На Кангрэсе пачалося галасаваньне

Валер Каліноўскі, Менск Галасаваньню папярэднічала агітацыя і адказы на пытаньні. Па два чалавекі мелі права агітаваць за прэтэндэнтаў на статус адзінага кандыдата.
Андрэй Клімаў выступіў ў падтрымку Анатоля Лябедзькі і заявіў, што “гэта сапраўдны баец, які зможа пайсьці супраць АМАПу, і той з дрыжыкамі зьбяжыць. І гэта будзе пачаткам рэвалюцыі”.

На думку намесьніка старшыні АГП Аляксандра Дабравольскага, “гэтая кампанія – сапраўдная вайна. На вайне патрэбная моцная каманда і моцны лідэр”. Ён таксама падтрымаў Анатоля Лябедзьку.

Прадстаўнік Камуністычнай партыі Васіль Бачок выступаў па-беларуску. Ён заявіў, што Сяргей Калякін можа прывесьці дэмакратычную супольнасьць да перамогі. “Дзяржаўная прапаганда будзе ліць бруд на кандыдата. Сяргей Калякін – найбольш устойлівы да гэтага чалавек. На яго няма ніякага кампрамату”, – зазначыў спадар Бачок.

Ганаровы старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін заклікаў галасаваць за Аляксандра Мілінкевіча. Ён запэўніў, што “Мілінкевіч – сапраўдны баец, які будзе стаяць на беларускім Майдане, дамагаючыся перамогі”. Спадар Гавін дадаў: “Талерантны і добры чалавек павінен кіраваць краінай. Менавіта такім і ёсьць Мілінкевіч”.

Удзельнікі Кангрэсу перадалі прэтэндэнтам некалькі дзясяткаў пытаньняў. Кожны адказаў на два.

Анатоль Лябедзька атрымаў шмат пытаньняў наконт ягонага супрацоўніцтва ў перадвыбарчым штабе Аляксандра Лукашэнкі. У адной цыдулцы было напісана, што нібыта ён стварыў Лукашэнку. Лідар АГП зрэагаваў так: “Дазвольце мне адказаць словамі Тараса Бульбы “Я яго парадзіў, дайце мне яго і...” Фразу Лябедзька ня скончыў.

У Сяргея Калякіна запыталіся: “Ці ня трэба яму пакаяцца за папярэднія грахі камуністаў?” Прэтэндэнт адказаў: “Мне трэба каяцца, але не за гэта. Я каюся за тое, што разам з Карпенкам і Ганчаром ня змог ў 96-м адхіліць дыктатара ад улады. Спадзяюся выправіць гэтую памылку”.

Другое пытаньне да Сяргея Калякіна: “Калі вы загаворыце па-беларуску?” Адказваючы, лідэр камуністаў перайшоў на беларускую мову і паведаміў, што цяпер якраз ён навучаецца. У яго ёсьць дамоўленасьць з Алегам Трусавым. Старшыня ТБМ паабяцаў за месяц навучыць яго прыстойна размаўляць па-беларуску.

У Аляксандра Мілінкевіча запыталіся пра стаўленьне да расейскамоўных. Ён перайшоў на расейскую мову і адказаў, што ніводная культура не павінна баяцца іншай, бо яны ўзаемадапаўняльныя. “Але ў расейкамоўных павінна балець сэрца за трагедыю зь беларускай мовай”, – заявіў спадар Мілінкевіч. Ён запэўніў, што будзе дамагацца, каб расейскамоўныя не адчувалі сябе прыгнечанымі.