У Польшчы Туск і Качыньскі выйшлі ў другі тур

ВАРШАВА. У Польшчы абвешчаныя папярэднія вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле апытаньняў на выхадах з выбарчых участкаў, у другі тур выйшлі лідэр лібэральнай партыі “Грамадзянская плятформа” Дональд Туск – за яго прагаласавалі 38% палякаў, і мэр Варшавы, кандыдат ад правацэнтрысцкай партыі “Закон і справядлівасьць” Лех Качыньскі, якога падтрымалі 33% выбаршчыкаў.

Сярод астатніх 10 кандыдатаў, толькі лідэр партыі “Самаабарона” Анджэй Лепэр змог атрымаць больш за 10% галасоў.

Такім чынам у першым туры выбары не выйграў ніводзін з кандыдатаў – паўторнае галасаваньне праз два тыдні.

Паводле папярэдніх падлікаў, сёньня на выбарчыя ўчасткі прыйшоў дакладна кожны другі паляк, які мае права голасу.