Выхад газэты "Народная Воля" – пад пагрозай

Ганна Соусь, Менск Галоўны рэдактар газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч зьвяртаецца да беларускай грамадзкасьці з просьбай дапамагчы выплаціць 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі лідэру Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргею Гайдукевічу ў адпаведнасьці з рашэньнем суду Ленінскага раёну Менску. У адваротным выпадку адзіная ў Беларусі штодзённая недзяржаўная газэта ўжо ў бліжэйшыя дні можа спыніць выхад. У рэдакцыі апісаная маёмасьць, арыштаваная папера. Банкаўскі рахунак "Народнай волі" заблякаваны.
Сёньня незалежная газэта “Народная воля” надрукавала на беларускай і расейскай мовах зварот да грамадзкасьці з заклікам дапамагчы выплаціць 100 мільёнаў рублёў штрафу. Менавіта такой сумай суд Ленінскага раёну Менску ацаніў маральную шкоду, якую нанесла дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Гайдукевічу публікацыя ў “Народнай волі” пра супрацоўніцтва Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі з рэжымам Садама Хусэйна. Сытуацыю тлумачыць намесьніца галоўнага рэдактара “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна.

(Калінкіна: ) “Мы яшчэ не прайшлі ўсе касацыйныя інстанцыі, каб абскардзіць гэтае судовае рашэньне. Але да нас ужо прыйшлі судовыя выканаўцы. Яны арыштавалі нашую маёмасьць, а, дакладней, паперу, якая была ў друкарні. І адначасова арыштавалі банкаўскі рахунак “Народнай волі”, і мы зараз ня можам рабіць нікуды ніякіх праплатаў. Такім чынам, работа рэдакцыі фактычна паралізаваная. Мы напісалі скаргу і на імя старшыні Вярхоўнага суду, і на імя старшыні раённага суду, судовыя выканаўцы якога прынялі такое рашэньне. Фактычна маем зараз два пакараньні. Беларускае заканадаўства не прадугледжвае паралізацыі работы прадпрыемства, бо калі газэта ня будзе працаваць і ня будзе выходзіць, то мы наагул ня зможам выплаціць ніякіх грошай”.

У звароце, надрукаваным у сёньняшнім нумары “Народнай волі”, Іосіф Сярэдзіч зьвяртаецца да грамадзкасьці з просьбай аб фінансавай дапамозе. Дапамагчы газэце можна на розных умовах – ахвяраваньнем ці пазыкай грошай пад пэўны працэнт, альбо перадаплатай за размяшчэньне ў будучыні рэклямы.

Сьвятлана Калінкіна кажа, што ўжо сёньня з раніцы ў рэдакцыю пачалі тэлефанаваць чытачы.

(Калінкіна: ) “Пэнсіянэры, людзі, у якіх жабрацкія пэнсіі, паведамляюць, што яны пералічылі 50 ці 20 тысячаў рублёў на дапамогу газэце. Гэта вельмі кранальна”.

Супрацоўніца аднаго з беларускіх банкаў спадарыня Натальля сёньня прынесла ў рэдакцыю 30 тысячаў рублёў.

(Натальля:) “Проста сабралі, хто колькі мог. Хто тысячу, хто дзьве. Атрымалася, на жаль, ня надта многа, бо мы ня так многа зарабляем, як пішуць у газэтах. Атрымалася 30 тысячаў. Я лічу, што калі б кожны сабраў, хаця б па тысячы, то гэта неяк дапамагло б”.

Як паведамілі Радыё Свабода ў рэдакцыі “Народнай волі”, заўтра газэта выйдзе, але, што будзе далей, залежыць ад таго, якім будзе адказ старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Валянціна Сукалы, на чыё імя Іосіф Сярэдзіч накіраваў хадайніцтва з просьбай прыпыніць рашэньне суду Ленінскага раёну і зьняць арышт з паперы, а таксама разблякаваць банкаўскі рахунак.

Незалежная газэта “Народная воля” ўжо ня першы раз пад пагрозай ліквідацыі. Летась у жніўні судовыя выканаўцы апісалі ўсю маёмасьць, уключна з памяшканьнем, у якім разьмешчана рэдакцыя. Дырэктару друкарні “Чырвоная зорка” было дадзена ўказаньне не друкаваць "Народнай волі" да таго часу, пакуль рэдакцыя ня сплаціць 65 мільёнаў рублёў (каля 32 тысячаў дяляраў) выплаты ў адпаведнасьці з двума судовымі рашэньнямі на карысьць былога кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова і прадпрымальніка Сяргея Атрошчанкі. Тады некалькі нумароў газэты ня выйшлі, але пасьля таго, як грошы былі выплачаныя, выхад “Народнай волі” аднавіўся.