Проста з моста

Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
За што абагомліваю беларускую фразэалёгію, дык гэта за пекны рыфмалягіён. Багата ў нас выразаў, упрыгожаных адметнай, сакаўной рыфмаю.

Вось чую аднойчы, ушчувае бабця дзяўчо, якой час на пасад сесьці: “Мая ўнука, падумай ты пра гэтага хлопца ды не сягай проста з моста. Нейкі ж ён ненастаяшчы”. Колькі глыбіні ў такой характарыстыцы чалавека – ненастаяшчы – тое асобная гаворка, фраза ж проста з моста – найцудоўнейшы ўзор дакладнае рыфмы.

Так, калі чалавек штось робіць не абдумаўшы, сьпешна, нечакана для іншых, мы можам адзначыць, што ён дзее проста з моста альбо – яшчэ – тарчма галавою, не сабраўшы розуму. Да прыкладу: “У цябе ўсё проста з моста, а клёку ў галаве й за грош ня маеш”, – сярдуе Марыля на свайго сына Данілку з “Раскіданага гнязда”. Альбо: “Адразу, проста з моста, ня прымесься за такую работу. Трэба адкінуць, як шалупіну, усе жыцьцёвыя будні – сон і яду” (гэтак рыхтуюцца героі Бядулевага апавяданьня выконваць новую, пачэсную замову).

Калі характарызуем учынкі якога максымаліста, што сьпяшаецца выказаць сваю праўду ўсяму сьвету, часта не дарэчы, таксама можам скарыстаць выраз проста з моста. “...Не разгледзеўшыся дакладна, хто які йдзе, кажаце проста з моста: панечка, меджду протчым!” – навучаў адзін хітрамудры купалаўскі герой, якога зь ягоным “меджду протчым” і называць ня трэба: такія й сёньня па вуліцах шнуруюць, не пераводзяцца.

Натуральна, гэтак можна й перасьцерагчы: проста з моста не сягай, не рабі, не кажы... Памятайма пра нашае проста з моста – не калькуйма расейскіх выразаў с бухты-барахты, рубить с плеча, сказать сгоряча... Проста з моста – гэтую простую й прывабную фразу дужа любілі клясыкі нашае літаратуры. Будзьма любіць і мы з вамі.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)