Праблемы беларускай жывёлагадоўлі

Аляксандар Уліцёнак, Менск У савецкія часы беларускаму аграпрамысловаму комплексу адводзілася роля агульнасаюзнага адкормачнага цэнтру. Для гэтага пабудавалі прыблізна 220 комплексаў па гадоўлі буйной рагатай жывёлы і сьвіней ды 60 птушкафабрык. Штогод з-за межаў рэспублікі туды завозілася да 4 мільёнаў тон канцэнтраваных кармоў. Развал СССР запатрабаваў нетрадыцыйных падыходаў, каб выратаваць важную галіну эканомікі краіны. Які шлях абралі ў рэгіёнах? Ці абмінуў крызыс адмыслова пабудаваныя там пасёлкі для жывёлагадоўцаў?
Новыя эканамічныя ўмовы найперш адбіліся на невялікіх жывёлагадоўчых комплексах. Яны раскіданыя па ўсіх раёнах Беларусі, і амаль ва ўсіх аднолькавы лёс: заняпад. Бо не ўпісаліся ў новую эканамічную кан’юнктуру. І гэта ня дзіўна, лічыць адзін зь кіраўнікоў сельскагаспадарчай галіны краіны напрыканцы савецкага пэрыяду Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) "Праекты гэтых комплексаў у свой час прывозіліся. Гэта былі, я памятаю, італьянскія праекты, пачатку-сярэдзіны 1970-х... Дарэчы ў Італіі сёньня нічога падобнага ўжо няма".

Калі новыя ўмовы спынілі разьвіцьцё такіх комплексаў на захадзе, што ўжо казаць пра Беларусь, якая ўвадначасьсе пазбавілася фінансаваньня з саюзнага бюджэту, танных кармоў з Расеі, Украіны, Казахстану. Жыхары лагойскай вёскі Бесяды Аляксандар Бубер і Ўладзімер Жызьнеўскі сьведчаць пра рэаліі некалі заможнага комплексу “Янушкавічы”:

(Бубер: ) “Вось толькі адзін будынак застаўся. Больш нічога няма”. (Жызенеўскі: ) “І той зараз упадзе. Не прыгодны”. (Бубер: ) “Ні вады. Вежы нават у вёсцы не могуць зрабіць. Раней вежа стаяла. Вадакачка. А цяпер няма. Раней ў нас у Бесядах быў статак 1000 галоў, а цяпер толькі 117 засталося”. (Жызенеўскі: ) “Людзей няма. Каму ж рабіць?” (Бубер: ) “Я інвалід. ІІ група. Няма каму пасьвіць і я пасу. Просяць. Кожны дзень без выходных. Пятнаццаць дзён пасу без выходных. І 170 тысячч рублёў. За 12 гадзін штодзённай працы”. (Жызенеўскі: ) “Цяпер няма заробкаў і таму няма людзей”.

Заробкі сярод жывёлаводаў невысокія па ўсёй краіне. Ды і адкуль ім узяцца, калі комплексы, дзе утрымліваюць буйную рагатую жывёлу, у большасьці сваёй сталі нерэнтабэльнымі. Хоць раней іх досьвед капіявалі і Прыбалтыка, і Ўкраіна, узгадвае Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) "У агракамбінаце "Мір" тады мяса буйной рагатай жывёлы абыходзілася менш за рубель -- гэта быў абсалютна найлепшы паказчык у былым Савецкім Саюзе".

Аднак сёньня сытуацыя радыкальна памянялася. Вытворчасьць ялавічыны летась была цалкам стратнай нават там, дзе сярэднесутачныя прывагі складалі 700-800 грамаў. У Смалявіцкім раёне заняпала большасьць такіх комплексаў. Гаворыць пэнсіянэр Віктар Любецкі, які некалі працаваў брыгадзірам:

(Любецкі: ) “Хлявы старыя пагнілі. Грошай няма за што будаваць новыя. Даярка 100 тысяч, 150 тысяч рублёў атрымлівае. А то бывае зімой і бясплатна робіць. Толку няма нідзе. Карміць жывёлу няма чым, грошай няма на харчаваньне. Камбікорм дарагі, сілас дарагі. Трактар дарагі. Жатка, якая сена косіць, каштуе 25 тон малака. Гэта колькі ж трэба кароў даіць! Яны усе грошы аддаюць, каб гэта купіць. Трактар. Сеялку. Веялку. Няма ні кап’я. І відаць калгасы не падымуцца”.

Яшчэ больш змрочную карціну малюе Ніна Рудко з пухавіцкай вёскі Ніўкі:

(Рудко: ) “Разбамбілі ўсё, як у Ленінградзе пры блякадзе. Усё разьбіта – сьцены і вокны павыдзіралі. А вокны павыдзіралі сабе на парнікі, каму можна было. Цяпліцы парабілі з тых вакон. І цяпер толькі трымаюць сьвіньні для начальства. Там усяго 80 ці 50 сьвіней”.

Не абмінуў крызыс і птушкагадоўлю. Фабрыка ў менскім пасёлку “Камсамолец” лічылася ўзорнай у агульнасаюзным маштабе. Фантастычныя прыбыткі дазвалялі зрабіць трохразовае харчаваньне работніц амаль бясплатным – зь іх вылічвалі ўсяго па 15 капеек у дзень. Аляксей Макрыцкі адпрацаваў там 40 гадоў і добра ведае, пра што гаворыць:

(Макрыцкі: ) “Развалілі ўсё. Колькі пустых птушнікаў! Цяпер сталі індыкі. Людзі пазыходзілі. Моладзь зыходзіць. Ніхто не хоча. Уся саломка ляжыць. Яе спальваюць. Летась быў загад спальваць, дык тут страшна, што рабілася. Баяліся, каб дачы не загарэліся. Толькі жулікі ходзяць. Вось і ўсё”.

Як завалілася птушкафабрыка, дык узьніклі вялікія праблемы і з адмыслова пабудаваным тут пасёлкам. Сёньня шмат хто жыве фактычна ў паўразбураных бараках. Людзі нявесела жартуюць, што іхныя дамы нагадваюць перакошаныя птушнікі... Чаму так адбылося? Праблемы макраэканомікі іх не асабліва хвалююць – больш ківаюць на начальства. Вось як разважае Віктар Любецкі са смалявіцкага пасёлку Пліса, дзе таксама ёсьць птушкафабрыка:

(Любецкі: ) “Узялі–абкралі. Дырэктар і кантора абкралі. Цяпер выгналі ўсіх з фабрыкі. Старую птушкафабрыку разбурылі, а новую пабудавалі. І вялікія грошы ўляпілі, пакуль пабудавалі новую птушкафабрыку”.

Новабудоўлі ў беларускім аграпрамысловым сэктары – зьява досыць рэдкая. Пра іх мы пагаворым крыху пазьней. А пакуль зазначым: за два апошнія гады вельмі шмат зроблена ў рэканструкцыі жывёлагадоўчых комплексаў. Гэта італьянцы зь немцамі лічаць нормай руйнаваньне фэрмаў, якія адпрацавалі больш за 10 гадоў. А ў Беларусі пайшлі сваім шляхам: комплексы, асабліва вялікія, папросту палягаюць тэхналягічнаму абнаўленьню. Слова – галоўнаму спэцыялісту Дзяржаўнага аб’яднаньня па жывёлагадоўлі Ўладзімеру Музыку:

(Музыка: ) “Кожны год па праграме “Рэканструкцыя” выдаткоўваюцца сродкі з рэспубліканскага фонду падтрымкі сельгасвытворцаў. Таксама ахова прыроды выдаткоўвае стала. Была праграма на 2000-2005 гады, цяпер – 2005 да 2010 году па кожным комплексе”.

Гэта адбываецца паводле рашэньні кіраўніка краіны. Ён паставіў задачу да 80 працэнтаў ялавічыны і больш за 90 працэнтаў сьвініны вырошчваць менавіта на буйных прадпрыемствах. На мелкатаварных фэрмах цяпер фактычна пастаўлены крыж, бо яны выпалі зь бюджэтнай праграмы канцэнтрацыі фінансавых рэсурсаў. Такая пастаноўка пытаньня востра хвалюе вяскоўцаў. Сярод тых, хто не пагаджаецца з найноўшым курсам Аляксандра Лукашэнкі, -- Іван Мятліца з Асіповіцкага раёну. Некалі ён пераканаўся ў іншым:

Мятліца: ) “Гавораць, што нявыгадна сьвіней трымаць.У той час, калі быў брыгадзір Уладзімер Андрэйчык, 1300 сьвіней было у нас. Я па чатыры тачкі па 200 літраў даваў. 23 сьвіньні пагрузілі – сем тон!. “Калхіда” больш не ўзяла”.

Меркаваньне асіповіцкага жывёлавода пацьвярджае і досьвед такога усясьветна вядомага вытворцы мяса, як ЗША. Там доля вялікіх фэрмаў у агульнай таварнай прадукцыі галіны складае толькі 75 працэнтаў. А ў іншых краінах, дзе прамысловая жывёлагадоўля таксама на вышыні – у Баўгарыі, Румыніі, Вугоршыне, гэтыя лічбы наагул амаль утрая меншыя, чым у Беларусі. Аднак эўрапейскі і амэрыканскі досьвед не асабліва цікавіць беларускія ўлады. Чаму? Вось думка старшыні кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука:

(Ярашук: ) "Кіруюцца перш за ўсё ідэалёгіяй, каб паказаць, што тут вось найбольш таннае ўсё вырабляецца, тут больш за ўсё ўсяго робяць, тут усе палі засеяныя, узнаўляецца мэліярацыя – тыя самыя савецкія падыходы, савецкія стэрэатыпы ўзнаўляюцца і ставяцца тыя ж самыя мэты, ставяцца тыя ж самыя задачы... Уласна кажучы, рэанімуюцца тыя ж самыя падыходы аб’ёмных нейкіх паказчыкаў”.

Сёлета заплянавана правесьці рэканструкцыю і тэхнічнае пераабсталяваньне на кожны пятым з пабудаваных за савецкім часам комплексаў. Агульная сума капіталаўкладаньняў складзе 80 мільярдаў беларускіх рублёў. Грошы вялізныя. Аднак калі ўлічыць, што паводле ацэнак спэцыялістаў тэхнічны патэнцыял сельгаспрадпрыемстваў зношаны больш чым на 80 працэнтаў, дык узьнікае пытаньне: а ці дастаткова выдаткаваных сродкаў на сапраўды якаснае абнаўленьне галіны? Прадстаўнік Дзяржаўнага аб’яднаньня жывёлагадоўчых комплексаў Уладзімер Музыка ад прамога адказу ўхіляецца:

(Музыка: ) “Аб памяншэньні нават гутаркі няма, менавіта па пагалоўю. Так, гадоў па 25-30 гэтым комплексам. Хваробы і іншае назапашваюцца. Таму мы і пайшлі на рэканструкцыю. Робім па-новаму – па тыпу стварэньня рэзэрвовых плошчаў, каб пасьля перагнаць жывёлу ў адбудаваныя будынкі з тых, якім патрэбны рамонт. Зараз “Барысаўскі” фэрму КРС пераабсталёўвае пад патрэбы жывёлагадоўчага комплексу. Тое ж самае робіць “Сож”. Грошай не хапае на сапраўдную рэканструкцыю”.

І ў гэтых умовах нядаўна было заяўлена пра будаўніцтва ў Гродзенскай вобласьці двух сьвінакомплексаў на 108 тысяч галоў кожны – самых вялікіх на кантынэнце. Пакуль жа найбуйнейшым у краіне, СНД і Эўропе быў і застаецца толькі што ўзгаданы Барысаўскі комплекс. Ён утрымлівае прыблізна 90 тысяч жывёлін. Шматлікія спэцыялісты сьведчаць пра жахлівы стан памяшканьняў на плошчы ў 50 гектараў, амаль разбураную сыстэму ачысткі.

(Ярашук: ) "Я лічу, што вельмі асьцярожна трэба падыходзіць да ідэі... Хто праяжджаў па шашы на Маскву, бачыў, як у месцы, дзе знаходзіцца Барысаўскі сьвінакомплекс на 108 тысяч, ну проста гінуць вакол дрэвы. Гэта найбольш яскравы доказ, як трэба асьцярожна і пільна адносіцца да гэтай праблемы. Таму што можна значна больш згубіць, чым атрымаць. Той напрамак, які сёньня мае месца ў нашай краіне, ён заслугоўвае сур’ёзнай крытыкі”.

Сьвінакомплекс “Барысаўскі” перажыў амаль тры амартызацыйныя тэрміны без капітальнага рамонту, і гэта надзвычай моцна адбілася на экалёгіі. Так, нэгатыўны біялягічны фон на значнай адлегласьці перавышае дапушчальную норму ў 150 разоў, ядавітыя сьцёкі забрудзілі падземныя гарызонты пітной вады, нечыстоты выяўляюць нават на 40-м кілямэтры па цячэньні Беразіны... Насельніцтва пасёлку Лошніца сталася закладнікам экалягічных і сацыяльных праблемаў. Гаворыць тамтэйшая жыхарка Лідзія Новікава:

(Новікава: ) “Вада, так – балючае пытаньне. Насельніцтва ў пасёлку 6 тысяч. Куды дзецца такой арміі людзей, калі комплексу не будзе? Цяпер жа, напэўна, больш сучаснае абсталяваньне ўсталёўваецца, не такое як раней. 30 гадоў ужо комплексу і ўсё старое абсталяваньне стаіць. Каналізацыя і ўсё”.

На значна меншай птушкафабрыцы ў смалявіцкім пасёлку Пліса праблемы тыя самыя:

(Любецкі: ) “Як у нас фабрыка ў Плісе, дык дыхаць няма чым. Сьмярдзіць. Юшку гэтую льюць, ваду гэту на поле. Яна ж сьмярдзючая. Кішкі ж вараць. Параць. Жараць. А потым кормяць курэй, таксама ванішча”.

Сытуацыю камэнтуе Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) "Тут ёсьць пытаньні -- і зусім канкрэтныя -- нейкіх мінусаў, якія прыносіць з сабой вось гэты напрамак. І перш за ўсё размова ідзе, зразумела, пра экалёгію. Той жа самы комплекс на 108 тысяч галоў забруджвае прыроду, як горад з 200-тысячным насельніцтвам. У Салігорскім ці Слуцкім раёне больш дзесьці за 90 працэнтаў калодзежаў у вёсках наагул непрыгодныя для выкарыстаньня, таму што яны забруджаныя, і ў значнай ступені менавіта праз комплексы”.

Нягледзячы на пратэсты беларускіх эколягаў і кіраўніцтва Літвы, на мяжы зь якой пачалося будаўніцтва нябачных раней гіганцкіх сьвінарнікаў, плян ужо рэалізуецца. Дарэчы, і без таго ў басэйне Нёману сканцэнтраваная траціна ўсіх беларускіх жывёлагадоўчых комплексаў. Лёгіка падказвае: трэба спыніцца, яшчэ раз прааналізаваць сытуацыю, аднак улады адмаўляюцца чакаць... Абгрунтаваньне такой палітыкі адно: гэта дазволіць рэзка ўзмацніць пастаўкі сьвініны ў Расею... Ну а прырода і людзі, атрымліваецца, ужо другараднае... Аляксандар Ярашук кажа: такі падыход быў учора і, як сьведчыць найноўшая гісторыя, – ён ня спраўдзіў сябе:

(Ярашук: ) "Людзі і краіна, якія рухаюцца наперад, павярнуўшыся тварам назад, напэўна далёка – у сэнсе эфэктыўнасьці вытворчасьці, жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва – не прасунуцца...”