Ігар Бабкоў, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня слухачам “Свабоды” прадстаўляе Ігар Бабкоў — паэт, філёзаф, вандроўнік зь Менску.
Нядзеля, 2 кастрычніка
Вольга пазваніла зь лесу, па дарозе на лецішча.
Я таксама ў лесе, толькі іншым. Мой лес — горад, мне зь яго ня высьлізнуць, асабліва ўвосень. Дзеткі засталіся дома: Ганна і Багдана. Сёньня ім самім прыйдзецца даваць сабе рады.
Выбіраюся ў цэнтар паблукаць, без усялякай мэты. Па дзіўных сьцежках, у пошуках цёплых месцаў. Я магу думаць і пісаць толькі калі я іду гэткім чынам — у нікуды. Потым, за сталом, я толькі запісваю.
За дзесяцігодзьдзі ў мяне склаўся цэлы каталёг маршрутаў, улюбёных кавярняў, пунктаў прыпынку. У некаторых я бываю рэгулярна, у іншых рэдка. У некаторых увогуле толькі адзін раз. Так з акна тралейбуса я часта гляджу на кавярню на рагу Траецкага прадмесьця. Калісьці, у 1991, мы сядзелі тут з Максімюком, пілі каньяк, мроілі, узгаднялі пазыцыі, плянавалі. Ад таго часу я тут ня быў ані разу.
Як ты цяпер, Яне?! Мне так не хапае нашых дыскусій — менскіх, беластоцкіх, варшаўскіх, пазнаньскіх.
Усе разьляцеліся.
На прыпынку сустрэў Гуцава. Андрэй выцягнуў ліст Адамовіча, з Нарвэгіі. Побач зь вершам, які друкаваўся ў “Нашай Ніве”, другі, больш просты, больш кароткі і больш трагічны. Пра сьвежыя магілы, якія пачалі мроіцца паэту.
Зайшоў да Галі Дубянецкай па кнігу вершаў. Па тэлефоне яна амаль пагадзілася аддаць рукапіс для Галерэі Б., але ўжывую… Нават Ірына не дапамагла. Нарэшце вярнуўся дадому. У кватэры пах восеньскіх яблыкаў, яны ляжаць на кухні, ціхія, патаемныя героі сёньняшняга дня, а можа і ўсёй эпохі.
Панядзелак, 3 кастрычніка
Лекцыя ў 9.45. Гісторыя філязофскай думкі Беларусі. У філёзафаў, трэці курс. Яны пачынаюць разумець, што ўсё ня так проста. Што нават запомніць прозьвішчы і назвы трактатаў некалькіх дзясяткаў прафэсараў філязофіі Віленскай Езуіцкай Акадэміі — ужо праблема. А каб параўнаць лёгіку Марціна Сьміглецкага зь лёгікай Дабшэвіча, Нарбута альбо Анёла Доўгірда… Трэба гэтыя кнігі, як мінімум, прачытаць.
Пасьля лекцыі выбіраў, дзе папіць кавы — у “Акварыюме”, “Пярцоўцы” ці знайсьці што-небудзь іншае, больш далёкае і больш экзатычнае. “Акварыюм” зранку — пусты і крыху беспрытульны, найлепш у ім сядзіцца пасьля чатырох. “Пярцоўка” — дзіўная сумесь інтэлектуалаў, рокераў, бамжоў і студэнтаў Акадэміі музыкі. Тут можна замовіць падвойную і выйсьці на вуліцу. Божа, колькі тут прагаворана істотных рэчаў! З Тодарам Кашкурэвічам, зь Сяргеем Саньком, зь іншымі. Міхал Анемпадыстаў паказаў мне нядаўна цудоўнае месца. Але туды далёка ісьці. Выбраў усё ж такі “Пярцоўку”.
Увечары паглядзелі нарэшце на ДВД “Уяўляючы Аргентыну” з Бандэрасам і Эмай Томпсан. Страшна і трагічна. Заўсёды прадчуваў, што Буэнас-Айрэс — мой горад.
Аўторак, 4 кастрычніка
Візыт у рэдакцыю “Мастацтва”. Знаёмы будынак, знаёмыя твары. Калісьці на гэтым калідоры, у газэце “Культура”, працаваў Валянцін Акудовіч. Сюды мы зь Міхасём Баярыным прынесьлі яму падарунак — вялікі расейска-кітайскі слоўнік нейкіх там ідыёмаў. Валянцін быў проста шчасьлівы.
Божа, як проста было быць шчасьлівым у тую эпоху!
Увечары пілі піва зь Міколам Кацуком, і гэта была самая сутнасная падзея дня. Мікола — геній беларускай сацыялёгіі, але самае важнае што ён зрабіў, — насыціў мэтафізычным зьместам беларускае слова “захопленасьць”. Так істотна ў жыцьці: захапляць, захапляцца і быць захопленым.
Уначы перагледзеў “Легенды Рыты” — пра левых тэрарыстаў у Нямеччыне й іх трагічны фінал. Я ўсё ж такі на баку тых, хто супраць.
Серада, 5 кастрычніка
Пазваніў Томаш Стружыньскі з Уроцлава. Былы шэф Польскага інстытуту ў Парыжы. Там мы калісьці й пазнаёміліся. Я два тыдні жыў у яго ў інстытуце, перш чым перабраўся на беларускую кватэрку на вуліцы Гравэраў. Мушу быць на літаратурным фэстывалі ва Ўроцлаве, выступаць на маратоне апавяданьня з чытаньнем сваіх тэкстаў. Па-беларуску. У гэты час на вялікім экране будзе высьвечвацца польскі пераклад. Кася Катыньска пераклала для фестываля “Kindberg” і зьбіраецца перакласьці “За фіранкамі”. Дзіўна — я распачаў пісаць “Kindberg” якраз у Парыжы, у пакойчыку Польскага інстытуту, а потым у кватэрцы на вуліцы Гравэраў. І цяпер польскі пераклад вяртаецца назад да Томаша ва Ўроцлаў.
Баюся толькі, што там будуць патрабавацца ясныя адказы на некаторыя глупыя пытаньні. Кшталту — а што такое беларуская літаратура сёньня? Альбо — а хто вы такой, каб гаварыць і пісаць такія рэчы?
Падрыхтаваў некалькі маналёгаў пра сябе. Напрыклад, адна зь вэрсіяў.
“Што такое маё Я — я ня ведаю. Але той вобраз мяне, супраць функцыянаваньня якога ў сыстэме культуры я б не асабліва пратэставаў — гэта левы будыст з глыбокай цікавасьцю да Лі Бо, Чарана, Гайдэгера ды Тавяньскага. Адразу папярэджваю: за гэтым вобразам, які сабраны з розных фрагмэнтаў, не знаходзіцца аніякай ідэнтычнасьці”. Выглядае поўным трызьненьнем. Але пры гэтым усё праўдзіва.
Пасьля абеду — падарожжа ў бібліятэку. У Нацыянальнай адбываецца невядома што, прыйшлося пераарыентавацца на Акадэмічную. Тут, у залі рэдкіх кніг і рукапісаў, мяне чакае Анджэй Тавяньскі, — мысьляр, містык, спакушальнік Міцкевіча.
Чацьвер, 6 кастрычніка
Лекцыя ў 8.15. Калі зьбіралі пажаданьні, я прасіў: стаўце, калі хочаце, але напрамілы бог ня з самага ранку, бо я прачынаюся не раней за дзявятую. Не, я магу прачнуцца і а шостай, толькі інтэлектуальную форму набываю пасьля дзевяці. Што ж, атрымаў першую пару. Дзякуй, Іра, нашая цудоўная сакратарка факультэту філязофіі і сацыяльных навук. Як мы цябе любім! А ўвечары будзе яшчэ дзьве пары ў гісторыкаў, ад 17. 30 да паловы на дзявятую, пачатак новага курсу па гісторыі заходняй думкі. Можна сьмела выкрэсьліваць чацьвер зь ліста ўлюбёных дзён тыдня.
Пасьля лекцыі кансультацыя са студэнтамі. Пад дзьвярыма катэдры, бо катэдральныя сакратаркі не прыходзяць так рана.
Калі ў раскладзе насупраць майго прозьвішча паставілі “дацэнта”, я доўга і незразумела ні для каго з катэдральных сьмяяўся. Што ж, яны не чытаюць Югасю Каляду. Пасьля яе кнігі ніводны беларускі дацэнт ня можа сабе дазволіць спаць спакойна. Трэба хутчэй станавіцца прафэсарам. Альбо ўсё кідаць ды сыходзіць у вялікае паэтычнае падарожжа.
Пятніца, 7 кастрычніка
Ад самага ранку — кампутар, на якім шалёна спрабую ўзнавіць гэты тыдзень, выкрасьліўшы неістотнае. Вядома, не пасьпяваю.
Потым, спазьняючыся, еду маршруткай, якая, дзякаваць Богу, ідзе дакладна і наўпрост да гадзіньнікавага заводу, прахадная, Валянціна Аксак, студыя — і нарэшце я, што агучваю тут гэтыя апошнія словы дзёньніка, супадаючы нарэшце — у часе — з самім сабой.