36 млн. чалавек памруць з-за нізкай якасьці жыцьця

ААН. Паводле сьвежага дакладу Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, 338 млн. чалавек памруць за бліжэйшыя дзесяць гадоў ад незаразных хваробаў кшталту сардэчных завалаў, раку й дыябэту. Прытым САЗ зазначае, што простая прафіляктыка магла б зьменшыць колькасьць сьмерцяў на 2%, захаваўшы амаль 36 млн. жыцьцяў. Прыкладна 80% заўчасных сьмерцяў ад памянёных хваробаў удалося б пазьбегчы, каб не дрэннае харчаваньне, гіпадынамія й паленьне. Падлікі САЗ сьведчаць, што Расея страціць 253 млрд. даляраў з-за сьмерці мільёнаў расейцаў ад раку, сардэчных хваробаў і дыябэту цягам 10 гадоў, Кітай – 558 млрд. і Індыя – 236 млрд. Больш багатыя краіны даказалі, што здаравейшы лад жыцьця і мэдычная прафіляктыка зьменшыла колькасьць сьмерцяў ад гэтых хваробаў ажно на 70% за 30 год. Гэта датычыць Аўстраліі, Брытаніі, ЗША й Канады.