Выбары ў Эгіпце праходзяць з рэпрэсіямі

КАІР. У Эгіпце ўпершыню за шмат дзесяцігодзьдзяў адбываюцца альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары. На прэзыдэнцкі пасад прэтэндуюць 10 кандыдатаў. Чакаецца, што 77-гадовы Хосьні Мубарак, які ачольвае краіну ўжо 25 год, застанецца пры ўладзе. Вынікі выбараў будуць абвешчаныя заўтра. Некалькі сотняў дэманстрантаў сабраліся ў цэнтры Каіра з заклікам байкатаваць выбары, але паліцыянты ў цывільным разагналі акцыю ды зьбілі некаторых удзельнікаў. З 1981 г. Мубарак чатыры разы працягваў свае паўнамоцтвы праз рэфэрэндум. Ён зьмяніў выбарчую сыстэму сёлета, аднак ягоныя апанэнты лічаць, што рэальных зьменаў не адбылося. Найбольш рэальны канкурэнт Мубарака, Айман Нур з партыі "Заўтра" (Ghad), заявіў, што шматлікія злоўжываньні падарвалі легітымнасьць выбараў і зьвялі іх да чарговага рэфэрэндума. Сярод зафіксаваных злоўжываньняў – ціск на выбарцаў, зьбіеньні і арышты.