Апытаньне: ці трэба ў Беларусі скасаваць сьмяротнае пакараньне?

Альгерд Невяроўскі, Менск Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе асуджаных караюць сьмерцю. Міжнародныя арганізацыі ўжо даўно патрабуюць ад беларускіх уладаў хаця б увесьці мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць сьмяротных пакараньняў у Беларусі з кожным годам зьмяншаецца. Прадстаўнікі ўладаў нават гавораць пра магчымае правядзеньне ў будучыні рэфэрэндуму ў гэтай справе. А як ставяцца да скасаваньня сьмяротнага пакараньня беларускія грамадзяне? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як на вашую думку, ці трэба ў Беларусі скасаваць сьмяротнае пакараньне?”

(Спадарыня: ) “Я думаю, што, відаць, трэба пакінуць усё так, як ёсьць цяпер”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што трэба скасаваць сьмяротнае пакараньне. Таму што кожны чалавек мусіць быць адказным за свае ўчынкі, а сьмяротнае пакараньне ня можа быць пакараньнем для чалавека. Кожны атрымае тое, што ён заслугоўвае цягам свайго жыцьця. Ніводзін чалавек ня можа падымаць руку на іншага чалавека. Бог даў нам жыцьцё, і Ён яго забярэ. І кожны атрымае тое, чаго заслугоўвае”.

(Спадар: ) “Не, ня трэба забараняць. Ёсьць учынкі, за якія трэба проста адсякаць галаву. Вось і ўсё”.

(Пэнсіянэр: ) “Не, таму што многа бандытаў. Прынамсі гэта пагроза, якая прымушае думаць чалавека. А так няма чаго думаць. Жыцьцё ўсім дарагое”.

(Хлопец: ) “Ня трэба. Бо ёсьць шмат розных учынкаў, за якія трэба караць вельмі жорстка”.

(Спадар: ) “На мой погляд, сьмяротнае пакараньне трэба адмяніць. Жыцьцё дадзенае Богам, і чалавек ня можа яго забіраць”.

(Хлопец: ) “Трэба скасаваць. Навошта гэтае пакараньне патрэбнае? Яно нікому не патрэбнае”.

(Хлопец: ) “Насамрэч гэта складанае пытаньне, бо вялікая цана памылкі. Я думаю, што трэба адмяніць, але разам з тым, ёсьць людзі, якія вартыя пакараньня. Але вызначыць, ці чалавек гэтага варты — вось гэта самае скаладанае”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я лічу, што не. Гэтыя людзі вартыя такога пакараньня. І што Бог зробіць, тое ім і дасьць”.

(Спадар: ) “Я, напрыклад, за сьмяротнае пакараньне. Бо чалавек, што зрабіў злачынства, павінен быць адпаведна пакараны”.

(Спадар: ) “Трэба адмяніць. Нікому гэта не патрэбна. Кожны чалавек мае права на жыцьцё. А за свае ўчынкі ён мусіць плаціць неяк інакш”.

(Спадар: ) “Думаю, што скасоўваць ня трэба. Павінен быць нейкі страх перад пакараньнем”.

(Дзяўчына: ) “Думаю трэба адмяніць. Бо забіваць людзей — гэта вельмі жорстка”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, пакуль ня трэба. Наш народ не дарос яшчэ да таго, каб скасоўваць сьмяротнае пакараньне”.