Хутар, Сьветлагорскі раён

Ягор Маёрчык, Хутар, Сьветлагорскі раён, Гомельшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.
Загадчыца бібліятэкі Валянціна Філіпчык ходзіць па галоўнай залі, махае рукамі і голасна абураецца:

(Валянціна Філіпчык: ) “Сёньня здарылася непрыемнасьць. Ноччу ўлезьлі і праз фортку павыцягвалі фіранкі. Бачыце, нават карнізы паламалі”.

(Карэспандэнт: ) “А гэта ў вас першы раз такое?”

(Валянціна Філіпчык: ) “За ўсё маё жыцьцё першы раз такое! Я ж кожную хату абыду. Шкада толькі, што ўчастковы забраў з нашага музэю дубальтоўку 1918 году. Хоць я і шмат сілаў патрачу, але гэтых алкашоў усё адно знайду, знайду гэтых падлаў!"



Людзі ўжо тут выюць. Апошнія тры-чатыры гады людзі ў такім страху жывуць! Здымаюць мэталічныя дахі і платы — усё здымаюць. Яны мэтал крадуць. Валяць антэну нашы мясцовыя хлопцы 17—18 гадоў. Пархіміха іх просіць: “Сыночкі, не цягніце! Дзьве гадзіны ночы. Куды вы гэтую трубу цягнеце?!” “Ідзі бабуля, бо заб’ём!” Участковы прыедзе. У яго просяць: “Дапамажыце!” Іх аштрафуюць — бацькі заплацяць, і яны зноў пачынаюць арудаваць. І вось яны ўжо да бібліятэкі дабраліся”.

Выпадкова так сталася, што на месцы злачынства я апынуўся на паўгадзіны раней за міліцыю. Калі ў Хутары зьявіліся людзі ў пагонах, пачалося тое, што на іхнай прафэсійнай мове называецца сьледчымі дзеяньнямі і апэратыўнымі мерапрыемствамі.

З роспытамі завітваюць праваахоўнікі і да тутэйшага крымінальніка Аляксандра Лукашэнкі. Некалі вёску наведаў іншы Лукашэнка (той, які кіраўнік дзяржавы). Да прыезду важнага госьця адрамантавалі школу. Пажар у ёй здарыўся празь некалькі дзён пасьля візыту. Згадвае настаўнік Іван Філіпчык:

(Іван Філіпчык: ) “У тую ноч група дзяцей — яны ўжо ня дзеці былі, бо школу скончылі — залезьлі ў сталоўку і скралі паесьці: масла і цукеркі. І ў тую ноч пачынаючы менавіта з кабінэту дырэктара загарэлася школа. Усё сьпісалі на старэйшага хлопца — Аляксандра Лукашэнку. У нас гэтыя Лукашэнкі тут жывуць. Ён і да гэтага сядзеў у турме — скраў матацыкл. Вярнуўся. Залез у краму — адседзеў два гады. Толькі прыйшоў — залез у школу. Тады яго пасадзілі. І вось нядаўна ён зноў вярнуўся”.



Іван Філіпчык —захавальнік самай буйной у Сьветлагорскім раёне Гомельшчыны калекцыі каменных сякераў. Іх тут ажно шэсьць штук. Некалі стэнд з экспанатамі месьціўся ў школьным кабінэце гісторыі. Пазьней археалягічныя знаходкі перанесьлі ў музэй, які знаходзіцца пад адным дахам зь вясковай бібліятэкай. Вы запытаецеся, чаму сякеры пераехалі на новае месца? Спадар Філіпчык на гэтае пытаньне адказвае так:

(Іван Філіпчык: ) “Прыехалі да нас вучні з гарадзкога інтэрнату. Хадзілі па школе і ўзламалі гэты стэнд. Узялі сякеры і ўсё імі пашкодзілі”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе іх пазнаходзілі?”

(Іван Філіпчык: ) “Сякеры папрыносілі вучні. Знаходзілі іх выпадкова. На ўскрайку лесу ў нас ёсьць урочышча Гарадзец. Там было гарадзішча. Яно не дасьледаванае, яго нідзе нават на мапах няма. І ў нас тут ёсьць каля трыццаці курганоў. І вось так вучні пазнаходзілі гэтыя сякеры. Чытаючы літаратуру, я прыкладна вызначыў, што яны адносяцца да 1 тысячагодзьдзя да нашай эры”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму вы не пайшлі далей і не запрасілі навукоўцаў?”

(Іван Філіпчык: ) “Няма на гэта часу. У вёсцы ёсьць каровы і сьвіньні — гаспадарка. Няма калі займацца навукай”.

Два гады таму ў Сьветлагорску выходзіў незалежны тыднёвік “Рэгіён-Весткі”. На старонках выданьня неаднойчы зьяўляліся зацемкі пра жыцьцё вёскі Хутар. Тутэйшае насельніцтва і кіраўнік калектыўнай гаспадаркі Віктар Латугоўскі канфліктуюць ня першы год. Дырэктара вінавацяць у сваволі і пагардлівым стаўленьні да вяскоцаў. Падчас чарговага абвастрэньня адносінаў у райцэнтар прыехалі чальцы парлямэнцкай групы “Рэспубліка” Валер Фралоў і Сяргей Скрабец. Тады дэпутаты наведаліся ў Хутар. Пра тое, як разьвіваліся падзеі далей, колішні супрацоўнік газэты Тэльман Масьлюкоў:



(Масьлюкоў: ) “Калі яны прыехалі ў вёску, адбыўся вялікі сход. Празнаўшы пра гэта, праз колькі хвілінаў прыехаў кіраўнік Латугоўскі. У прысутнасьці дэпутатаў людзі выказалі ўсё свае нязгоды і сваю незадаволенасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Адна справа выказаць, іншая — каб сытуацыя зьмянілася. Ці адрэагавала раённая вэртыкаль? Можа вам вядома, чым гэты канфлікт скончыўся?”

(Масьлюкоў: ) “Нейкая рэакцыя з боку мясцовых уладаў на ўсю сытуацыю была. Але карэнным чынам жыцьцё гэтай вёскі не палепшылася. Для раённых уладаў гэтая гаспадарка зьяўляецца ўзорна-паказальнай. Калі сюды прыяжджаюць прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі ці сам прэзыдэнт, то гэтую гаспадарку паказваюць як пасьпяховую. Калі гаварыць пра газэту “Рэгіён-Весткі”, мяркую, што адной з прычынаў таго, што ўлады зрабілі шэраг дзеяньняў, каб газэта перастала выходзіць, было тое, што газэта асьвятляла гэты канфлікт”.

Узорна-паказальная гаспадарка — гэта значыць, з добрымі паказьнікамі сабранага ўраджаю, з параўнальна нармалёвымі заробкамі. А яшчэ вонкава дагледжаная сядзіба з дэкаратыўным млынам.



У часе маёй камандзіроўкі Віктар Латугоўскі быў у адпачынку. Ягоныя падначаленыя размаўляць не жадалі. Яны спасылаліся на тое, што ня маюць на гэта паўнамоцтваў.

Натальля Крыўда жыла ў суседняй з Хутарам вёсцы. У маладосьці зьехала ў горад і працавала там да самае пэнсіі. А затым вярнулася сюды. Кажа, што з Латугоўскім працаваў ейны сын, таму яна ведае гэтага чалавека. І падставаў крыўдаваць у спадарыні Крыўды няма.



(Крыўда: ) “У нас усё выдатна. У нашага бацькі Латугоўскага выдатная гаспадарка!”

(Карэспандэнт: ) “Латугоўскі ў вас бацька? Звычайна бацькам Лукашэнку называюць...”

(Крыўда: ) “І гэты нармалёвы бацька”.

(Карэспандэнт: ) “Мне некаторыя людзі казалі адваротнае. Нібыта, увесь час ён канфліктуе з тутэйшым насельніцтвам, што ён людзям помсьціць”.

(Крыўда: ) “Сонца ўсіх не абагравае, а ты хочаш, каб чалавек усім дагадзіў! Ён стараецца: даў камбайны, каб людзі жыта паўбіралі. Латугоўскі нармалёвы. Цаны яму няма! Ты бачыў, якія ён прыгожыя дамы пабудаваў? Малайчына! Прэзыдэнт у нас нармалёвы, і наш Латугоўскі нармалёвы!”

З шасьці соцень насельнікаў Хутару мала хто наважыцца выказаць сваё сапраўднае стаўленьне да кіраўніка гаспадаркі. Прычыны тут дзьве. Першая — страх. Кажуць, што як толькі чалавек паказвае незадаволенасьць, ён аўтаматычна трапляе ў чорны сьпіс. І ня бачыць яму болей ні дапамогі ад гаспадаркі, ні простай чалавечай спагады ад начальства. А другая прычына амаль анэкдатычная. Напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі (той, які кіраўнік дзяржавы) у Хутар пад выглядам вандроўнікаў завіталі супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта зь ліку тых, хто рыхтуе ягоныя візыты. Яны спыніліся пад крамаю і размаўлялі пра жыцьцё з усімі, хто праходзіў побач. Раённая вэртыкаль пасьля дакарала людзей, што занадта гаваркія. Ад таго часу да незнаёмых людзей у вёсцы ставяцца падазрона.

Пра сваю суразмоўцу я скажу толькі адно — яна сярэдняга веку. Болей нічога не дадам, бо ня хочацца рызыкаваць лёсам кабеціны.

(Спадарыня: ) “Нібыта вёска вялікая і пэрспэктыўная, а працы няма. У нас такі начальнік, што бярэ сваіх, гарадзкіх. Вясковыя людзі яму не падыходзяць. Ён гаворыць, што ў вёсцы адны выпівохі. Нібыта ў горадзе такіх няма. Па-мойму, усе цяпер п’юць аднолькава. Я не ўяўляю, як гарадзкі чалавек можа болей разьбірацца ў вясковым жыцьці”.

(Карэспандэнт: ) “Як вяскоўцы на жыцьцё зарабляюць?”

(Спадарыня: ) “Яны едуць у горад і там шукаюць працы. А ў нас тут немагчыма трымаць каровы, бо іх няма дзе пасьвіць. Ён сказаў: “Я вам так зраблю, што вы будзеце трымаць адну карову на тры сям’і”. Раней у нас было 150 галоў,а цяпер засталося толькі 50. Гэта людзі столькі сваіх кароваў паздавалі. Калі вы заяжджалі ў вёску, праваруч пасьвіліся нашы каровы. Вы бачылі? Там поле такое, як гэты асфальт. Там травы няма! Нам пашу восем год не мянялі. Вось і ўявіце, што там можа быць за трава!”

(Карэспандэнт: ) “А вы б у райвыканкам зьвярнуліся б... Няўжо на яго нельга знайсьці ўправы?”

(Спадарыня: ) “Мабыць, ніхто на яго ўправы ня можа знайсьці. Я проста ня ведаю, што гэта за чалавек... Ён горшы за зьвера”.

(Карэспандэнт: ) “А як людзі гэта церпяць?”

(Спадарыня: ) “А што ім застаецца? Церпяць, бо нічога іншага няма”.

Два гады таму Сяргей Скрабец падсумоўваў візыт у Хутар такімі словамі: “Шмат якія пытаньні, што ўзьнікаюць у людзей, гадамі не знаходзяць адказаў. Гэта, дарэчы, паказальна для ўсёй нашай Беларусі. Відаць, што мясцовыя чыноўнікі лічаць сябе маленькімі царкамі, якім усё можна. На людзей яны мала зьвяртаюць увагі”.