Леанід Дранько-Майсюк, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Гэта відавочна алегарычнае выслоўе. Паводле яго, на ланцуг можна ўзяць сабаку, але, скажам, бусла нельга, бо менавіта неба, як сымбаль свабоды і як сымбаль ратунку, спрыяе нябеснай істоце буслу, а не зямной істоце сабаку...
Чалавек – таксама істота зямная, і з гэтае прычыны на чалавека ланцуг накінуць можна. Аднак жа сярод людзей ёсьць асаблівыя людзі, якіх (ізноў жа ў алегарычным разуменьні) не прыкуеш і не прывяжаш – то бок не прымусіш іх знаходзіцца ў адным месцы (скажам, сядзець у турме ці жыць у роднай хаце), бо гэтым людзям дапамагае, як праява найвышэйшай сілы, усё тое ж неба.
Прынята лічыць, што неба дапамагае рамантыкам, вандроўнікам, жабракам, божым людзям – валацугам. Невыпадкова ж Якуб Колас у паэме “Сымон-музыка” заўважыў:
Пагадзіцца з гэтым трэба:
Многа ў сьвеце валацуг,
Жыць дазволіла ім неба,
Іх ня возьмеш на ланцуг...
Дарэчы, гэта даволі аптымістычная выснова, таму кожнаму неўраўнаважанаму рамантыку раю вывучыць на памяць згаданыя радкі клясыка, а таксама ж раю – калі, ня дай Божа, здарыцца благая хвіліна! – дзеля супакаеньня самому сабе ўпэўнена сказаць: “За кім неба – на таго ланцуг не накінеш!”
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)