“Якія б рашэньні ні прымаў кангрэс, усё будзе вырашацца ў 2006 годзе на Кастрычніцкай плошчы”

Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
Як зьменяцца ўзаемадачыненьні ўлады і апазыцыі пасьля Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які ў гэтыя выходныя адбыўся ў Менску? Ці здолеюць лідэры дэмакратычнага руху захаваць адзінства, улічыць памылкі мінулага і пазьбегнуць тых няўдачаў, што напаткалі іх у 2001 годзе? На гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуюць адказаць у сваіх лістах слухачы “Свабоды”. Аўтар аднаго зь лістоў на гэтую тэму — Віктар Чабановіч з Докшыцаў. Слухач піша:

“Адной рукой улада літасьціва дазволіла правесьці ў Менску кангрэс, а ў другую ўзяла даўбешку ды ўдарыла па “Народнай Волі”, каб людзі не даведаліся пра гэты кангрэс ніякіх праўдзівых навінаў. Гэтак будзе і надалей. Усе мы памятаем 2001 год. Наперадзе нас чакае тое ж самае: закрыцьцё незалежных газэтаў, разгоны антыўрадавых дэманстрацыяў, перасьлед дэмакратычных кандыдатаў… І я вельмі сумняюся, што апазыцыі дапамогуць кангрэсы ды зьезды. Супраць сілы патрэбная такая ж магутная сіла — адзіная, згуртаваная і хітрая. А ўся гэтая грызьня паміж апазыцыйнымі палітыкамі за тое, каго абяруць адзіным — гэта дзяльба скуры незабітага мядзьведзя. Ня будзе з гэтага ніякага толку”.

Але ж кангрэс дзеля таго і праводзіўся, спадар Чабановіч, каб апазыцыя дасягнула адзінства, стала больш згуртаванай, выпрацавала ўзгодненую стратэгію дзеяньняў. Якім яшчэ спосабам, калі не з дапамогай адкрытай дыскусіі, публічных спрэчак і справядлівага галасаваньня, можна дасягнуць гэтай мэты?

На тэму кангрэсу коратка выказваецца і іншы наш слухач Алесь Вадап’янаў з Баранавічаў:

“Якімі б ні былі рашэньні кангрэсу, усё ўрэшце будзе вырашацца ў 2006 годзе на Кастрычніцкай плошчы. І нешта я дужа сумняюся, што туды прыйдуць людзі. Усе баяцца. Ды і сярод апазыцыйных палітыкаў адважных ня дужа шмат”.

Але бываюць сытуацыі, спадар Вадап’янаў, калі грамадзянскія пачуцьці людзей, імкненьне да зьменаў і прага справядлівасьці перамагаюць страх. Да лета 2006 году яшчэ надта шмат часу, каб рабіць нейкія катэгарычныя высновы і сьцьвярджаць, што ўсё паўторыцца дакладна гэтак жа, як і ў 2001 годзе. Сяргей Літвіч зь Менску паведамляе, што ўзяўся за ліст на “Свабоду”, каб распавесьці пра сваю ідэю флэш-мобу, над якой ён ужо доўгі час думае. Слухач піша:

“12 кастрычніка на стадыёне “Дынама” будуць сустракацца футбольныя зборныя Беларусі ды Нарвэгіі. Зь бел-чырвона-белым сьцягам туды ня пройдзеш. Да белага ды чырвонага адзеньня ў міліцыянтаў таксама ўжо ўзьнікалі пытаньні. А вось калі выкарыстаць паветраныя шарыкі… Не палічыце мяне за дзівака, але мне здаецца, што бел-чырвона-белы стадыён на экранах усёй Беларусі і амаль што ўсёй Эўропы — гэта варта таго, каб паспрабаваць. Сорак (ну, няхай ня сорак, а хоць бы дваццаць) тысяч бел-чырвона-белых беларусаў, аб’яднаных адной мэтай… Можа, гэта адкладзецца ў галовах людзей, пераканае іх, што аб’яднацца рэальна і дзеля іншых мэтаў”.

Далей у сваім лісьце Сяргей Літвіч падрабязна выкладае тэхналёгію таго, якім чынам, на ягоную думку, можна ажыцьцявіць задуманае, але просіць пакуль што трымаць яе ў сакрэце. Заканчвае Сяргей свой допіс наступнай заўвагай:

“Ня пішу адрасу, бо па цяперашнім часе мой ліст — вялікая крамола. Але мне будзе прыемна, калі скажаце ў эфіры, што таксама атрымалі цікавы ліст ад Сяргея Літвіча”.

Нічога крамольнага ў вашым, Сяргей, лісьце няма. Якія б указы і пастановы дзеля забароны нацыянальнай сымболікі ні выдаваліся, як бы жорстка ні вырвалі міліцыянты з рук людзей бел-чырвона-белыя сьцягі, гэтыя два колеры ўсё роўна застануцца сымбалем Беларусі. І справа ня толькі ў тым, што гэтыя сьцяг і герб былі дзяржаўнымі, што менавіта пад імі Беларусь стала незалежнай у 1991 годзе. Гэтыя колеры замацаваныя ў сьвядомасьці беларусаў стагодзьдзямі — фантазіяй і рукамі тых мільёнаў безыменных майстроў і майстрых, якія ткалі посьцілкі, вышывалі рушнікі і кашулі, аздаблялі сваё жытло. І ніякім указам гэта не адменіш і не забароніш. Немінуча настане момант, калі гістарычныя сымбалі вернуцца.

Электронны ліст ад Яўгена Лосіка зь Менску. Слухач уступае ў дыскусію з тымі, хто лічыць, што спачатку трэба дамагчыся ў Беларусі дэмакратыі, а мова — гэта другаснае:

“Па-першае, ня будзе мовы — не патрэбна будзе й дэмакратыя. А па-другое, у кнізе “Быкаў на Свабодзе” прыводзіцца інтэрвію, у якім яшчэ ў 1993 годзе Васіль Быкаў сказаў: “Без забесьпячэньня правоў нацыі немагчыма забясьпечыць правы асобнага чалавека”. Іншае пытаньне — якой нацыяй лічыць сябе народ, што жыве ў гэтай дзяржаве, і якія сымбалі ўважае за сымбалі нацыі. Беларуская нацыя раздробленая афіцыйнай прапагандай”.

Далей у сваім лісьце Яўген Лосік разважае наконт праблемы замежнага радыёвяшчаньня на Беларусь. Яшчэ адна цытата з допісу слухача:

“Думаю, лепей было б наладзіць не радыё-, а тэлевяшчаньне, да прыкладу, беларускамоўны тэлеканал “Эўраньюс”. Бо трэба дбаць пра мову. Ды й кабэльную тэлевізію, напэўна, мае большы адсотак насельніцтва, чымсьці кароткахвалевыя прымачы. Зрэшты, адсотак мо й большы, але кантынгент іншы. Калі Эўразьвяз ды ЗША так ужо дбаюць пра дэмакратыю ў Беларусі, дык няхай аб’яднаюць свае намаганьні, не шкадуюць грошай і паглыбяцца ў беларускую праблему. Альбо хай больш уважліва слухаюць сваіх калегаў з балтыйскіх краінаў і з Польшчы. А тое, што там вырашае тая Эўракамісія, цяжка зразумець. Пакуль яны там вагаюцца й прыцэньваюцца, рэжым дзейнічае й труціць сваіх удзячных ахвяр савецкай прапагандай”.

Урады Злучаных Штатаў і краінаў, якія ўваходзяць у Эўразьвяз, каардынуюць сваю замежную палітыку, спадар Лосік, у тым ліку і датычна Беларусі. І пазыцыя блізкіх да Беларусі Польшчы і Літвы вельмі часта ўлічваецца структурамі Эўразьвязу падчас абмеркаваньня беларускіх праблемаў. Гэтак, для прыкладу, было і нядаўна, калі эўрапейскія дэпутаты выпрацоўвалі агульную пазыцыю адносна крызісу, зьвязанага з Саюзам палякаў Беларусі, з дыскрымінацыяй нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў.

Але ніякая сіла звонку, ніякія заходнія фінансавыя сродкі ня здольныя зрабіць таго, што павінен зрабіць сам народ унутры ўласнай краіны. Ні дэмакратычны дзяржаўны лад, ні свабоду, ні заможнае жыцьцё немагчыма экспартаваць з-за мяжы, калі дзеля гэтага не прыкладае дастатковых намаганьняў само грамадзтва ў гэтай краіне.

На тэму расейскамоўнага вяшчаньня, якое плянуе распачаць Эўразьвяз на Беларусь, выказваецца ў сваім лісьце на “Свабоду” і наш даўні сябар Анатоль Жэрдзеў з Гомелю:

“Я расейскамоўны, але ўсё ж — беларус. Таму для мяне, як і раней, галоўнай крыніцай інфармацыі застаецца Беларуская Свабода. І наўрад ці я буду лавіць у эфіры тую “Дойчэ Вэле” замест “Свабоды”. Але ёсьць шмат беларусаў, якія жывуць яшчэ ў СССР. Як казаў у такім выпадку Сяргей Ясенін: “Остался в прошлом я одной ногою…” Сярод гэтых людзей шмат такіх, якім палітыка “да ліхтара”. І вымусіць іх слухаць пра палітыку, тым больш па-беларуску, наўрад ці ўдасца. Ня буду апісваць іхную прымітыўнасьць. Да таго ж, ці вінаватыя яны, калі зь дзяцінства іх прывучалі словамі розных карыфэяў адмовіцца ад усіх моваў, акрамя расейскай. Грошы, выдаткаваныя на новую перадачу, хоць і невялікія, а ўсё ж будуць змарнаваныя. Лепш бы іх аддалі “Свабодзе” для пробнага вяшчаньня на ультракароткіх хвалях.

Што да дыскусіі вакол гэтай праблемы, то мяне вельмі ўражвае характар некаторых выказваньняў (як прыхільнікаў, так і праціўнікаў расейскамоўнасьці). Яны вызначаюцца катэгарычнасьцю і непавагай да апанэнтаў. Мо, гэта спадчына савецкага выхаваньня? Вельмі шкада, што ў “Свабоды” не хапае эфірнага часу, бо можна было б пайсьці насустрач і зрабіць частку перадач расейскамоўнымі”.

Справа тут, спадар Жэрдзеў, не ў недахопе эфірнага часу, а ў прынцыповым стаўленьні да гэтай праблемы. “Свабода” ўжо больш як пяцьдзясят год вяшчае па-беларуску. На сёньня, калі ў Беларусі праводзіцца татальная русіфікацыя ўсяго грамадзкага жыцьця, “Свабода” застаецца па сутнасьці адзінай цалкам беларускамоўнай станцыяй. Да таго ж, спадзяваньні на тое, што пераход на расейскую мову пашырыць аўдыторыю наўрад ці абгрунтаваныя. Усе расейскамоўныя грамадзяне Беларусі (хіба што за рэдкім выключэньнем) бязь цяжкасьці разумеюць беларускую гаворку. Галоўная праблема — у іншым: ці даступныя для іх крыніцы альтэрнатыўнай інфармацыі і ці самі яны маюць патрэбу ў тым, каб такую інфармацыю атрымліваць?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by