"Свабода слова, друку -- усё прыраўноўваецца да экстрэмізму..."

Алесь Дашчынскі, Менск Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму". Прадставіў яго дэпутатам першы намесьнік старшыні КДБ Васіль Дземянцей. Ён заявіў, што ў Беларусі “фармуецца тэндэнцыя распаўсюджваньня антыграмадзкіх праяваў, у тым ліку экстрэмісцкага характару, у дзейнасьці як палітызаваных грамадзкіх аб’яднаньняў, так і некаторых замежных некамэрцыйных арганізацыяў, грамадзкіх і рэлігійных дзеячаў, недзяржаўных СМІ”. Як рэагуюць палітыкі на гэты законапраект?
Паводле старшыні Нацыянальнага камітэту аб’яднанай апазыцыі Анатоля Лябедзькі, гэты законапраект — чарговы крок да ўвядзеньня надзвычайнага становішча ў Беларусі.

(Лябедзька: ) “І зьвязаны ён з падрыхтоўкай да выбарчай кампаніі. Улада скінула паранджу і адкрыта дэманструе сваю схільнасьць да сілавога варыянту ўтрыманьня ўлады ў Рэспубліцы Беларусь. У цывілізаваных краінах рыхтуюцца да выбараў зусім па-іншаму і ініцыююць зусім іншыя законапраекты”.

Паводле былога старшыні Савету рэспублікі Аляксандра Вайтовіча, пасьля апошняга рэфэрэндуму кіраўнік Беларусі ўсё больш баіцца згубіць сваю ўладу.

(Вайтовіч:) “Як і заўсёды ў дыктатарскіх рэжымах, гэта ўсё агаворваецца як абарона насельніцтва. Гэта проста страшылкі. Гэта ўлада баіцца, што згубіць уладу. І адначасова пад маркай абароны народу, як і ў прыкладзе з Паўночнай Карэяй, зноў будуць стварацца перашкоды дзейнасьці палітычных партыяў, самастойных людзей, якія маюць уласную думку, якая не супадае з думкай дыктатуры”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб заявіў, што ніхто ў апазыцыі не прапаведуе экстрэмізму і на яго не працуе. Але з набліжэньнем выбарчай кампаніі, як і раней, улады спасылаюцца на ўсялякія недазволеныя прыёмы.

(Грыб: ) “Свабода слова, свабода друку, адстойваньне правоў чалавека — усё прыраўноўваецца да экстрэмізму. Да экстрэмізму прыраўноўваюцца ўсе, хто не пагаджаецца сёньня з гэтай палітыкай, якую праводзіць сёньняшняя ўлада. Калі няма ворага, то трэба яго шукаць, каб можна было запужаць нашых выбарнікаў”.

Актывіст БХК Алег Гулак зважае на тое, што ўсе сілавыя структуры мабілізуюцца на барацьбу зь іншадумствам і палітычны вышук.

(Гулак: ) “Гэты закон прымаецца дзеля таго, каб стварыць такую сыстэму барацьбы зь людзьмі ці рухамі палітычнымі, якія думаюць іначай і якія хацелі б зьмены ўлады ў краіне. Такі сур’ёзны закон, які будзе мець вельмі сур’ёзныя наступствы для грамадзкага жыцьця Беларусі прыняты парлямэнтам без усялякага абмеркаваньня”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч сказаў, што ня браў удзелу ў галасаваньні па гэтым законапраекце.

(Гайдукевіч: ) “Я думаю, што я не экстрэміст. Думаю, што ўсе гэта разумеюць. Я думаю, што ўсе людзі, якія стаяць на палітычных плятформах, якія выказваюць сваю канстытуцыйную думку, як належыць па Канстытуцыі — таксама не экстрэмісты. Таму трэба ўмець абараняцца”.

Законапраектам забараняецца таксама выданьне і распаўсюджаньне праз мэдыі экстрэмісцкіх матэрыялаў. Паводле актывіста Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, усе гэтыя забароны ўжо прадугледжаныя дзейным заканаўдаўствам. Таму ініцыяваны закон — хутчэй эмацыйны крок уладаў.

(Бастунец: ) “Гэта дыягназ тэмпэратуры ўлады, і гэтая тэмпэратура іх настрояў завышаная”.

Законапраект адносіць да экстрэмізму дзейнасьць палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і асобных грамадзянаў у плянаваньні, падрыхтоўцы і ўчыненьні дзеяньняў, якія накіраваныя на гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу, стварэньне незаконных узброеных фармаваньняў, ажыцьцяўленьне тэрарыстычнай дзейнасьці. Таксама да экстрэмізму прыроўненыя публічныя заклікі да такой дзейнасьці, яе фінансаваньне альбо іншае садзеяньне. Барацьба з экстрэмізмам прадугледжвае прыпыненьне дзейнасьці арганізацыі і яе ліквідацыю. Будзе забараняцца карыстаньне мэдыямі, правядзеньне масавых мерапрыемстваў і фінансавая дзейнасьць.