Каб ня поле ды ня лес, беларус даўно б пачэз

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Бадай, ні пра што іншае няма ў нас столькі прыказак, як пра поле ды лес. У полі беларус працаваў, шчодра паліваючы яго потам, а ў лесе адпачываў душою, адначасова зьбіраючы там грыбы ды ягады, палюючы дзічыну ды сьсякаючы дзеля гаспадарчых патрэбаў бярозы ды хвоі. Дадамо таксама, што ў лесе, падчас ваеннай навалы, нашыя продкі хаваліся ад ворага. Так што, як сьведчыць прымаўка, калі б ня поле, ды ня лес, беларус даўно б пачэз, то бок змарнеў, занядужаў, а то й наагул сышоў у магілу.

Хтосьці можа палічыць такую прымаўку архаізмам, бо навачасныя беларусы ўжо не паліваюць потам ральлі, у лесе бываюць гады ў рады, а многія, пасьмяяўшыся з продкаў, якія жылі з мазольнай працы, сталі бізнэсоўцамі-гандлярамі. І адпачываюць апошнія зазвычай ня ў лесе, а дзе-небудзь на Кіпры. І ўсё ж, пагрэўшы сьпіну на пяску ў ваколіцах Лярнакі, ужо на другі тыдзень гукаюць у мабілы: “Абрыдла, хутчэй бы дахаты!” Яно й вядома: чужое сонца грэе сьпіну, ды ня грэе душы.

Так што перасялі, за прыкладам сталінскіх дэпартацыяў, беларусаў куды-небудзь у горы, на акіянскі бераг ці ў якія вільготныя субтропікі, яны б, вядома, не памерлі, але занядужалі б ад суму па жытнёвых палетках, па ліловай бульбяной квецені, па шуме ветру ў высокіх хвоях. Бо ня сёньня сказана: каб ня поле ды ня лес, беларус даўно б пачэз.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)