Суды ня хочуць разглядаць указ Лукашэнкі аб перайменаваньні праспэктаў

Валер Каліноўскі, Менск Менскі гарадзкі суд сёньня адмовіў у задавальненьні скаргі жыхароў беларускай сталіцы, якія абскардзілі перайменаваньне цэнтральных праспэктаў і вуліц Менску А. Лукашэнкам. Ініцыятары справы, якія лічаць, што А. Лукашэнка не меў на гэта права, зьбіраюцца зьвяртацца ў Вярхоўны суд.
Група менчукоў, абураных прыўлашчваньнем Аляксандрам Лукашэнкам паўнамоцтваў Менскага гарадзкога савету ў справе перайменаваньня вуліц, абскардзіла ягоныя дзеяньні ў судзе Цэнтральнага раёна Менску. Аднак гэты суд адмовіўся разглядаць іх скаргу, спаслаўшыся на тое, што ў ягоную кампэтэнцыю не ўваходзіць разгляд нарматыўных актаў кіраўніка дзяржавы.

Ініцыятары справы палічылі такую пазыцыю не адпаведнай заканадаўству і падалі касацыю ў суд вышэйшай інстанцыі – Менскі гарадзкі. Адзін з заяўнікоў, лідэр АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што згодна з заканадаўствам суд можа разглядаць любое пытаньне, у тым ліку парушэньні закону службовымі асобамі, у тым ліку і кіраўніком краіны. Аднак і Менскі гарадзкі суд палічыў, што разглядаць указы А. Лукашэнкі беларуская судовая сыстэма ня мае права.

Анатоль Лябедзька зазначае, што гэтае рашэньне Менскага гарадзкога суду ў сваю чаргу будзе абскарджанае ў Вярхоўным судзе, прынамсі, каб вярнуць увагу грамадзкасьці да незаконнага, на ягоную думку, перайменаваньня цэнтральных вуліц і праспэктаў Менску.

(Лябедзька: ) “Гэта важнае пытаньне, тым больш, што закончылася лета, і мы маем намер вярнуцца да гэтага, і ў бліжэйшы час зробім спробу зарэгістраваць ініцыятыўную групу”.

Спадар Лябедзька зазначыў, што апазыцыя не адмаўляецца ад ідэі правядзеньня гарадзкога рэфэрэндуму наконт перайменаваньняў А. Лукашэнкам цэнтральных вуліц і праспэктаў сталіцы, а акрамя таго зьбіраецца пачаць збор подпісаў выбаршчыкаў за адкліканьне старшыні Менскага гарсавету Ўладзімера Папкоўскага, за тое, што дэпутацкі корпус пад ягоным кіраўніцтвам ніяк не рэагуе на узурпацыю іхных паўнамоцтваў А. Лукашэнкам.