Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 24 верасьня). Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.
(Зьміцер Падбярэскі: ) “Апошні час Зьміцер Вайцюшкевіч — адзін з найбольш актыўных артыстаў беларускай папулярнай музыкі, калі мець на ўвазе хоць бы колькасьць выдадзеных альбомаў. А вось тое, што ён безумоўна найбольш рознабаковы, шматаблічны выканаўца, дык з гэтым спрачацца ня будзе ўжо дакладна ніхто. Дастаткова прыгадаць толькі некаторыя з апошніх ягоных праграм: нізка песень на вершы Рыгора Барадуліна, так званы італьянскі праект, нядаўна была прадстаўлена запісаная крыху раней праграма песень на вершы Ўладзімера Маякоўскага, цяпер вось прэзэнтаваная праграма “Месяц і сонца. Японія па-беларуску”. Тым часам Вайцюшкевіч заканчвае работу над праграмай на вершы Ўладзімера Някляева. Дальбог, кожнаму б такой актыўнасьці і разнастайнасьці…
Зьміцер, вітаю цябе ў студыі Беларускай Свабоды! Прапануючы засяродзіць увагу на дзьвюх праграмах, а менавіта японскай і Маякоўскай, не ўстрымаюся, каб нетактоўна не пацікавіцца: а ці праўда, што пасьля таго, як ты зьвярнуўся да творчасьці Маякоўскага, цябе ледзь не абвінавацілі ў здрадзе беларушчыне?”
(Зьміцер Вайцюшкевіч: ) “Гэта не былі абвінавачаньні, але лягер беларускамоўных слухачоў падзяліўся. Хацеў бы суцешыць гледачоў. Мне ж суцяшацца няма чаго! Проста трэба было засьпяваць па-расейску толькі добрую паэзію. Маякоўскі — вельмі такая дзіўная постаць, ён — паэт, цікавая асоба”.
(Падбярэскі: ) “Назваць Маякоўскага паэтам-песеньнікам можа хіба што толькі вялікі фантазэр. Вось “Песьняры” у свой час практычна абламіліся на ягоных вершах. Дый табе давялося, відаць, шукаць нетрывіяльных і цалкам нечаканых музычных рашэньняў. Ад чаго ты адштурхоўваўся?”
(Вайцюшкевіч: ) “Ад свайго сэрца, ад такога свайго прымітыўнага разуменьня паэзіі, таму што я ня выхаваны ў паэтычным асяродку. Я толькі цяпер прыходжу да паэзіі і дзякуючы добрым паэтам: дзядзьку Рыгору, Алесю Камоцкаму, Уладзімеру Някляеву, Уладзімеру Маякоўскаму. Пачынаеш разумець сэнс слова — што значыць слова для мяне, што значыць слова ўвогуле для нас. Таму лічу, што Маякоўскі ўсё ж такі атрымаўся ў мяне. Там ня толькі Маякоўскі, там вельмі магутная энэргія Маякоўскага. Але там, па-першае, што для мяне было важна…”
(Падбярэскі: ) “І вельмі магутная, прабач, энэргія Вайцюшкевіча…”
(Вайцюшкевіч: ) “Ня ведаю як, але сэрца там маё ёсьць, і вельмі шмат асабістага ў гэтым праекце”.
(Падбярэскі: ) “Праграма ўжо паказвалася ў Маскве, у музэі паэта. А скажы шчыра: ты задаволены тым, што, па сутнасьці, абставіў расейцаў?”
(Вайцюшкевіч: ) “Калі я выступаў у музэі Маякоўскага, мне было вельмі прыемна, і быў вялікі гонар за Беларусь, што мы не правінцыялы. І гэта адчувалі гледачы. Такія старэнькія бабулі інтэлігентныя, там у дзясятым пакаленьні масквічкі, як іх называюць…”
(Падбярэскі: ) “Из бывших…”
(Вайцюшкевіч: ) “Ну так… Некаторыя зь іх, відаць, яшчэ памяталі жывога Маякоўскага, але было і шмат маладых людзей, сучаснае пакаленьне. Заля ўзьнялася, для мяне гэта была найвялікшая падзяка з боку маскоўскай публікі. І я думаю, што праграму на вершы Маякоўскага трэба паказваць ня толькі ў Маскве — у Варшаве, у Кракаве, пра што цяпер вядуцца перамовы. Спадзяюся, у наступным годзе будзем яе паказваць і ў Парыжы, можа быць, у невялікіх залях, але…”
(Падбярэскі: ) “Дый да Нью-Ёрку варта было б даехаць, чаму ж не?!”
(Вайцюшкевіч: ) “Так, безумоўна!”
(Падбярэскі: ) “І прызнайся: ты задаволены Маякоўскім?”
(Вайцюшкевіч: ) “Шчыра кажучы, я два гады думаў, задаволены я ці не? Я задаволены. Гэта вельмі моцная праграма, мне ня сорамна за яе. Я ўжо цяпер чую водгукі на яе людзей абсалютна рознага выхаваньня, сацыяльнага статусу. Яны ўвогуле не чакалі такога Маякоўскага. Калі слухаюць — ня ведаюць, на чые вершы, яны зьдзіўляюцца, што гэта Маякоўскі. Для мяне гэта найлепшы камплімэнт. І яшчэ магчымасьць на паэзіі Маякоўскага паказаць сваю асобу”.
(Падбярэскі: ) “Зьміцер! У мяне такое ўражаньне, што за ўзятым тэмпам ты не пасьпяваеш ужо сам. Наагул, як думаеш, ці на працяглае жыцьцё разьлічаныя твае праграмы? Прабач ужо чарговую нетактоўнасьць…”
(Вайцюшкевіч: ) “Цяпер у мяне такі вось пэрыяд, калі мне хочацца працаваць і рабіць. Можа быць, усяго крыху замнога… Але я думаю, што ў жыцьці кожнага чалавека настае такі пэрыяд, калі можна спакойна паглядзець на стос гэтых дыскаў і падумаць: сэнс які гэта мела ці ня мела? Цяпер гэта дае мне прыемнасьць працы, прыемнасьць кантактаў з публікай, з культурай. Я нічога ня ведаў тры гады таму пра Маякоўскага, два гады таму я ўвогуле нічога ня ведаў пра японцаў. Цяпер трохі пачынаю нешта ведаць і разумець. Гэта ня проста праекты “паматросіў і бросіў” — гэта праекты, якія мяне выхоўваюць, гэта праекты, якія ў маім жыцьці займаюць вельмі важнае месца. Тое ж самае тычыцца і паэзіі дзядзькі Рыгора Барадуліна. Гэта надоўга!”
(Падбярэскі: ) “Ці ты ведаеш, што група дзеячаў беларускай культуры высунула кандыдатуру дзядзькі Рыгора на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі?”
(Вайцюшкевіч: ) “Канечне! Мне будзе вельмі прыемна, калі мой суааўтар атрымае прэмію! (Сьмяецца.)”
(Падбярэскі: ) “Так, калі ты гэтаму паспрыяеш…”
(Вайцюшкевіч: ) “Вельмі б хацелася. Калі я магу нечым дапамагчы…”
(Падбярэскі: ) “А цяпер павандруем далей ад Бруклінскага маста на Захад, туды, дзе ён робіцца ўжо Ўсходам. Дарэчы, “Усход-Захад аркестар”, сымбалічна, так? Італія — можна зразумець. А вось Японія цябе чым “купіла”?”
(Вайцюшкевіч: ) “Па-першае тым, што гэта большы Ўсход, чым Расея. Мы да Расеі, якая знаходзіцца на Ўсход ад нас, ставімся па-свойму: пазытыўна, нэгатыўна — шмат такіх розных нюансаў. А Японія — гэта такая плянэта зусім невядомая, са сваімі штампамі — з самураямі, з кіно, з сушы. Ну што яшчэ? З Фудзі там… Сумо! І мне здалося гэта вельмі цікавым. Я задаволены, што не на сваю музыку, не на беларускія вершы рабілася праграма, а на японскія, якія перакладзены ўжо на беларускую мову Алесем Камоцкім. Там дзесяць песень, але толькі дзьве — мінорныя, якія вельмі падобныя да нашых — палескіх, прынамсі. Яны гучаць сучасна, часам нават для беларускага вуха — ну проста вельмі!”
(Падбярэскі: ) “Магу з табой пагадзіцца, паслухаўшы хоць бы такую песьню, як “Сын мора”… Зьміцер! Я не магу ўявіць цябе, прабач, вялікім знаўцам хітрыкаў нацыянальнай японскай музыкі… Як жа ты выблытваўся з гэтай сытуацыі?”
(Вайцюшкевіч: ) “Я не пісаў музыкі. Я займаўся крэатывам мэлёдыяў і гармоніяў, якія былі прыдуманы японскімі кампазытарамі, японскім народам. Тут маё адчуваньне Японіі, такая своеасаблівая сустрэча беларускай плянэты і японскай плянэты. Я быў абмежаваны функцыямі музычнымі, я быў абмежаваны мэлёдыямі. З другога боку, было вельмі прыемна зрабіць гэта добра. І, мне здаецца, гэта атрымалася”.
(Падбярэскі: ) “Зьміцер, ты ж разумееш, што людзі з усходу вельмі ж далікатныя. Ці чулі ўжо японцы тое, што было створана, і што яны казалі? Ці, можа, прамаўчалі?”
(Вайцюшкевіч: ) “Ініцыятар праекту Масака Тацумі сказала, што ўсё гэта — супэрвыдатна! Менавіта перад тым, як пачыналася праца, яна выказала такое пажаданьне, каб мы на Японію глянулі сваімі беларускімі вачыма, адчулі беларускім сэрцам. Глобус тут дадаўся вельмі такім жорсткім мантажом. Я прыдумаў нешта вар’яцкае, што назваў “аўдыёкіно”, “аўдыёкінэматограф”. Гэты дыск можа ўбачыць кожны па-свойму. Мне паэзія Глобуса вельмі падабаецца, бо ў ёй ёсьць менавіта тая таямніца, якая прываблівае, якая прыцягвае да сябе. Альбо адштурхваць некаторых. Але ж гэта — самая галоўная мэта мастацтва: прымусіць чалавека думаць, альбо зьдзіўляцца, альбо абурацца, адчуваць нешта”.
(Падбярэскі: ) “Ты ўжо казаў, што паказ праграмы паводле Маякоўскага заплянаваны ў Варшаве, Маскве, яшчэ недзе, японскай, спадзяюся, — там, дзе і належыць. А вось Някляеў? Ён жа таксама трыбун, калі толькі забыць ягоныя пісаныя на “рыбу” песенныя тэксты? Як ён паддаецца апрацоўцы?”
(Вайцюшкевіч: ) “Вельмі клясны альбом атрымліваецца!”
(Падбярэскі: ) “Ох, як жа ты любіш сам сабе камплімэнты казаць!..”
(Вайцюшкевіч: ) “Не, сапраўды, мне вельмі прыемна працаваць над паэзіяй Уладзімера Пракопавіча Някляева. Гэта будзе такі лірычны альбом: часам танга, часам…”
(Падбярэскі: ) “Зноў нешта накшталт гарадзкога шансону?”
(Вайцюшкевіч: ) “Нешта падобнае, але вельмі лёгкае. Але хацеў бы дадаць туды таксама яшчэ крыху літаратуры. Хацеў бы, напрыклад, сам прачытаць паэму “Індыя” на пятнаццаць хвілінаў пад нейкую такую музыку. Зрабіць такі вось саўндтрэк паводле банальнай ужо канцэпцыі “аўдыёкінэматографу”, каб намаляваць сабе ўсе тыя вобразы. Тым больш, што ў Беларусі цяпер гэтым ніхто не займаецца. І пятнаццаціхвілінная такая літаратурная праграма альбо такое вось чытаньне сваё — для мяне гэта карысны досьвед: навучыцца чытаць па-свойму, без пагрозы сякеры Станіслаўскага ці Мейерхольда. І пастарацца зрабіць прыгожа, цёпла. Матэрыял вельмі цікавы, ужо восем песень запісана”.
(Падбярэскі: ) “Будзем чакаць, калі гэтая праграма будзе зробленая, і будзем спадзявацца, што Зьміцер Вайцюшкевіч і Ўладзімер Някляеў будуць зноў у студыі Радыё Свабода, і тады мы ўжо падрабязна пагаворым пра вашу новую праграму. Дзякуй, Зьміцер, за гутарку, посьпехаў і — цьфу, цьфу, цьфу! — каб японская прэм’ера прайшла вельмі добра”.
У перадачы прагучалі фрагмэнты песень “Бруклінскі мост” на верш Уладзімера Маякоўскага і “Сын мора” невядомага японскага аўтара ў выкананьні Зьмітра Вайцюшкевіча і “Ўсход-Захад аркестру”.