Ігар Карней, Менск Супрацоўнік літаратурнага музэю Якуба Коласа Мікола Жыгоцкі, які апошнім часам “спэцыялізуецца” на напісаньні кнігаў пра Аляксандра Лукашэнку, лічыць, што Міністэрства інфармацыі неабгрунтавана марудзіць узгадненьне чарговай кнігі з “прэзыдэнцкай” сэрыі пад назвай “Жыцьцё для народа”.
У канцы 1990-х Мікола Жыгоцкі ўжо выдаў аналягічны твор, які ўхваліў асабіста Аляксандар Лукашэнка, пра што сьведчыць і адпаведны надпіс галоўнага героя дакумэнтальнага аповеду на сыгнальным экзэмпляры. Сам спадар Жыгоцкі лічыць, што міністэрскіх чыноўнікаў палохае сфэра, у якую ён у сваіх дасьледаваньнях “уклініўся”. Каб “ачалавечыць” галоўнага героя, аўтар сустрэўся са сваякамі, жонкай, сябрамі Лукашэнкі, і цяпер зьбіраецца расказаць пра ўражаньні ад сустрэч на старонках ілюстраванага выданьня. Канчатковы адказ з Міністэрства інфармацыі спадар Жыгоцкі мусіў атрымаць яшчэ 20 верасьня, аднак ніякіх зрухаў у падрыхтоўцы кнігі няма дагэтуль. У выдавецтве “Мастацкая літаратура”, дзе мусіць быць разьмешчаная дзяржаўная замова на кнігу, ад камэнтароў гэтаксама устрымліваюцца. Па маральную дапамогу аўтар зьбіраецца ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, дзе гэты твор ужо ўхвалілі.