Як беларусы жылі ў "саюзнай дзяржаве" з... Швэцыяй

Аляксей Знаткевіч, Прага 350 гадоў таму, 20 кастрычніка 1655 году, у Кейданах, на тэрыторыі цяперашняй Літвы, была падпісаная унія, якая аб’яднала ў фэдэратыўную дзяржаву Швэцыю і Вялікае Княства Літоўскае. Амаль на два гады Вялікае Княства выйшла з тагачаснай фэдэрацыі з Польшчай – Рэчы Паспалітай. З боку Вялікага Княства акт аб дзяржаўнай уніі падпісалі 1172 прадстаўнікі шляхты – болей, чым у тыя часы ўдзельнічала ў выбарах караля Рэчы Паспалітай. Наш карэспандэнт пагутарыў з гісторыкам Андрэем Катлярчуком, які рыхтуе да выданьня ў Швэцыі кнігу пра ўнію, што дагэтуль застаецца малавядомай старонкай у беларускай гісторыі.
Асноўнай прычынай уніі са Швэцыяй яе падпісанты назвалі няздольнасьць тагачаснага польскага караля Яна Казімера абараніць тэрыторыі Вялікага Княства ад маскоўскіх і казацкіх нападаў.

Ініцыятары новага саюзу тлумачылі, што паводле Статуту ВКЛ яны маюць права разарваць унію з Польшчай і злучыцца ў роўную, на іх думку, унію са Швэцыяй. Паводле Кейданскай дамовы, у склад Швэцыі юрыдычна цалкам ўвайшлі усе тэрыторыі Літвы і Беларусі.

Аднак частка беларускіх земляў была ў той час акупаваная Масковіяй і украінскай казацкай дзяржавай, таму фактычна да Швэцыі далучыліся толькі некаторыя тэрыторыі сучаснай Беларусі – Браслаўскі павет і Слуцкае Княства з гарадамі Слуцак і Капыль. Гаворыць гісторык Андрэй Катлярчук:

(Катлярчук: ) “Дзякуючы уніі Вялікае Княства ўратавалася, бо інакш бы яно зьнікла, як украінская казацкая дзяржава, ужо ў сярэдзіне 17-га стагодзьдзя. Рэха уніі было вельмі значным, яна зьмяніла ўвесь расклад сілаў на ўсходзе Балтыкі. Польскія гісторыкі адмоўна ставяцца да гэтай уніі – пішуць, што гэта здрада, што гэта нязначная падзея.

Гэта ня так. Бо вельмі хутка пераклады Кейданскіх дамоваў выйшлі друкам, і быў водгук у Амстэрдаме, у Парыжы, у Гамбургу, у Лёндане. Італьянскія газэты, напрыклад, пісалі: Разумеем, чаму ВКЛ злучылася з Швэцыяй, бо там, у адрозьненьне ад Польшчы, жыве процьма пратэстантаў – лютэранаў, кальвіністаў, арыянаў”.

Андрэй Катлярчук тлумачыць, што рэлігійны фактар адыграў значную ролю ў тагачасных падзеях. Галоўным ініцыятарам уніі з Швэцыяй быў кальвініст Януш Радзівіл ды іншыя пратэстанты. Хоць і яны й былі меншасьцю сярод шляхты Вялікага Княства, але меншасьцю ўплывовай і адукаванай у найлепшых унівэрсытэтах Галяндыі і Нямеччыны.

Да таго ж, сярод шляхты ВКЛ пратэстанты былі другой паводле колькасьці групай пасьля каталікоў. Паводле Кейданскай дамовы, каталіцкай, уніяцкай і праваслаўнай цэрквам гарантавалася свабода веравызнаньня.

(Катлярчук: ) “Была ідэя Радзівіла пабудаваць пратэстанцкую палітычную нацыю паміж праваслаўнай Масковіяй і каталіцкай Польшчай”.

Няўдачу ўніі Андрэй Катлярчук тлумачыць як унутранымі, гэтак і вонкавымі фактарамі. Унутры Вялікага Княства розныя групоўкі ў той час арыентаваліся на розныя замежныя дзяржавы – ад Масковіі да Трансыльваніі – і у гэтай барацьбе ўрэшце перамогу атрымала прапольская групоўка.

(Катлярчук: ) “Вонкавая прычына, як я лічу – гэта стратэгічная памылка швэдзкага кіраўніцтва, якое не канцэнтравалася на ВКЛ, а распачало сваю актыўнасьць адразу і ў Вялікім Княстве і ў Польшчы. Адна швэдзкая армія была ў Вялікім княстве, а другая – у Польшчы. Агулам швэды аддавалі перавагу сваім інтарэсам у Польшчы, хаця ў Польшчы яны ня мелі сацыяльнага апірышча. Таму яны прайгралі і там, і там”.

Андрэй Катлярчук тлумачыць, што з далучэньнем Вялікага Княства Швэцыя брала пад кантроль фактычна ўсё узьбярэжжа Балтыйскага мора, якое рабілася “унутраным возерам Швэцыі”. Аднак на ягоную думку, Кейданская унія была выгаднай і для Вялікага Княства.

(Катлярчук: ) “Па-першае, частка Беларусі не спазнала вайны. Па-другое, сама ідэя была зрабіць Беларусь часткай дынамічнай Швэдзкай імпэрыі. Мы ведаем, што, напрыклад, у гісторыі суседняй Латвіі, кароткі пэрыяд швэдзкага панаваньня, 1622-1704, вядомы як "добры швэдзкі час".

Швэдзкі ўрад правёў аграрную рэформу, якая палепшыла стан сялянаў, заснаваў унівэрсытэт, заклаў сыстэму народнай адукацыі, спрыяў разьвіцьцю латыскай літаратуры, надрукаваў Біблію на латыскай мове, праз выхаваньне настаўнікаў і пастараў стварыў першую ў гісторыі латыскую эліту. Як вынік, спынілася германізацыя латыскага этнасу, быў закладзены падмурак для посьпеху навачаснага нацыянальнага латыскага руху.

Беларусі ў той час не пашанцавала, бо Швэцыя прайграла тую вайну. Але калі б мары пратэстанцкай эліты зьдзейсьніліся, сёньня Беларусь па мэнтальнасьці, культуры народу і дабрабыту была б накшталт паўночнаэўрапейскіх пратэстанцкіх краінаў. Ва ўсялякім разе, пратэстанты Вялікага Княства зрабілі больш паважны ўнёсак у культуру Беларусі, чым гэта прызнаюць сучасныя беларускія гісторыкі”.

Гаварыў гісторык Андрэй Катлярчук, які рыхтуе да выданьня ў Швэцыі кнігу пра Кейданскую ўнію, што дагэтуль застаецца малавядомай старонкай у беларускай гісторыі.