Ці разьлічваюць на замежную дапамогу апазыцыянэры ў глыбінцы?

Аляксандар Уліцёнак, Менск Дзяржаўная прапаганда настойліва ўкараняе ў грамадзкую сьвядомасьць думку: беларускія дэмакраты ні на што ня здатныя без арганізацыйна-фінансавай падтрымкі Амэрыкі, Захаду, правай расейскай кааліцыі... Што думаюць пра такую тэзу апазыцыянэры з глыбінкі? Ці сапраўды адчуваюць яны міжнародную палітычную салідарнасьць? На чыю менавіта дапамогу разьлічваюць? У якой форме?
Традыцыі абвінавачваць палітычных апанэнтаў у залежнасьці ад “Захаду”, Злучаных Штатаў, НАТО прапагандысцкая вэртыкаль атрымала ў спадчыну ад савецкай ідэалягічнай машыны. Аднак калі раней беларускі агітпрап толькі рэтрансьліраваў крамлёўскія ўстаноўкі, то цяпер мусіць самастойна шукаць факты, падбіраць аргумэнты... Старшыня Слуцкай гарадзкой арганізацыі БСДП “Народная Грамада” Анатоль Балкір лічыць, што робіцца гэта без асаблівай паліткарэктнасьці: агучваюцца плёткі, чуткі, у дзяржаўныя СМІ запускаюцца адмыслова сфабрыкаваныя сюжэты...

(Балакір: ) “Слухаючы беларускія СМІ, асабліва тэлебачаньне, зьдзіўляюся, калі кажуць, што на беларускую апазыцыю сыплецца “даляравы дождж” – грошы, дапамога... Але мы гэтую дапамогу не адчуваем, ня бачым увогуле. А людзі, асабліва старой загартоўкі, перакананыя, што як перадалі па радыё і тэлевізіі, як у газэтах напісана, так яно і ёсьць. Ім не дакажаш: не, мы не атрымліваем ніякай падтрымкі! Гэта – дрэнна...”

На цяжкасьці з матэрыяльным забесьпячэньнем скардзяцца літаральна ўсе прадстаўнікі дэмакратычнай кааліцыі краіны. Цягам апошняга часу ў рэгіёнах закрыліся дзясяткі офісаў: няма чым плаціць за арэнду памяшканьняў. Апошні прыклад – скасавала адпаведную дамову Гомельская філія Беларускага Хэльсінскага камітэту. Але прэса, тэлебачаньне бясконца цьвердзяць пра нібыта шчодрую замежную падтрымку апазыцыйных структураў...

(Залеская: ) “ Тое, што Амэрыка пяць мільёнаў даляраў выдаткавала, пра гэта крычаць. А тое, што Расея кожны год укладвае ў беларускі рэжым па два мільярды даляраў – пра гэта маўчок. Амэрыцы – нельга, а Расеі можна падтрымліваць гэты рэжым?...”

Думку вядомай віцебскай актывісткі Алены Залескай працягвае старшыня Магілёўскай абласной філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў. Ён кажа, што хоць пасьля прыняцьця амэрыканцамі Акта ў падтрымку беларускай дэмакратыі прайшло шмат часу, рэальных зрухаў на месцах па-ранейшаму не адчуваюць:

(Шанцаў: ) “Яны больш гавораць, але сапраўднай дапамогі мы адтуль не атрымліваем. Галоўнае – гэта нашыя сілы і нашыя магчымасьці. Тут, у Беларусі...”

Сяргей Коваль зь Ліды:

(Коваль: ) “Дапамогі як з захаду, так і з усходу мы ў горадзе не назіраем. І таксама АГП, камуністы... Можа ёсьць нешта ў БНФ, бо яны там выдаюць часопіс. Але гэта, як я разумею, дапамога зь Беларусі”.

Вельмі нэрвова зрэагавала дзяржаўная прапаганда на падзеі ў Грузіі і Ўкраіне. Тэма “экспарту” каляровых рэвалюцый штодня гучыць у тэлерадыёэфіры, не сыходзіць са старонак прэсы. Шмат разважаюць пра яе і ў дэмакратычным асяродку. Аднак парадокс заключаецца ў тым, кажа актывіст польскага руху з Горадні, журналіст Анджэй Пісальнік, што непадробную ўвагу шарагоўцаў да рэвалюцыйнага досьведу суседзяў насуперак сваёй мэце спляжыць “памаранчавыя”, “ружовыя” і да таго падобныя ідэі правакуюць менавіта ідэолягі вэртыкалі.

(Пісальнік: ) “Рэжым Лукашэнкі абвінаваціў польскую меншасьць у тым, што мы рыхтавалі і нібыта рыхтуем рэвалюцыю. Гэта абсалютная лухта. Але атрымалася менавіта так. Бо гэта па прынцыпу самарэалізаванага прароцтва. Рэалізуецца, што Лукашэнка, які раскруціў нагонку на палякаў, ён дамогся радыкалізацыі настрояў сярод палякаў. І гэта ніякі ня імпарт рэвалюцыі, гэта – народзіны нейкай будучай рэвалюцыі. Тое, што ён робіць са сваім народам, зь беларусамі, а цяпер таксама і з палякамі, вядзе да радыкалізацыі насельніцтва. І гэта ўрэшце прывядзе да рэвалюцыі на Беларусі. Але яна ня будзе імпартаваная. Гэта па прынцыпу спружыны, якую сьціскаюць, але яна рана ці позна мусіць выпрастацца”.

Думку пра тое, што экспарт, так бы мовіць, рэвалюцыі – варыянт для Беларусі непрымальны, падзяляе большасьць людзей, зь якімі давялося размаўляць падчас падрыхтоўкі гэтай перадачы. Іншая справа – выкарыстаньне рэвалюцыйнага досьведу ў краінах былога Савецкага Саюзу. Вось меркаваньне аднаго зь лідэраў дэмакратаў Гомельшчыны Марата Афанасьева

(Афанасьеў: ) “Рэгіянальны актыў вельмі адчувальны да ўсіх тых рухаў, да ўсіх тых рэвалюцый, якія адбываліся за нашым памежжам. Але да многіх пачынае даходзіць: наша рэвалюцыя мусіць рабіцца намі ж...”

Паводле ж дзяржаўных СМІ дэмакратычны выбух у Беларусі немагчымы: маўляў, тут зусім іншыя сацыяльна-эканамічныя ды й палітычныя ўмовы, чымсьці ва Ўкраіне, Грузіі, краінах Сярэдняй Азіі. Вось як камэнтуе гэта прафэсар, доктар сацыялёгіі Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “Дэмакратычнае жыцьцё калі й не кіпіць, але й ня цепліцца – усё ж разьвіваецца актыўна там, у глыбінцы. Гэта не хімэра – размовы пра тое, што трэба туды ехаць, падымаць, каго менавіта падымаць і гэтак далей... Ёсьць процьма людзей, якія маюць такія настроі праэўрапейскія, прадэмакратычныя, прарынкавыя”.

Рэгіянальная Беларусь – гэта тры чвэрці электарату краіны. У такой масе доля людзей з выразнай дэмакратычнай скіраванасьцю ня ўражвае колькасьцю. Да таго ж вэртыкаль усяляк спрабуе абмежаваць уплыў тамтэйшай апазыцыі на шарагоўцаў. Марат Афанасьеў працуе на адным зь лепшых беларускіх прадпрыемстваў – жлобінскім мэталюргічным камбінаце. Там сярэднямесячны заробак даходзіць да 700-800 даляраў. Ці прымірае людзей гэты ўзровень зь беларускімі рэаліямі? Спадар Афанасьеў адказвае: не, бо людзі нават з такім жыцьцёвым узроўнем ня бачаць для сябе дастойнай будучыні...

(Афанасьеў: ) “...Яны патэнцыяльна гатовыя шукаць нешта іншае. Адны – у замежжы: у нас ужо каля трохсот чалавек зьехалі ў Расею ці на Ўкраіну... А каму няма куды ехаць, тыя задумваюцца: што ж гэта за сыстэма, што ж гэта за краіна, калі яны – нармальныя спэцыялісты – ня маюць будучыні? Гэта выснова сацыёлягаў, якія праводзілі апытаньне сярод кіраўнікоў сярэдняга зьвяна у сталеплавільных цэхах нашага заводу. І гэтыя высновы ашаламілі ўсіх, у завадзкога ідэалягічнага кіраўніцтва быў сапраўдны шок...”

Такім чынам, пераменаў у рэгіёнах прагнуць ня толькі палітычныя апанэнты сёньняшняй улады. Але з кім менавіта зьвязвае глыбінка магчымасьць жыць у новай Беларусі? На каго яна арыентуецца: на захад, Расею, Амэрыку? Ад каго найперш чакаюць людзі палітычнай, маральнай, фінансавай падтрымкі? Леанід Невар – лідэр рэчыцкіх прадпрымальнікаў, кіраўнік мясцовай суполкі АГП:

(Невар: ) “Сытуацыю, якая склалася зараз у Беларусі, мы можам вырашыць толькі пры дапамозе Расеі. Расейскі фактар трэба ўлічваць перш за ўсё. Чаму? Таму што працэнтаў 70 насельніцтва непасрэдна дэ-юрэ і дэ-факта глядзіць на Расею больш, чымсьці на захад. Меншасьць, якая глядзіць на захад, калі меркаваць па Рэчыцы і па Гомельскай вобласьці, гэта блізу 10-15 працэнтаў”.

Беларускі ўсход трывала зьвязаны з расейцамі ня толькі геаграфічна. Рэчыцкія нафтавікі, жлобінскія мэталюргі, напрыклад, яшчэ за савецкім часам стажыраваліся на прадпрыемствах Уралу, Сібіры, Паволжа, маюць там сяброў і сваякоў... А на беларускія новабудоўлі прыехалі некалі дзясяткі тысяч расейцаў. Плюс сёньняшні магутны ўплыў маскоўскіх мэдыяў. Адсюль і спадзяваньні на перамены менавіта з дапамогай Расеі. На яе ставяць нават шмат якія моладзевыя лідэры. Разважае лідэр бабруйскай суполкі незарэгістраванага ў краіне “Маладога фронту” Валеры Мацкевіч:

(Мацкевіч: ) “Ёсьць сілы на ўсходзе, якія нас падтрымліваюць. Калі казаць пра Расею, то там канкрэтныя сілы дэмакратычныя. З партый -- СПС”.

У цэлым моладзь усё ж больш зьвязвае падтрымку пераменаў у Беларусі з захадам. Зьміцер Бародка – лідэр барысаўскай моладзевай ініцыятывы “Волат”. Сёлета ён у ліку некалькіх прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху браў удзел у сустрэчы зь дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райз.

(Бародка: ) “Што тычыцца Расеі, то я ня бачу, адкуль можа пайсьці гэтая падтрымка. Калі яна і будзе, то хутчэй за ўсё, як мне падаецца, на жаль, гэта будзе падтрымка, каб, скажам так, нейкім чынам, пакалоць дэмакратычныя сілы ў краіне”.

Але шмат хто з шарагоўцаў адначасова арыентуецца і на Маскву, і на Эўропу. Слова – Марату Афанасьеву:

(Афанасьеў: ) “Многія туды езьдзілі, бачылі, як там жывуць, іхныя дзеці выяжджалі туды на аздараўленьне, на знаёмства... І ў іх ужо адклаліся эўрапейскія каштоўнасьці, якія б яны хацелі бачыць тут, у Жлобіне... Вось гэта расейска-эўрапейская сумесь нараджае надзею, што людзі змогуць знайсьці сваю дарогу”.

Якую менавіта дапамогу ад замежжа чакаюць беларускія рэгіёны пры пошуку ўласнага шляху да пераменаў у краіне? Бабруйскі “маладафронтавец” Валеры Мацкевіч:

(Мацкевіч: ) “Формы дапамогі патрэбныя ўсе. Ад інфармацыі, ад перадачы канкрэтнага досьведу. Гэта і ўкраінскі досьвед, і польскі досьвед 80-х гадоў... Гэта і сэрбскі, і чэскі, і грузінскі досьвед. Гэта і дапамога ў пляне навучаньня распрацоўкі некаторых стратэгіяў і тактык. У прынцып, дапамога павінна быць і ў пляне можа нават чалавечых рэсурсаў. То бок прафэсіяналы, якія б навучалі людзей менавіта тут. І дапамагалі, і ўдзельнічалі ў працэсе”.

У рэгіёнаў ёсьць уласны досьвед супрацоўніцтва з замежнымі партнэрамі. І здаралася, што ён пакідаў далёка ня лепшыя ўражаньні. Валеры Мацкевіч працягвае:

(Мацкевіч: ) “Калі глядзець Захад, то там таксама ёсьць вельмі шмат нашых хаўрусьнікаў. Але і вельмі шмат праціўнікаў. І нават тыя, што прыкідваюцца хаўрусьнікамі, у іх ёсьць свае мэты”.

Барысавец Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Захад можа дапамагчы перш за ўсё палітычнай салідарнасьцю. Захад можа дапамагчы і матэрыяльна. Але каб гэтая дапамога была асэнсаванай і, насамрэч, палягала на тым, што сапраўды сёньня патрэбна Беларусі, беларускай дэмакратыі. Існуе шэраг праектаў, напрыклад, тэлебачаньня, нейкага радыё... Гэтыя праекты могуць выконвацца цягам многіх дзесяцігодзьдзяў. А падтрымка неабходная зараз. Бо мы зараз жывем і зараз змагаемся”.

Размаўляем з Маратам Афанасьевым:

(Карэспандэнт: ) “...Колькі людзей у Жлобіне карыстаюцца “талеркамі”, каб прымаць тыя праграмы, якія будуць трансьліравацца, умоўна кажучы, з тэрыторыі Польшчы, наагул замежжа, каб несьці інфармацыю?”

(Афанасьеў: ) “Большая частка жыльлёвага фонду Жлобіна зараз падключана да кабэльнага тэлебачаньня. Але менавіта вось гэтыя каналы – “Нямецкая хваля” ды іншыя, гледачы ня бачаць. А талерак у горадзе максымум паўтары-дзьве тысячы...”

(Карэспандэнт: ) “А ў горадзе пад сто тысяч?”

(Афанасьеў: ) “Семдзесят пяць тысяч”.

Адзін зь лідэраў барысаўскіх сацыял-дэмакратаў Анатоль Букас:

Букас: ) “У Барысаве талерак ня шмат. Мяне зьдзіўляе пазыцыя тых людзей, якія спрабуюць арганізаваць вяшчаньне праз талеркі. І радыё...”

А падсумаваць размову пра тое, з кім спраўджвае глыбінка надзеі на перамены, я папрасіў дэпутата Віцебскага гарадзкога савету Вольгу Карач. На грамадзкую супольнасьць Беларусі, лічыць Вольга, уплывае цэлы комплекс замежных і ўнутраных фактараў. І важна тое, што яны спрацоўваюць на жаданьне людзей жыць годна:

(Карач: ) “Шмат розных грамадзянаў, якія ніколі не былі ў партыях, нават ня ведаюць ніякіх кандыдатаў у прэзыдэнты, яны ня ведаюць нават слова такога – “дэмакратыя”... – яны змагаюцца за свае правы. І змагаюцца разам. Бо разумеюць: калі кожны будзе змагацца адзін, яго заўтра ня стане – немагчыма змагацца супраць сыстэмы аднаму. Патрэбна салідарнасьць!”