Рычард Барткевіч дэпартаваны з ЗША і вярнуўся ў Менск да бацькі

Ігар Карней, Менск Сын гімнасткі Вольгі Корбут і “песьняра” Лявона Барткевіча Рычард, які 3,5 гады адбываў пакараньне ў адной з амэрыканскіх турмаў за падрабленьне даляраў, дэпартаваны з ЗША. І для Корбут, і для Барткевіча, якія ўжо маюць новыя сем’і і жывуць па абодва берагі акіяну, такое рашэньне стала поўнай нечаканасьцю. На іх погляд, фармальна менавіта Злучаныя Штаты ёсьць радзімаю Рычарда – зь Беларусі ён выехаў, ня маючы ні савецкага, ні беларускага пашпарта.
Афіцыйна пацьвердзіць гэтую інфармацыю досыць цяжка: Вольга Корбут прынцыпова не размаўляе з журналістамі, а Лявон Барткевіч адмаўляецца што-небудзь канкрэтызаваць, адпраўляючы цікаўных да былой жонкі, чым кола канчаткова замыкае.

(Барткевіч: ) “Гэта трэба Вользе тэлефанаваць, яна ведае”.

(Карэспандэнт: ) “Але казалі, што Рычард нібыта ўжо ў Менску...”

(Барткевіч: ) “А хто казаў? Ня ведаю, хто там у Маскве ці дзе яшчэ мог такое ўзяць...”

(Карэспандэнт: ) “Але тэрмін яго зьняволеньня ўжо скончыўся?”

(Барткевіч: ) “Ну, так, так. У яго там па бізнэсе штосьці было...”

Інфармацыю пра тое, што Рычард Барткевіч сапраўды дэпартаваны з ЗША і вярнуўся ў Беларусь, пацьвердзіла мне журналістка газэты "Комсомольская правда в Беларуси" Вольга Ўлевіч. Яна спасылаецца на цяперашняга мужа Вольгі Корбут Аляксея, які жыве ў Маскве.

Вядомыя некаторыя падрабязнасьці самой дэпартацыі. Афіцыйнай падставай стала тое, што ў вызваленага з турмы Барткевіча-малодшага няма ніякіх дакумэнтаў, якія б сьведчылі, што ён грамадзянін ЗША. Высьветлілася, за ўсе мінулыя гады сям’я нават не падавала дакумэнтаў на атрыманьне ім грамадзянства, дый сама Корбут стала грамадзянкай ЗША толькі пасьля разводу зь Лявонам Барткевічам – некалькі гадоў таму.

Амэрыканцы праігнаравалі ўсялякія аргумэнты Рычарда, пасадзілі на самалёт і нават без заезду дадому адправілі на гістарычную радзіму...

Рычард Барткевіч вызваліўся з турмы пасьля 3,5 гадоў пазбаўленьня волі за падрабленьне даляраў. Яшчэ ў 2001 годзе 100-даляравыя купюры на суму 4 тысячы даляраў праваахоўчыя органы знайшлі ў доме, дзе тады жыла сям’я чэмпіёнкі мюнхэнскай Алімпіяды 1972 году. Калі справа пачала набіраць авароты, Рычард прызнаўся: з дапамогай кампутарнай тэхнікі надрукаваў фальшывых грошай на суму 20 тысяч даляраў.

Ад пачатку працэсу казалі, што Рычарду пагражае пазбаўленьне волі ажно на 20 гадоў, штраф у памеры 250 тысяч даляраў і дэпартацыя з ЗША. Аднак 7 лістапада 2002 году суд вынес больш мяккі вырак: арышт тэрмінам на 3,5 гады ў фэдэральнай папраўчай установе і штраф на пяць тысяч даляраў – кампэнсацыя крамам, у якіх ён расплачваўся фальшыўкамі. Пра дэпартацыю тады нічога сказана не было. Паводле журналісткі газэты “Комсомольская правда в Беларуси” Вольгі Ўлевіч, яшчэ некалькі месяцаў таму Вольга Корбут і яе муж Аляксей выключалі магчымасьць дэпартацыі Рычарда.

(Улевіч: ) “Як спадзявалася Вольга, яго не павінны былі дэпартаваць з Амэрыкі – хоць бы ўжо таму, што ён выехаў зь Беларусі ў вельмі юным узросьце, калі ў яго яшчэ не было ні савецкага пашпарта, ні беларускага, а значыць, дэпартаваць з ЗША яго нібыта немагчыма. Але Амэрыка, паводле законаў, больш жорсткая, чым Беларусь. У нас не пасадзілі б за такое падрабленьне – грубае падрабленьне даляраў на ксэраксе. А ў Амэрыцы да даляра большая павага. І я мяркую, што гэта проста было пакараньне за непавагу да грашовай купюры гэтай краіны”.

Апошні раз Рычард Барткевіч бачыў Беларусь у 1991 годзе, калі яму было 12 гадоў. Ёсьць зьвесткі, што на нейкі час у Менску сына ўсё ж прытуліў Лявон Барткевіч. Праўда, у любым выпадку доўга ў новай сям’і “песьняра” Рычард не затрымаецца: у лютым у 56-гадовага Барткевіча нарадзіўся сын ад 20-гадовай мадэлі Тацяны Раднянкі, якая на шэсьць гадоў маладзейшая за самога Рычарда. Дарэчы, Аляксею, старэйшаму сыну “песьняра” ад першай жонкі, ужо 32 – ён жыве зь сям’ёй у ЗША, мае дачку Крысьціну. У Менску Барткевіч з жонкаю здымаюць кватэру, і лішніх мэтраў, каб, апроч малога Крысьціяна, там яшчэ жыў Рычард, няма фізычна. Нядаўна Барткевіч нават шкадаваў – маўляў, выпала на старасьці быць беспрытульным. Перад ад’ездам у ЗША ён прадаў цудоўную кватэру, атрыманую ад першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава.

Вольга Корбут і Лявон Барткевіч пераехалі ў ЗША на пачатку 1990-х. Сьпярша сям’я жыла ў штаце Джорджыя, пасьля пераехала ў Флорыду, затым – у Атланту. А зусім нядаўна Корбут з новым мужам пасялілася ў Арызоне. Лявон Барткевіч пасьля разводу вярнуўся ў Беларусь, дзе нейкі час працаваў з Уладзімерам Мулявіным, але пасьля сьмерці галоўнага “песьняра” і гучных сварак паміж спадкаемцамі ансамблю застаўся бяз працы.