“Невядомая Беларусь” выйшла на чэскай мове раней, чым на беларускай

Ігар Карней, Менск Чэская няўрадавая арганізацыя “Людзі ў нядолі” выдала на чэскай мове зборнік працаў вядучых беларускіх інтэлектуалаў “Невядомая Беларусь”, такім чынам апярэдзіўшы нават беларускую вэрсію кнігі. Прадмову да чэскага варыянту напісаў былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. У плянах аўтараў — аналягічныя выданьні па-польску, расейску і беларуску.
Адзін з каардынатараў няўрадавай арганізацыі “Людзі ў нядолі” Ільля Глыбоўскі апавёў, што за справу яны ўзяліся год таму. Цягам гэтага часу кнігу пераклалі, адрэдагавалі, а днямі яна была надрукаваная. Неўзабаве чакаецца прэзэнтацыя выданьня.

(Глыбоўскі: ) “Будзе “хрост” кнігі, як гэта прынята ў Чэскай Рэспубліцы. Запрошаны адзін з аўтараў, прыедзе таксама Вацлаў Гавэл, які напісаў прадмову да кнігі. Спадзяюся, што яна знойдзе свайго чытача ў Чэхіі, таму што, сапраўды, падае нетрадыцыйны погляд на Беларусь, погляд знутры. Чэскі чытач, грамадзянін прызвычаіўся бачыць Беларусь трохі звонку, а ў выпадку гэтай кнігі інфармацыя ідзе менавіта знутры. 8—10 кастрычніка адбудзецца афіцыйны выхад яе ў жыцьцё, хоць рэальна яна ўжо ёсьць”.

У кнізе “Невядомая Беларусь” чытач знойдзе публіцыстыку Васіля Быкава, гістарычныя нарысы Ўладзімера Арлова, філязофскія развагі Валянціна Акудовіча, эсэ Сяргея Дубаўца, Алеся Анціпенкі ды іншых. Аўтары ідэі — Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч. Спадар Анціпенка кажа, што цягам апошняга паўтара дзясятка гадоў у сьвеце панаваў крытычны погляд на Беларусь, які сфармаваў адмоўны імідж краіны. Кніга мусіць сьцерці стэрэатыпы і паказаць краіну як цалкам паўнавартасную адзінку агульнаэўрапейскай сям’і.

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд, ці пабачаць па-іншаму Беларусь тыя ж чэскія чытачы?”

(Анціпенка: ) “Думаю, што і беларусы таксама. Нашай задачай было рэпрэзэнтаваць Беларусь зусім не трывіяльна, і ў пэўным сэнсе адкрыць Беларусь і для саміх сябе”.

Кніга складаецца з трох блёкаў: “Беларусь вачыма беларусаў”, “Беларусь вачыма палякаў” і “Беларусь вачыма расейцаў”. Аднак, паводле Валяніціна Акудовіча, так сталася, што першымі ацаніць вартасьці і хібы беларусаў змогуць у Чэхіі.

(Акудовіч: ) “Няма ні беларускага, ні расейскага, ні польскага. Праект рыхтаваўся на чатырох мовах, і, як ні дзіўна, чэхі апярэдзілі ўсіх. Цяпер актыўна ідзе праца, гатовая ўжо вокладака, і плянуецца ў лістападзе выдаць расейскі варыянт”.

Фундацыяй базавага выданьня на беларускай мове, якое мяркуецца надрукаваць у наступным годзе, займаўся беларуска-расейскі фонд “За новую Беларусь”. За сродкі фонду, дарэчы, неўзабаве будзе выдадзеная і расейская вэрсія кнігі “Невядомая Беларусь”.

Убачыць чэскі варыянт кнігі “Невядомая Беларусь” і пачытаць анатацыю да выданьня можна на інтэрнэт-старонцы www.belcentrum.org