Якім будзе новы ўкраінскі ўрад?

Вячаслаў Ракіцкі, Прага Прызначаны выконваць абавязкі прэм''ер-міністра Ўкраіны Юры Еханураў пачаў кансультацыі, каб сфармаваць новы ўрад. Як вядома, учора ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка накіраваў у адстаўку ўвесь кабінэт на чале з прэм''ер-міністрам Юліяй Цімашэнкай.
Выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Юры Еханураў заявіў, што галоўнай задачай цяпер ёсьць аднаўленьне стабільнасьці.

(Еханураў: ) “Галоўнае – гэта стабільнасьць у краіне і каб просты чалавек адчуў, што ў краіне ёсьць прэзыдэнт, ёсьць урад, ёсьць парлямэнт. І што ўся ўлада працуе на яго.”

Новаму ўраду давядзецца шмат зрабіць, і найперш вярнуць давер грамадзтва да ўраду і ўвогуле да ідэяў леташняй Аранжавай рэвалюцыі, якая абяцала рэформы. Апытаньні сьведчаць, што шмат украінцаў незадаволеныя працай звольненага ўраду. Так, у жніўні 43% апытаных выказалі перакананьне, што краіна ідзе няправільным шляхам. Такіх людзей стала на 23% болей, чым у красавіку.

Украінскія палітолягі лічаць выбар Юшчанкі разумным. Еханураў – чалавек, добра вядомы ва ўкраінскай палітыцы. У сярэдзіне 1990-х гадоў ён ачольваў Фонд дзяржаўнай маёмасьці, і менавіта ён ажыцьцяўляў першую стадыю прыватызацыі. Працаваў ён і міністрам, і віцэ-прэм''ерам. Такім чынам, ён дасьведчаны ў эканамічных справах. Еханураў зьяўляецца палітычным прыхільнікам прэзыдэнта Юшчанкі, які яму давярае.

З другога боку, у адрозьненьне ад звольненай Юліі Цімашэнкі, Еханураў ня мае палітычных амбіцыяў. Паводле назіральнікаў, ён сфармуе кабінэт тэхнакратаў, і менавіта яго прэзыдэнт прапануе на пасаду прэ''ер-міністра. Кабінэт, які ня будуць разьдзіраць ідэалягічныя спрэчкі, можа як найлепей выканаць абяцаньні, дадзеныя Віктарам Юшчанкам у часе Аранжавай рэвалюцыі. У гэтым будзе яго перавага над мінулым урадам, калі прэзыдэнт прапаноўваў лібэральныя рэформы, а прэм’ер – папулісцкія.

Учора Юлія Цімашэнка выказала шкадаваньне з нагоды роспуску кабінэту.

(Цімашэнка: ) “Тое, што адбываецца адносна нас – вельмі несправядліва. Я думаю, што мы першы аранжавы ўрад, які за 7 месяцаў змог зрабіць болей, чым шмат урадаў маглі зрабіць за 14 гадоў.”

Некаторыя назіральнікі кажуць, што зыход Цімашэнкі ў апазыцыю будзе небясьпечным для прэзыдэнта Юшчанкі. Іншыя аналітыкі кажуць, што гэта малаверагодна, бо сваю палітычную папулярнасьць Цімашэнка набыла, калі была побач зь Юшчанкам на Майдане.

Тым часам, радыкальны крок Юшчанкі атрымаў падтрымку міжнародных лідэраў, уключна з прэзыдэнтамі Расеі й Грузіі. Дзярждэпартамэнт ЗША назваў адстаўку ўкраінскага ўраду – нармальнай зьявай для дэмакратычных краінаў.

Гл. таксама • Аляксандар Лукашэнка назваў апошнія рашэньні Юшчанкі правільнымі • Што думаюць беларусы пра ўрадавы крызіс ва Ўкраіне? • "Тройчы здраджаная Юля"?