Сяргей Астраўцоў, Горадня У панядзелак увечары ў Горадні адбылося ўручэньне прэміі часопіса “Arche” “За сумленнае слова” аднаму з аўтараў выданьня — Пётры Рудкоўскаму. Галоўны рэдактар часопісу Валер Булгакаў сказаў, што першы тэкст рэдакцыя атрымала ад яго, нічога ня ведаючы аб аўтары, і ўжо цэлы год друкуе ягоныя артыкулы літаральна ў кожным нумары. Артыкул П.Рудкоўскага “Панская Польшча і бяспанская Беларусь” пра беларускіх палякаў сёлета на інтэрнэт-сайце выданьня быў самым чытаным цягам двух месяцаў.
Брат Пётра Рудкоўскі належыць да Дамініканскага ордэну, магістар багаслоўя. Ён з Воранаўскага раёну, закончыў чатыры курсы Гарадзенскай каталіцкай сэмінарыі, затым у Польшчы — дамініканскі калегіюм, цяпер вывучае на пятым курсе філязофію у Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве. На гарадзенскай сустрэчы ён прамовіў “Слова пра сумленьне”, грунтуючыся на біблейскім матэрыяле.
Валер Булгакаў і галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько гаварылі аб імкненьні адгукацца на праблемы інтэлектуальнага жыцьця на старонках сваіх выданьняў. Яны адказалі на пытаньні чытачоў, якіх сабралася каля 50. У сустрэчы браў удзел гурт “Чатыры на восем”.