Аляксандар Казулін ня будзе ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў

Уладзімер Глод, Менск Пра гэта ён заявіў 26 верасьня на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі. Свой няўдзел у Кангрэсе адзін зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў патлумачыў тым, што ў гэты час ён будзе знаходзіцца ў Лёндане, дзе ў яго заплянаваны шэраг важных сустрэчаў, у прыватнасьці, з Генэральным сакратаром Сацінтэрну Люісам Аялам.
Аляксандар Казулін сказаў, што ягоная паездка ў Вялікабрытанію рыхтавалася яшчэ тры месяцы таму, калі было невядома, калі дакладна адбудзецца Кангрэс дэмсілаў. На заўвагу журналістаў — мо ёсьць сэнс адмовіцца ад паездкі ў Лёндан на карысьць кангрэсу? — спадар Казулін прамаўчаў. А ягоны першы намесьнік Анатоль Ляўковіч патлумачыў, што Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (“Грамада”) — моцная сіла, і таму зусім неабавязкова, каб яе кіраўнік прысутнічаў на Кангрэсе.

Намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Нісьцюк сказаў журналістам, што ў гэты час кантакты з Сацінтэрнам для партыі больш важныя, чым удзел яе лідэра ў Кангрэсе.

Між тым, на Кангрэсе дэмсілаў будуць 54 асобы, якія ўваходзяць у склад БСДП (“Грамада”). Усе яны былі абраныя альбо на рэгіянальных форумах, альбо, як, прыкладам, Лявон Дзейка ці Мечыслаў Грыб, зьяўляюцца дэпутатамі Вярхоўнага Савету і таму маюць права ўдзельнічаць у Кангрэсе. Паводле старшыні партыі, ніхто з дэлегатаў ня будзе зьвязаны партыйнай дысцыплінай. Кожны з удзельнікаў Кангрэсу ад сацыял-дэмакратычнай “Грамады” будзе галасаваць так, як палічыць мэтазгодным, гаворыць першы намесьнік старшыні партыі Анатоль Ляўковіч:

(Ляўковіч: ) “Партыя адмысловага рашэньня прымаць ня будзе. Хай удзельнікі Кангрэсу працуюць з гэтай паўсотняй чалавек. Хай агітуюць, хто за каго прагаласуе”.

З другога боку, Аляксандар Казулін паведаміў, што на Кангрэсе дзейнасьць дэлегатаў ад БСДП (“Грамада”) будуць каардынаваць намесьнікі старшыні партыі. Навошта гэта патрэбна, патлумачыў адзін з намесьнікаў — Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “На Кангрэсе акрамя абраньня адзінага кандыдата будзе разглядацца шэраг пытаньняў, зь якімі мы цяпер не пагаджаемся, якіх мы не падзяляем. Прапанаваны шэраг праектаў, якія будуць абмяркоўвацца і за якія будуць галасаваць. І каб не было неарганізаванасьці з боку нашых партыйцаў, мы будзем гэты працэс карэктаваць. Таму мы папрасілі, каб нашы калегі прыехалі трохі раней. Мы зь імі абмяркуем нашу пазыцыю толькі ў гэтым сэнсе. Таму што вельмі складаныя і адказныя праекты дакумэнтаў рыхтуюцца да Кангрэсу. Як ставіцца да гэтых праектаў, гэта ўжо партыйная пазыцыя”.

Аляксандар Казулін таксама заявіў, што для яго больш важны ня сам Кангрэс, а тое, ці будуць ягоныя ўдзельнікі выконваць прынятыя рашэньні. Ён згадаў 2001 год, калі, на ягоную думку, структуры Сямёна Домаша пасьля абраньня адзіным кандыдатам Уладзімера Ганчарыка фактычна спынілі працу на карысьць спадара Ганчарыка:

(Казулін: ) “Гэта таксама вельмі важны момант, калі сыстэмная апазыцыя зможа прыняць разумнае рашэньне аб аб’яднаньні — аб’яднаць свае структуры, актыў, рэсурсы, намаганьні... Мы думаем, што гэта пазытыў. Пытаньне толькі ў тым, ці зможа Кангрэс дэмсілаў дамагчыся гэтага пазытыва. Гэта адно з самых галоўных пытаньняў, якое Кангрэс мусіць вырашыць ня толькі падчас ягонага правядзеньня, але, як паказвае практыка, самае галоўнае будзе вырашацца пасьля. Таму што мы маем дастаткова сумны досьвед 2001 году”.