Суд над Сяргеем Скрабцом пачнецца празь месяц (абноўлены)

Уладзімер Глод, Менск Так мяркуе Алег Дубавец — адвакат вядомага апазыцыйнага палітыка, былога кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў. Разглядаць справу Скрабца будуць у судзе Цэнтральнага раёну Менску. Менавіта тут ужо вывучалася скарга экс-парлямэнтара, які прасіў зьмяніць яму меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд альбо хатні арышт. Тады, 1 ліпеня, суд адмовіў былому дэпутату.
Алег Дубавец паведаміў сёньня, што афіцыйна зьвяртаўся ў Рэспубліканскую пракуратуру з хадайніцтвам — спыніць крымінальны перасьлед свайго падабароннага. Адвакат, які, дарэчы, абараняў Галіну Жураўкову — былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта Беларусі -- лічыць, што Сяргей Скрабец не вінаваты:

(Дубавец: ) “Пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы я прыйшоў да высновы, што вінаватасьць Скрабца не знайшла пацьверджаньня ў прад’яўленых яму абвінавачаньнях у поўным аб’ёме”.

(Карэспандэнт: ) “І вашае хадайніцтва разглядалі?”

(Дубавец: ) “Так, яны мусяць гэта рабіць, пры азнаямленьні з матэрыяламі справы”.

Аднак хадайніцтва адваката пракуратура не задаволіла. Справу ўжо перадалі ў суд. Былы дэпутат абвінавачваецца ў трох парушэньнях закону — выманьваньні крэдытаў у дзяржавы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару.

Алег Дубавец пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што на мінулым тыдні Сяргея Скрабца вярнулі з турэмнага шпіталю ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Менску. Паводле адваката, у шпіталі былы дэпутат спыніў другую галадоўку, якая цягнулася амаль два тыдні:

(Дубавец: ) “Ён спыніў там галадоўку”.

Жонка Сяргея Скрабца Аляксандра скардзіцца на тое, што іх пазбавілі магчымасьці сустракацца. Хаця раней родным дазвалялі адну сустрэчу на месяц.

(Аляксандра Скрабец: ) “Сьледчы нам так і адмовіў у сустрэчы: маўляў, мы перададзім справу ў суд, і прасіце тады ў судзьдзі. У якога судзьдзі, калі, дзе? Гэта першае. А другое, нам ужо другі тыдзень не прыходзяць лісты ад Сяргея. Чаму, дзе яны губляюцца? Можа, у яго ўжо няма права на перапіску? Раней жа кожны дзень ліст прыходзіў — ня мне, дык дачцы ці сьвякрусе... Ён пісаў іх штодзень, рэгулярна. А цяпер ён гаворыць, што лісты піша, а іх няма”.

Сяргей Скрабец быў затрыманы 15 траўня. Першапачаткова яго ўтрымлівалі ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, дзе ён правёў на знак пратэсту супраць затрыманьня амаль 40-дзённую галадоўку. Пасьля былога дэпутата перавялі ў менскі сьледчы ізалятар часовага ўтрыманьня, так званую Валадарку.

У красавіку 2003 году супраць Сяргея Скрабца завялі першую справу — тады яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы ў той час, калі ён узначальваў гандлёвы дом “БелБабаеўскі”. Што тычыцца другой справы, дык тут сьледзтва лічыць, што былы дэпутат падбухторваў жыхара гораду Бярозы даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны Пінскага раёну Грыбу.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмову.