Актывісту АГП – 600 000 рублёў штрафу

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня у Ваўкавыску суд аштрафаваў на 600 тысяч рублёў актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віталя Гуляка. Ён пакараны за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце падчас правядзеньня у Ваўкавыску паўторнага зьезду Саюзу палякаў.
У суд былі выкліканы ў якасьці сьведкаў тры міліцыянты, якія сьцьвярджалі, што Віталь Гуляк сам ім сказаў, што партыйцы праводзяць пікет, пратэстуючы супраць правядзеньня ўладамі зьезду Саюзу палякаў. Як мне паведаміў кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі АГП Юры Істомін, які езьдзіў у Ваўкавыск, у судзе не была прагледжана відэаздымка падзеяў. Судзьдзя адмовілася праглядаць відэа, бо судзьдзі Ланцэвіч аказалася дастаткова сьведчаньняў міліцыянтаў.

27 жніўня, калі у ваўкавыскі Дом культуры прывезьлі ўдзельнікаў паўторнага зьезду Саюзу палякаў, на вуліцы сабраліся некаторыя гараджане, а таксама журналісты і актывісты Саюзу палякаў з Горадні, якіх не пусьцілі ўнутр. Усіх іх прыцягнула мерапрыемства, якое было праведзена па запатрабаваньні і пры падтрымцы ўладаў. Мін''юст скасаваў вынікі 6-га зьезду Саюзу палякаў, які адбыўся увесну ў Горадні, і на якім старшынёй гэтай грамадзкай арганізацыі была абраная Анжаліка Борыс. У Ваўкавыску ў бюлетэні была ўнесена толькі адная кандыдатура 69-гадовага пэдагога на пэнсіі Юзафа Лучніка, за якога прагаласавалі дэлегаты.

Міліцыянты склалі пратакол таксама на кіраўніка ваўкавыскай раённай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Барадаўкіна. Яго таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце. Суд па адміністрацыйнай справе спадара Барадаўкіна адбудзецца заўтра.