават тое, што засталося, працягвае праменіць. Працягвае працаваць, злучаць з тым часам”.

(Аркуш: ) “Я думаю, што нямала і засталося. Таму што зараз, я бачу, выйшла некалькі кніжак пра сядзібы па ўсёй Беларусі. І я гляджу, што ў кожным раёне ёсьць шмат гэтых сядзібаў. І цалкам захаваных будынкаў, і руінаў. Проста невычэрпная крыніца для нашых гісторыкаў. Калі зьявіцца яшчэ такі пісьменьнік, як Караткевіч, на гэтых сядзібах можна… Гэта проста кладзеж розных сюжэтаў для раманаў і прыгодніцкіх, і рамантычных, і якіх заўгодна...”

(Бартосік: ) “Як высьветлілася, гэта быў не калгасны трактар. За рулём трактара сядзеў праваслаўны бацюшка. На тле пакінутага маёнтку поп на трактары выглядаў больш нечакана за прывід колішніх гаспадароў. Айцец Генадзь прыехаў на сваю будоўлю, спалоханы візытам чужынцаў. Цяпер сядзіба Кастравіцкіх належыць яму, Генадзю Каранеўскаму. Трэба адзначыць, густ у сьвятара някепскі. Мы напрасіліся да айца ў госьці”.

(Бартосік: ) “Вы аднаўляеце сядзібу Кастравіцкіх?”

(Генадзь: ) “Так”.

(Бартосік: ) “Як Вам прыйшла ў галаву ідэя ўзяць гэтыя…”

(Генадзь: ) “... разваліны. Нічога не было ўвогуле. 10 гадоў аднаўляю. Аднаўляю па тым фундамэнце, што быў. Такія ж сьцены раблю. З той жа самай цэглы”.

(Бартосік: ) “Гэта будзе Ваш дом?”

(Генадзь: ) “Спадзяюся. Каранеўскіх. Рода Каранеўскіх. Сядзіба.”

(Бартосік: ) “А Вы ведаеце, што гэта радавое котлішча паэта Гіёма Апалінэра?”

(Генадзь: ) “Ведаю. Мая сястра працуе ў друкарні. Таму яна ў гэтым дасьведчаная. Проста так воля Божая была. Задумаў дом будаваць. Захацелася, гэтае месца спадабалася”.

(Бартосік: ) “І калі плянуецца гэта скончыць?”

(Генадзь: ) “Я планірую на наступны год. Калі дасьць Бог. Некаторыя сьмяяліся зь мяне. Вось, узяў разваліну, звалку такую. А цяпер ходзяць -- дзіву даюцца”.

(Бартосік: ) “Ня ведаю, чаму, але мне было крыху сумна ад таго, што ў старой сядзібы ўжо ёсьць гаспадар. Гаспадар дзейны, энэргічны. Які ня дасьць ужо заняпасьці сьценам. Ясна, што сядзіба Кастравіцкіх скончылася яшчэ ў 1863-м. Але ўсё роўна было крыху сумна. Як быццам у гісторыі, якой яшчэ працягвацца, разгортвацца і інтрыгаваць, недарэчна паставілі кропку”.

(Дубавец: ) “На маю думку, кропку мы паставілі толькі на мапе, а не ў гісторыі. Гэта значыць, што цяпер мы ведаем дакладны адрас радавога гнязда Кастравіцкіх. Што да гісторыі, дык яна відавочна працягваецца рупнай працай духоўнага чалавека Каранеўскага, нават прозьвішча якога так блізкае да фаміліі папярэднікаў, як кастрыца да каранёў. Аказваецца, нішто не прайшло, не мінула і зельлем не зарасло. Усё толькі пачынаецца.

Пачынаецца гісторыя слыннага паэта Адама Міцкевіча, які гасьцяваў у Дарожкавічах і запісаў у альбом гаспадыні маёнтку Людвікі Кастравіцкай свой верш “Матрос”:

Загінуць ня можа краіна, Дзе жонкі і дзевы такія!

Пачынаецца гісторыя Караля Кастравіцкага, які народзіцца ў сям’і сасланага адсюль у Арэнбург паўстанца Адама Кастравіцкага і стане знакамітым беларускім паэтам, адным зь першых творцаў нашага нацыянальнага адраджэньня Карусём Каганцом.

Пачынаецца гісторыя францускага паэта Гіёма Апалінэра, у пашпарце --Вільгельма Альбэра Апалінара Кастравіцкага, бо ён, як заўважыў Алесь Аркуш, зроблены з таго самага матэрыялу, што і ягоныя дарожкаўскія дзяды-прадзеды. І гэта толькі тры гісторыі трох славутых паэтаў. Можна ўявіць, колькі яшчэ адкрыцьцяў тоіць у сабе гэты маёнтак і гэты род”.