Першаадкрывальнікам беларускага МТV стаў дуэт “Аляксандра і Канстанцін”

Ігар Карней, Менск Сёньня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбылася першая акцыя музычнай рэдакцыі новага тэлеканалу “MTV Беларусь”. Своеасаблівая прэзэнтацыя беларускага аналягу ўсясьветна вядомага музычнага каналу ладзілася на вялікім экране, а сьведкамі яго нараджэньня сталі звычайныя мінакі. Менавіта яны першымі ўбачылі беларускую застаўку MTV і, самае галоўнае – новых і ўжо добра знаёмых артыстаў. На Кастрычніцкай плошчы сёньня быў і наш карэспандэнт.
Нешматлікім, а хутчэй, выпадковым гледачам былі прапанаваныя чатыры лепшыя, на думку творчай рэдакцыі беларускай “філіі” MTV, кліпы сучаснай беларускай музыкі. Каму будзе давераная роля беларускага “першаадкрывальніка” хавалася да апошняга – маўляў, каб захаваць пэўную інтрыгу. Аднак у 16.15 паводле менскага часу стала зразумела, каму выпала шчасьце стаць той візытоўкай, зь якой і надалей будзе асацыявацца вяшчаньне беларускага MTV. Гэта – дуэт з Барысаву “Аляксандра і Канстанцін”, які летась браў удзел у песенным конкурсе “Эўрабачаньне” у Стамбуле. Апроч іх, у ліку першых вышыню MTV гэтаксама скарыў наваполацкі гурт “Стокс”, а таксама маладыя каманды “Нэо” і “Сініца”. Пра ўражаньні запытваю ў падлеткаў, якія і ёсьць асноўнай аўдыторыяй MTV.

(Карэспандэнт: ) “Ці спадабалася вам музыка? Увогуле, тое, што было на экране?”.

(Дзяўчына: ) “Так, але вельмі мала было кліпаў”.

(Карэспандэнт: ) “А што яшчэ хацелі б пачуць?”.

(Дзяўчына: ) “N.R.M. Канкрэтна – “Тры чарапахі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваецца, на ваш погляд, эўрапейскі ўзровень у беларускіх выканаўцаў?”

(Дзяўчына: ) “Напэўна, так…”.

(Дзяўчына: ) “Але не вельмі…”.

(Карэспандэнт: ) “А што сёньня найбольш спадабалася?”.

(Дзяўчына: ) “Група “Сініца”, вельмі спадабалася…”.

(Карэспандэнт: ) “Беларускае MTV на якой мове павінна гучаць?”.

(Дзяўчына: ) “Па-беларуску, зразумела. Будзем галасаваць за сваё!”.

Першым часам “MTV Беларусь” будзе “прапісанае” на канале вяшчаньня расейскай вэрсіі гэтага каналу (яго абанэнты “Космас TV” прымаюць ужо некалькі месяцаў). Пакуль гэта будуць, збольшага, невялікія ўстаўкі ў “расейскую” вэрсыю, але паступова беларускі аналяг будзе “абрастаць” уласнымі праграмамі, са сваімі вядучымі і “ві-джэямі”. Тэлевізыйнай прэзэнтацыя музычнага каналу можна чакаць не пазьней за першую дэкаду лістапада. А паўнавартасна тэлеканал запрацуе да канца наступнага месяца.

Адметнасьцю ўсяго праекту, як кажуць ініцыятары прыходу MTV у Беларусь – беларускамоўнае вяшчаньне. Адрозна, прыкладам, ад ужо існуючага праекту – “Першага музычнага каналу”, які працоўнай мовай абраў расейскую. На гэтым, дарэчы, грунтуецца ўся канцэпцыя вяшчаньня MTV: як перадавы канал, беларускі MTV мусіць быць перадавым ва ўсім, пачынаючы з мовы.

Такім чынам, сёньня Беларусь стала 165-й краінай “рэгіянальнай асыміляцыі” MTV, а неўзабаве і беларуская мова зробіцца 19-й па ліку працоўнай мовай тэлеканалу.