У Крэве прэзэнтавалі “закаванага Кейстута” (фота)

Ігар Карней, Крэва У мінулыя выходныя ля напаўразбураных, але ўсё ж велічных сьценаў Крэўскага замку адбыўся этнафэстываль “Крэўскія камяні”: сюды зьехаліся ансамблі старадаўняй музыкі, танцавальныя калектывы, барды, майстры народных рамёстваў. У рамках фэсту таксама адбыўся плэнэр “Легенды зь пяску”, ініцыяваны менскім скульптарам Генадзем Лойкам. Цягам двух дзён менавіта змайстраваная зь пяску фігура закаванага Кейстута прыцягвала найбольшую ўвагу наведнікаў.
Скульптар Генадзь Лойка апавядае, што падчас падобных пленэраў сутыкаецца з адной і той жа праблемай — дэфіцытам пяску. Вось і цяпер: замовілі шэсьць грузавікоў, мясцовы сельсавет паабяцаў, але насамрэч абмежаваліся двума няпоўнымі самазваламі. Нягледзячы на гэта, пясчаная скульптура Кейстута ўражвала — ня толькі хрэстаматыйным падабенствам, але і выбраным спосабам падачы. Уражаньне такое, што зямлю разрывае магутны волат. Сам спадар Лойка на зьдзіўленыя пытаньні гледачоў — маўляў, навошта так старацца, каб заўтра такая прыгажосьць ператварылася ў пыл — адказвае словамі дэвізу пленэра: “Arena volet mitus manet”, што ў перакладзе з лацінскай — “Пясок зьлятае, міт застаецца”.

(Лойка: ) “Часта людзі прыходзяць і ўздыхаюць: ах, як гэта прыгожа, але ж гэта ўсё зь пяску, усё рассыпецца! Я адказваю словамі Хрыста: не пра гэта вы думаеце. Мы вам паказваем, як Беларусь зьнікае, рассыпаецца паміж пальцамі. Таму не губляйце мовы нашай, не губляйце нашыя легенды…”

(Карэспандэнт: ) “Гэта ўжо пяты падобны пленэр. Каго з герояў вы яшчэ ўвасобілі ў пяску?”

(Лойка: ) “У 1998 годзе ў мяне ўзьнікла ідэя наладзіць практыку для дзяцей на пяску, у кар’еры пад Заслаўем. Там упершыню прэзэнтавалі Рагнеду, якая сядзела, як фараон, — тры з паловай мэтры вышынёю. А потым дачуліся, што ў тысячным годзе Рагнеда памерла, значыць, у 2000-м трэба было яе ўшанаваць. Дамаўляліся нават, што самалёт будзе, каб зьверху можна было на яе глядзець. Не атрымалася — быў моцны вецер, самалёт на шашу сесьці ня здолеў. Але мы паказалі ўсяму сьвету, якой велічнай была Рагнеда, ажно 25 мэтраў. Потым узьнікла ідэя “Магілы льва” — натуральна, у Магілёве капалі. У Наваградку зрабілі “Карону Міндоўга”, у 2004 — Гражыну. І цяпер, калі дачуліся, што праз этнафэст ёсьць жаданьне зьвярнуць увагу грамадзкасьці на стан Крэўскага замку, узьнікла ідэя “Закутага Кейстута”: сам Кейстут, прыкуты Ягайлам, увесь пад зямлёй, і толькі некаторыя часткі цела выступаюць над травой. Мы яшчэ перацягнем усё вяроўкамі, і будзе амаль напраўду прыкуты да роднай зямелькі Кейстут”.

Генадзь Лойка расказвае, што яшчэ ў канцы 1990-х, калі выкладаў у Рэспубліканскай гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка, кожную зіму, за паўгоду да заплянаванага плэнэру, ставіў вучням умову: хто будзе гаварыць толькі па-беларуску, таго летам вазьму на акцыю. Якую — абяцаў сказаць толькі напярэдадні. Ад таго часу шмат ужо хто з былых научэнцаў сталі студэнтамі ці скончылі навучаньне ўвогуле, але любімай справы не закінулі.

Нягледзячы на тое, што, як і папярэднім працам, пясчанай скульптуры Кейстута наканаванае зусім нядоўнае жыцьцё, пясок запатрабуецца для рэстаўрацыі Крэўскага замку. А значыць, і сам дух героя будзе жыць ў іншым абліччы. А людзям застанецца чарговая легенда...