Ня той час і ня той голас

Уладзімер Содаль, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Ці казаў я вам? Даўней, зімою, як не было чаго рабіць, дык у карчму зьбіраліся. Гулялі там, бавілі час. А карчма ў нас была вялікая, поблізу лесу. Карчмарыла там Хайка. Яна сюды зь нейкага гораду прыехала, была нетутэйшая. У горадзе нарадзілася, у горадзе расла, гадавалася і тутэйшых звычаяў асабліва ня ведала. Дык хлопцы надумаліся зь яе пажартаваць. У самую Піліпаўку, як ваўкі развыліся, тыя хлопцы гукаюць карчмарку на вуліцу:

– Хадзі паслухай, як у нас зязюлькі куваюць.

Выйшла карчмарка з карчмы, вуха наставіла. А наўкола цемра, лес, зіма. Паслухала яна гэтае аднастайна нуднае выцьцё, паслухала дый кажа:

– Божа моцны! Нешта ня той час і ня той голас!

З тае пары гэтыя словы й сталі прымаўкай. Як толькі хто што робіць не ў сваю пару, ня ў свой час, дык і кажуць: “Ня той час і ня той голас!”

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)