Ня радуйся з чужой бяды – свая ля барады

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Паводле народнай прыкметы, той, хто пацірае рукі з прычыны чужой бяды, сам у бяду ўваб’ецца. Вось жа і вялікі Скарына з тае нагоды пісаў: “Не копай под другом своим ямы, сам ввалишся в ню”.

Дажыўшы да сівой барады, часьцяком вяртаесься думкамі ў маладосьць, і першае, што згадваецца, гэта вусьцішныя кадры паводак, землятрусаў, абвалаў і цунамі з кіначасопісу “Навіны дня”. Усе гэтыя жарсьці надараліся выключна ў заходніх краінах, і падтэкст, а то й адкрыты тэкст сьведчыў, што дзялкоў заходняга капіталу лёс ахвяраў прыродных катаклізмаў мала цікавіў. Іншая справа – правадыр кубінскай рэвалюцыі Фідэль Кастра, які асабіста, на савецкай вайсковай амфібіі, ратаваў людзей падчас урагану “Флёра”. Пра гэты гераічны чын шмат пісалася ў савецкіх газэтах.

Пасьля таго ўрагану прамінула 40 гадоў, але, як сьведчыць беларуская тэлевізія, у заходнім сьвеце й дагэтуль, апроч трапічных цыклёнаў ды наступстваў тэрарыстычных актаў, няма чаго здымаць. А той парой і на нашых лагодных шыротах усхадзіліся віхуры. Вядома, гэта не карыбскія ўраганы, але й парывы ветру на 20 мэтраў за сэкунду выглядаюць катастрофай: ляціць долу шыфэр са збудаваных шабашнікамі сьвінакомплексаў, валяцца падгнілыя таполі, ірвучы драты электраперадачы, а над палеткамі, як тыя лятаўцы, ірвуцца ў высокае неба поліэтыленавыя парнікі. Іх уладальнікі сядзяць па хатах без электрыкі і ўжо ня могуць пабачыць трапічнага ўрагану альбо шлейфу ад згарэлага амэрыканскага “Атлантыса”. Небаракі шукаюць у прыцемках прыхаваную на выпадак сьвечку, і ў іх ёсьць цудоўная нагода згадаць старую прымаўку: ня радуйся з чужой бяды – свая ля барады.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)