Войскі ЗША пакінуць авіябазу ва Ўзбэкістане

ТАШКЕНТ. Высокапастаўлены амэрыканскі дыплямат паведаміў, што войскі ЗША пакінуць вайсковую авіябазу ва Ўзбэкістане паводле патрабаваньня Узбэкістану і без дадатковых абмеркаваньняў. Гэтую заяву намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэніэл Фрыд зрабіў пасьля перамоў з прэзыдэнтам Узбэкістану Ісламам Карымавым. Фрыд назваў смеху вартымі цьверджаньні Ташкенту, што за паўстаньнем у Андыжане стаяў Белы дом. Дыплямат пацьвердзіў, што ЗША заплацілі Ўзбэкістану 23 мільёны даляраў за выкарыстаньне базы Каршы-Ханабад. Яна была неабходная ЗША дзеля апэрацыяў у Аўганістане.