На 60-годзьдзе ААН у Філярмоніі прагучыць гімн ААН па-беларуску

Галіна Абакунчык, Менск 60 гадоў таму быў прыняты Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. З таго часу гэты дзень адзначаецца як Міжнародны дзень ААН. Беларусь — адна з краінаў-заснавальніцаў арганізацыі. З нагоды юбілею ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца сьвяточны канцэрт, у часе якога ўпершыню прагучыць гімн Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па-беларуску. Аўтарам перакладу тэксту гімну стаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.
Юбілейным сьвяткаваньням прысьвечаная выстава, якая адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы і распавядае пра дзейнасьць ААН у сьвеце. Тэлебачаньне Беларусі таксама распачало трансьляцыю беларускамоўных рэклямных відэаролікаў. Аднак галоўнай сьвяточнай падзеяй мусіць стаць прэзэнтацыя гімну Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, перакладзенага на беларускую мову, кажа кіраўнік дэпартамэнту прадстаўніцтва ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі.

(Радзівіноўскі: ) “Гэта сьвята ня толькі ААН, але і Беларусі. Гімн ужо ўключаны ў анталёгію беларускай паэзіі, і Рыгор Барадулін будзе прадстаўлены, у прыватнасьці, і перакладам тэксту гімну ААН. Гэтым мы падкрэсьліваем менавіта беларускасьць 60-годзьдзя ААН. Мы можам ганарыцца, што былі сярод 51 краіны, якія распрацоўвалі і падпісвалі Статут напачатку, у 1945 годзе”.

Цяпер у склад Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў уваходзіць 191 краіна сьвету, якія працуюць у праграмах супрацьстаяньня галечы, тэрарызму, гандлю зброяй і шэрагу іншых кірунках. Толькі ў Беларусі ААН мае прадстаўніцтвы 15 арганізацыяў. Сярод іншых гэта Міжнародная арганізацыя працы, Дзіцячы фонд, Усясьветны банк ды іншыя. Праца вядзецца таксама ў галіне адукацыйных, сацыяльных праграмаў, абароны правоў чалавека. Адпаведныя структуры ААН неаднойчы выступалі з асуджэньнем фактаў парушэньня правоў чалавека, прафсаюзаў і свабоды слова ў Беларусі. Вось як гэта камэнтуе кіраўнік міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Мы разглядаем гэта як, на жаль, непаразуменьне — і з боку кіраўніцтва ЗША, і з боку кіраўніцтва шэрагу эўрапейскіх краінаў тых пытаньняў, якімі жыве Беларусь. Ну, што ж, ня хочуць прыслухоўвацца да нас — гэта вельмі сумна”.

Асаблівым аб’ектам крытыкі з боку некаторых краін ААН сталася пасьля пачатку антытэрарыстычнай апэрацыі ЗША ў Іраку. Урады некаторых дзяржаваў выступілі з заявамі аб неабходнасьці рэфармаваньня арганізацыі. Вось як гэта камэнтуе колішні прадстаўнік Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “Тое, што яе крытыкуюць — гэта нармалёва. Як і ўсялякаму здароваму арганізму, патрэбна абнаўленьне, зьмены. Але тое, што гэта арганізацыя аўтарытэтная, што ад пачатку мы былі запрошаныя стаць побач з найаўтарытэтнейшымі краінамі сьвету, гэта і вялікі гонар і вялікая адказнасьць. Ну, а тое, што як мы паводзімся ў дыпляматыі й палітыцы, што гэта ня надта стасуецца з самымі дэмакратычнымі й прагрэсіўнымі традыцыямі, дык тут жа не Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў вінаватая. І трэба дарастаць да тых высокіх планак, якія ёсьць у дакумэнтах і лепшых рашэньнях ААН”.

* * * Ўістан Одэн

Пераклад Рыгора Барадулiна

Гімн ААН Струны, музыка, Разбудзі, Каб разам пець. Настрой распагодзяць Нашыя галасы, А не ў дзяльбе — Ў спаборніцтве вольным, Сьпеве супольным Знойдуць сябе. Ў поясе Гуку І тая Зямля сьвятая, Дзе ўсе братамі, Дзе ўсе з пашанай Слоў сьцерагуцца, Бо можам Словамі лгаць І назваць

Мірам вайну. Толькi ашуквае Подлая думка. А ў песьні сэнс. Хай музыка ўсім Мір растлумачыць. Мір — зьменаў знак. І гадзіньнік сусьветны Падтаквае Цік-так. Хай гісторыя Места людзкога зараз Натхнёна iдзе, Як музыка. Узьнiклы гук Гукае новы, Плынь падганяе, Каб мог адбыцца Наканаваны.

Час гаспадар, Дзе нават смутак — Радасьцi воблiк, Дзе лес — свабода, Спасланы дар.