Сяргей Дубавец, Вільня Тры парадоксы “Клеменса” Пастаўлены 25 гадоў таму на сцэне Віцебскага тэатра “Клеменс” стаў спэктаклем-выбухам, настолькі сьмела ён апярэджваў свой час і абяцаў перамены.
(Дубавец: ) “Аднойчы, а было гэта напачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, перад менскім Домам афіцэраў сабраўся вялікі натоўп народу. Сьведкі леташняга ўкраінскага майдану, апыніся яны ў тым натоўпе, зараз бы пазналі тое адчуваньне душэўнага ўздыму і тую эўфарыю ўсеагульнага ды сьветлага яднаньня, якія панавалі падчас памаранчавае рэвалюцыі. І сапраўды тое, што адбылося ў менскім Доме афіцэраў, было рэвалюцыяй. 25 гадоў таму пасярод прыцемкаў брэжнеўскага застою Віцебскі тэатар імя Якуба Коласа паказваў “Клеменса” – спэктакль неверагодна аптымістычны, антысавецкі і беларускі. Шмат каму тады ўпершыню раскрыліся вочы, а ў сэрцы зьявілася вера, што ўвесь гэты застой – не назаўсёды.
Тэатар у Беларусі на тыя часы адыгрываў спэцыфічную, дапаможную ролю. Дапаможную – у разьвіцьці грамадзтва, а найперш -- у нацыянальным самастанаўленьні. Палітыка масквацэнтрызму прывяла да таго, што вяршыні тэатральнага мастацтва, паводле агульнага стэрэатыпу, знаходзіліся ў Маскве. Менавіта там, у мхатах, ленкомах і на таганках адбываліся сапраўдныя тэатральныя падзеі, прарывы ў эстэтыцы і ў выкрыцьці савецкае рэчаіснасьці. У гэтым сэнсе Менску, а тым больш Віцебску, адводзілася роля правінцыі, у адным шэрагу з Варонежам і Таганрогам. Але ў тым і была спэцыфіка беларускага дысыдэнцтва, што яно насіла ня столькі антысавецкі наогул, а менавіта беларускі нацыянальны характар. Калі расейскаму тэатру важна было выкрыць і пэўным эзопавым складам закляйміць тую апрыклую брэжнеўскую рэчаіснасьць, дык найвялікшыя прарывы тэатру беларускага зьместам сваім укладаліся ў два словы – любі сваё. Здавалася б, што тут такога крамольнага? Нібыта нічога. Таму, з аднаго боку, “Клеменс” адкрыта ішоў на менскай сцэне, а з другога, публіка выходзіла зь яго з тым самым настроем, што і ўкраінцы на леташні майдан.
Пра колішнія паказы “Клеменса” згадвае лідэр тагачаснай студэнцкай Майстроўні Вінцук Вячорка”.
(Вячорка: ) “Тое, што мы пачулі на спэктаклі, было рэччу рэвалюцыйнай і паваротнай. “І гэты час, і гэты лад не назаўсёды...” Вобраз культавага быка... Прычым не сказаць, каб гэта ўсё плякатна было. Сая не належыць да плякатных аўтараў. Гэта глыбокая філязофская вечная рэч, незалежна ад таго, у якім грамадзтве ты яе спасьцігаеш і ўспрымаеш. Але, я мяркую, і Разанаўскі пераклад, і рэжысэрскае прачытаньне і акторскае выкананьне і мастацкае афармленьне сцэны з гэтым божышчам-ідалішчам, якое ўсё вакол сабе падпарадкоўвае, гэта было чымсьці нечуваным на той час.
Я памятаю авацыі, хаця, шчыра кажучы, бальшыня коласаўскіх спэктакляў спатыкала тады такія авацыі менскае публікі. І мы сустракалі там у прынцыпе ўсю на той час нашу нацыянальна-культурную эліту. Менавіта на “Клеменсе”. Так што гэта было такім маўклівым пунктам збору ўсіх. Так як пазьней такім пунктам збору сталі “Тутэйшыя”, але ўжо ў купалаўцаў”.
(Дубавец: ) “П’еса літоўскага драматурга Казіса Саі ў перакладзе Алеся Разанава распавядала пра небагатую, але шчасьлівую сваімі песьнямі вёску, куды заморскія купцы прывозяць супэрбыка Клеменса, які нечувана паляпшае пароду кароваў і сялянскі быт ператвараецца ў сытае існаваньне на кісельным беразе малочнай рэчкі. Адна праблема – Клеменс не выносіць песень. І таму вёска заціхае ў сытым, але зусім бязрадасным і тупаватым існаваньні. Пакуль не знаходзіцца вясковы музыка Скалнас, які грае на піле і пратэстуе супраць усеагульнага аняменьня...
Казка літоўскага пісьменьніка быццам бы ніякім чынам не чапляла нашу канкрэтную беларускую рэчаіснасьць. Між тым, кожная песьня і кожнае слова літаральна бралі за жывое. У гэтым была заслуга рэжысэра Валерыя Масьлюка і перастваральніка п’есы паэта Алеся Разанава”.
(Разанаў: ) “Пачатак... Дамовіліся з Валерыем Масьлюком і я пачаў перакладаць “Клеменса” зь літоўскай на беларускую. І больш таго, перакладаў у нашу тагачасную атмасфэру. Асобныя мясьціны, пункты, пасажы завастраліся, актуалізоўваліся і нават разьвіваліся. Ну, а вершы ці песьні, якія там гучаць, яны з самага пачатку пісаліся па-свойму. У самой п’есе такіх вершаваных тэкстаў няма. Ну, гэта быў ужо заказ Масьлюка, ён хацеў, каб прагучалі не пераклады, а сапраўдныя творы, і каб песьні краналі залю. Я быў, прысутнічаў, і водгук і ад спэктакля, і ад песьняў знаходзіў мяне нават ня толькі ў залі, але і потым”.
(Дубавец: ) “Вінцук Вячорка згадвае, што найперш прыцягнула да “Клеменса” яго і ягоных сяброў імя перакладчыка п’есы -- Алеся Разанава”.
(Вячорка: ) “Мы ў прынцыпе сачылі за тэатральным рэпэртуарам, але першым імпульсам зацікавіцца “Клеменсам”, здаецца, было тое, што Казіса Саю пераклаў Разанаў. А Разанаў для нас быў неаспрэчным аўтарытэтам, увасабленьнем сапраўднай беларускай філязофскай глыбіні, культавым паэтам. І другі момант – Кандрусевіч. Асабіста я, як чалавек, які цікавіўся пачаткамі новае беларускае музыкі – рок-музыкі, джазу, натуральна, ведаў Кандрусевіча, які стаяў блізка каля сузор’еўцаў і меў уласныя рок-гурты і таму гэта было другое магнітнае імя”.
(Дубавец: ) “Можна сабе ўявіць, у якой энэргетычнай і эўфарычнай атмасфэры ствараўся гэты спэктакль, калі пасьля ягоны зарад аб’ядноўваў людзей, а для многіх рабіўся момантам ісьціны. Згадвае кампазытар Уладзімер Кандрусевіч”.
(Кандрусевіч: ) “Па тых часах гэта быў фактычна мой першы спэктакль – “Клеменс”. Мы з Валерыем Масьлюком неяк сустрэліся і потым наша сяброўства працягвалася ўсё жыцьцё. Гэта было незвычайна для мяне, таму што я ўпершыню запрасіў туды ансамбаль “Сузор’е” і гэтыя хлопцы неяк так прасякнуліся музыкай і ўвогуле матэрыялам незвычайным па тых часах, бо ён быў неадназначным, а там былі ўсякія, як казаў адзін чалавек, тэкст Пушкіна, а падтэкст мой, дык вось у п’есе Казіса Саі была такая самая шматузроўневая асацыяцыя. І вось тое, што мы ўсе неяк разам супалі – музыкі, рэжысэр малады, кампазытар таксама ўпершыню – усё гэта было проста здорава. І неяк усё гэта рабілася на адным дыханьні”.
(Дубавец: ) “Сіла Разанаўскага перастварэньня “Клеменса” была найперш у парадоксе паміж абяцаньнем перамен і беспрасьвецьцем, у якім тое абяцаньне гучала. Але паэт глядзеў на гэты парадокс па-філязофску”.
(Разанаў: ) “Ну, прасьвет быў. Тым больш, што чалавек – гэта сапраўды загадкавая зьява, якая ніколі канчаткова ў свой час і ў свой лад не зьмяшчаецца. Яна заўсёды яшчэ – будучыня. Ну, і сам твор, гэтая п’еса як бы давала магчымасьць і я карыстаўся гэтай магчымасьцю. Калі б я напісаў ад сябе гэтыя словы, яны нідзе не пайшлі, нідзе б не друкаваліся. А так вось – спосаб такой літаратурнай кантрабанды – гэтыя словы ўключаюцца ў нейчы тэкст і гучаць як нейчы тэкст.
Кожны сапраўдны твор мае пэўныя парамэтры: хто, што і таксама – куды. Гэта тая рэчаіснасьць, куды твор адрасоўваецца і дзе ён знаходзіць свой водгук. У тагачаснай беларускай рэчаіснасьці быў патэнцыял, своеасаблівы патэнцыял, які пачаў ужо акрэсьлівацца і разгортваца. І ў першую чаргу гэтаму патэнцыялу скіроўваўся і мой пераклад і ў цэлым пастаноўка “Клеменса”.
Патэнцыял – гэта скарб народа, нацыі. І калі ўжо шукаць, вакол чаго можа аб’яднацца народ, дык вось якраз вакол патэнцыялу. Не вакол ідэі, якой бы вялікай яна ні была, ну, накшталт Вялікага Княства. Не вакол падзеі, таксама якой бы вялікай яна ні была, накшталт Вялікай айчыннай вайны. Але вакол гэтай жывой, плённай, моцнай зьявы, вакол гэтай сілы, вакол патэнцыялу. І сама гэтая сіла, яна ўжо нясе ў сабе сьцьвярджальны, аб’яднальны пачатак. Патэнцыял тады быў вельмі моцны, ён адчуваўся. На жаль, за гэтыя гады ён і не да канца рэалізаваўся, і змарнаваўся дастаткова таксама. Патэнцыял – гэта будучыня. Тое, ува што падзея, рэчаіснасьць можа разьвівацца. Ён тады быў мацнейшы, чым цяпер. Маё адчуваньне”.
(Дубавец: ) “Насамрэч, тая эўфарыя, той уздым пасьля паказаў “Клеменса” ніяк ня можа параўнацца зь сёньняшнім настроем чаканьня невядома чаго, а часам і апатыі. Між тым, тлумачыцца гэта эфэктам прэм’еры, калі тэатральную тэрміналёгію пераносіць на грамадзкае жыцьцё. Сьведамыя беларусы ў такой колькасьці ўпершыню сабраліся разам і пабачылі, што іх зусім нямала, а галоўнае – што яны не адзіночкі, якія ў стане апатыі чакаюць невядома чаго.
У выканаўца галоўнае ролі актора Пятра Ламана сваё тлумачэньне той грамадзкай атмасфэры. Ягоныя прыгадкі пераказвае Зьміцер Бартосік”.
(Бартосік: ) “Актор Пётра Ламан, выканаўца галоўнай ролі ў спэктаклі “Клеменс”, у свой час распавядаў мне, як такое было магчыма за Брэжневым. Трэба, казаў ён, зразумець адну простую штуку. Калі неяк я, будучы на гастролях ва Ўкраіне, прачытаў Караткевічавага “Паўлюка Багрыма” львоўскаму тэлерэдактару, той вылупіў на мяне вочы і спытаў: “У вас такое друкуюць?” Там ідэалягічны ціск быў намнога страшнейшы, чым у Беларусі. Бо ў нас ужо самасьвядомсьць нацыі была амаль спляжаная. А там яшчэ была жывая. І ціснулі больш. У нас такога ціску не было. Праблемы з галоўлітам можна было вырашыць напрасткі праз Машэрава. І п’еса Саі “Клеменс” сама па сабе ніякай ідэалягічнай нагрузкі не нясе. Яна вельмі сьмешная. Гэта камэдыя чыстай вады. І калі рэжысэр прачытаў, уся трупа ўспрыняла яе на ўра. Тым больш, у перакладзе Алеся Разанава яна вельмі смачна гучала. Іншая справа, што рэжысэр Валеры Масьлюк расставіў акцэнты такім чынам, што яна набыла грамадзкае гучаньне. П’еса адлюстравала тыя глыбінныя працэсы, што адбываліся ў Беларусі. І тэкст быў Масьлюком прачытаны так, што адбылося ўскрыцьцё іншага пляну. Калі мы прыехалі на гастролі ў Коўна, за кулісы прыйшоў аўтар -- Казіс Сая і сказаў – выдатны спэктакаль, але я пра гэта не пісаў.
Але самае галоўнае, што ў гэтым спэктаклі кожны знаходзіў сваё. Інтэлектуал – масу нагодаў парэфлексаваць і падумаць, просты чалавек – сваю немалую порцыю радасных эмоцыяў, нацыяналіст жа атрымліваў велізарны зарад і доказ таго, што нічога яшчэ ня скончана. Усё толькі пачынаецца”.
(Дубавец: ) “Пятро Ламан прыгадвае, што ва Ўкраіне тады была большая нацыянальная самасьвядомасьць і адпаведна большы ціск савецкай цэнзуры. А таму “Клеменса” там паставіць не дазволілі б. Дарэчы, падобная сытуацыя была і на радзіме “Клеменса” – у Літве. Прыгадвае аўтар п’есы Казіс Сая”.
(Сая: ) “У Літве каля 20 маіх п''есаў пастаўленыя. Іх было нялёгка прабіць. Ну, калі сьмелы быў рэжысэр -- ставіў, некаторыя пасьля забаранялі. Усяго 8 былі забароненыя, ужо пастаўленыя былі – і забаранілі. Некаторыя былі досыць скандальныя. Такія, як “Паляваньне на мамантаў”, “Сьвентарог” ішлі больш за 30 гадоў. “Клеменс” – ён у нас завецца “Девяць бедаў” -- было якіх 200 спэктакляў у Панявежы, зь вялікім посьпехам”.
(Дубавец: ) “Яшчэ адзін беларускі парадокс – дзеля таго, што мы былі слабейшыя нацыянальна, мы мелі большыя цэнзурныя паблажкі ў параўнаньні з суседнімі народамі. Аднак мінула чвэрць стагодзьдзя і што зьмянілася ў такіх параўнаньнях. Ці магыма ўявіць сабе “Клеменса” сёньня і ці меў бы ён такі самы ашаламляльны посьпех?”
(Вячорка: ) “У цяперашняй Беларусі пайшоў бы за мілую душу. Яшчэ ня факт, ці яго цяперашняя цэнзура прапусьціць, будзь хто-небудзь захоча яго паставіць наноў. І цяпер, я думаю, мы знайшлі б іншыя дадатковыя мэтафары. Хаця, на вялікі жаль, тут трэба прызнаць неўнікнёнае, калі мы размаўляем, толькі што пабачыўшы на вуліцы чародку дзяцей і дарослых настаўніц у чырвона-зялёных гальштуках, то, безумоўна, машына часу зрабіла са скрогатам разварот назад. А значыць, многія мэтафары будуць чытацца ідэнтычна.
Так, тады не было відэа, і тое, што засталося, засталося ў нашай душы. Агульнае візуальнае ўражаньне ў мяне – гэта менавіта ліпка-залаты цэнтар сцэнаграфічнай кампазыцыі – бык, якому ўсім належала пакланяцца – адначасова і жудасны ў сваёй татальнасьці, і парадыйны”.
(Дубавец: ) “Мэтафара быка, які залез на трон і забясьпечвае ўсіх бязьбедным існаваньнем узамен за іхнае маўчаньне, сёньня выглядае яшчэ больш просталінейна. Тады, напачатку 80-х, адзін асобна ўзяты Клеменс асацыяваўся не з канкрэтным кіраўніком, а з усёй машынай ЦК КПСС ці нават з усёй ідэалёгіяй камунізму. А пакажы такі спэктакаль у сёньняшняй Беларусі, асацыяцыі былі б адназначныя – як замах на гонар і годнасьць прэзыдэнта. Клеменс будзе асацыявацца толькі з Лукашэнкам. І нічога тут ня зробіш, не дакажаш, што п’еса літоўская і што напісаная яна ў пазамінулую эпоху. Асацыяцыя просіцца сама. Нездарма адразу пасьля абраньня Лукашэнкі ў прэзыдэнты зьявілася сатырычная аповесьць Алеся Наварыча “Прыгоды Рабунькі”, дзе апавядалася пра калгасную карову, якая захацела стаць прэзыдэнтам. Таму пры ўсім жаданьні не пакрыўдзіць Лукашэнку, кожная такая мэтафара ўспрымаецца як наўпроставы намёк.
Такі наш трэці беларускі парадокс. Тое, што сёньня “Клеменс” немагчымы дзеля гэткіх намёкаў, нам застаецца ўспрымаць як факт станоўчы. Гэта значыць, што ў сваім нацыянальным самаўсьведамленьні мы прынамсі дасягнулі таго ўзроўню, які ў суседніх Літве і Ўкраіне быў 25 гадоў назад”.
(Разанаў: ) “Ну колькі гадоў мінула з таго часу? Чвэрць стагодзьдзя. І тыя словы, якія гучаць у гэтай песьні, -- “І гэты час, і гэты лад не назаўсёды”, -- яны актуальныя былі і тады, і актуальныя цяпер. Але гэтыя словы цяпер мусяць прамаўляць іншыя вусны.
“Перавернецца прастора, заўтра стрэнецца з учора, гусі вернуцца ізноў”. Ну так, час ужо за гэтыя чвэрць стагодзьдзя абмаляваў свой круг і як бы вярнуўся да пачатку. Гусі вернуцца ізноў, будзем спадзявацца”.