Сівакоў, Навумаў, Паўлічэнка, Шэйман – неўязныя ў Эўразьвяз яшчэ на год

Алена Струвэ, Менск Ад 24 верасьня Эўразьвяз працягне на год візавыя санкцыі адносна некаторых беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў Радзе Эўрапейскага зьвязу, якая 19 верасьня ўхваліла адпаведную пастанову.
Паводле словаў прадстаўніка прэсавай службы Рады Эўзразьвязу, размова ідзе пра асобаў, якіх Брусэль падазрае ў дачыненьні да зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага ды тых чыноўнікаў, якія ўстрымаліся ад правядзеньня неабходных у гэтым зьвязку сьледчых дзеяньняў.

Нагадаем, што папярэдняе рашэньне пра візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава, цяперашняга кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктара Шэймана, камандзіра брыгады спэцыяльнага прызначэньня Зьмітра Паўлічэнкі, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова было прынятае 24 верасьня 2004 году на падставе рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Радыі Эўропы па справаздачы кіпрскага дэпутата Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычна матываваных зьнікненьнях людзей у Беларусі.

У прэсавай службы Рады Эўзразьвязу паведамілі, што празь некалькі дзён адказныя прадстаўнікі ЭЗ афіцыйна агучаць рашэньне адносна працягу візавых санкцыяў для некаторых беларускіх чыноўнікаў да 24 верасьня 2006 году.

(Супрацоўніца: ) “Само рашэньне ня ёсьць нейкім нечаканым, яно было прынятае на падставе цяперашняй сытуацыі ў Беларусі ўчора, прынцыпова і без дыскусій. У гэтым сьпісе няма нейкіх новых прозьвішчаў. Гэта, па-ранейшаму, Юры Сівакоў, Уладзімер Навумаў, Дзьмітры Паўлічэнка, Віктар Шэйман. Гэта тыя асобы, якіх Брусэль падазрае ў дачыненьні да зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага. Тэрмін забароны будзе працягнуты роўна на год”.