Калі на касьмічнай арбіце зьявіцца беларускі спадарожнік?

Ігар Карней, Менск У Інстытуце Аб’яднаных праблемаў інфарматыкі Нацыянальнай Акадэміі навук (НАН) пачаў працу Другі Беларускі касьмічны кангрэс. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі, якім чынам наблізіць той час, калі Беларусь можна будзе лічыць паўнавартасным сябрам міжнароднага “касьмічнага клюбу”.
Паводле арганізатараў кангрэсу, падчас Савецкага Саюзу “касьмічнымі лябараторыямі” былі Акадэміі навук у Расеі, Беларусі і Ўкраіне. Пасьля распаду СССР ранейшыя сувязі былі парушаны, а цяпер яны, як кажа выканаўчы дырэктар праграмы “Космас саюзнай дзяржавы” Аркадзь Краўцоў, аднаўляюцца:

(Краўцоў: ) “Касьмічная праграма неабходная. Перадусім, яна рухае тэхнічны прагрэс. Іншымі словамі, Беларусь цяпер ідзе ў нагу з часам. Калі не займацца такімі тэхналёгіямі, мы апынемся на задворках. Такія краіны, як Японія ды іншыя, выйшлі ў эліту толькі дзякуючы тэхніцы і розуму спэцыялістаў. І ў Беларусі, якая ня мае такіх вялізных прыродных рэсурсаў, як Расея, толькі адно выйсьце — разьвіваць высокія тэхналёгіі. Таму ўсе выдаткі, натуральна, неаднаразова акупяцца. Хоць, можа, і ня так хутка”.

Цяпер Беларусь працуе над выкананьнем другой па ліку касьмічнай праграмы. Вынікам першай стала стварэньне Цэнтру прыёму касьмічнай інфармацыі, а таксама распрацаванае для касмадрому “Байканур” прыстасаваньне дзеля вызначэньня траекторыі адхіленьня ракеты пры ўзьлёце. Асноўным плёнам другой праграмы, якая будзе доўжыцца да 2007 году, мусіць стаць перадача і апрацоўка інфармацыі са спадарожніка “БелКА”. Праўда, замест 5 сьнежня, калі плянаваўся запуск касьмічнага апарату, цяпер тэрмін значыцца з адкрытай датай. Якія падставы да такой адтэрміноўкі — фінансавыя ці тэхнічныя праблемы? Адказваюць прадстаўнік Інстытуту Аб’яднаных праблемаў інфарматыкі НАН Беларусі Альберт Пятроўскі і намесьнік кіраўніка НДІ касьмічных праграмаў Расеі Сяргей Пушкарскі:

(Пятроўскі: ) “Гэта камэрцыйная таямніца. Вось калі будзе прэсавая канфэрэнцыя з нагоды запуску спадарожніка, тады ўсё вам раскажам…”

(Пушкарскі: ) “Зразумейце, мы ўсе разам шукаем якасных шляхоў выкананьня акрэсьленых прэзыдэнтам Лукашэнкам задачаў…”

(Карэспандэнт: ) “У наступным годзе яго хоць выведуць на арбіту?”

(Пушкарскі: ) “У плянах яно значыцца, канечне. На першы квартал заплянавана. Але зразумейце! Гэта не трамвай, які можна адрамантаваць. Спадарожнік адляціць — і яго ўжо не адрамантуеш. Дзесяцігодзьдзямі адпрацоўваюцца мэтодыкі трайнога рэзэрваваньня, разгойдваньня, робіцца куча макетаў. Гэта з той катэгорыі, што потым ужо ня выправіш”.

Сярод глябальных праектаў адмыслоўцаў у галіне космасу няма зьвестак пра тое, ці заплянаваны палёт у космас беларускага касманаўта? Удзельнікі кангрэсу вельмі няпэўна камэнтавалі падобныя пэрспэктывы:

(Краўцоў: ) “Я ведаю, што ў гэтым і наступным годзе касманаўт беларускі не плянуецца да палётаў. Што будзе надалей — мы ня ведаем”.

(Пятроўскі: ) “А пра “турыстаў” пакуль ня чулі”.

Да канца працы Другога касьмічнага кангрэсу на даху Інстытуту Аб’яднаных праблемаў інфарматыкі НАН мусіць быць усталяваная амаль 10-мэтровая спадарожнікавая антэна, якая будзе прымаць і апрацоўваць інфармацыю са спадарожніка “БелКА”. Але калі на арбіту трапіць сам касьмічны апарат — пакуль невядома.

На фота: самы вялікі ў Беларусі пад’ёмны кран усталёўвае на даху Інстытуту аб’яднаных праблемаў самую вялікую спадарожнікавую антэну (фота аўтара).