“Вечная слава ваярам вялікага гетмана Канстанціна Астроскага...”

RFE/RL Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце затэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.
(Мікола Канаховіч, Пружаны: ) “Паважаныя суайчыньнікі! Я, Мікола Канаховіч з Пружанаў, праз беларускае Радыё Свабода ад шчырага сэрца віншую зь сьвятам 8 верасьня – Днём беларускай вайсковай славы – усіх грамадзян Беларусі, усіх вайскоўцаў, якія сёньня знаходзяцца пад ружжом, тых, хто ўжо ў адстаўцы, і тых, хто яшчэ прыйдзе ў нашае беларускае войска.

Паважаныя беларускія мужчыны! Будзьце годнымі гонару нашых славутых продкаў, якія пад бел-чырвона-белымі штандарамі баранілі нашу незалежнасьць, нашу волю. Вечная слава і вечная памяць ваярам вялікага гетмана Канстанціна Астроскага, ваярам нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага і слуцкім харугвам! Гонар і слава тым, хто сёньня, рызыкуючы здароўем і жыцьцём, выходзіць на вуліцы і плошчы з нашымі, дадзенымі Богам, нацыянальнымі сьвятынямі!

Але прыйдзе час, і цемрашалы ды вырадкі сыдуць у нябыт. І зноў над вольнай Беларусьсю высока залунае бел-чырвона-белы сьцяг ды славутая “Пагоня”!

Яшчэ раз віншую зь вялікім сьвятам усіх сапраўдных мужчын, да якіх маці-радзіма, маці-мова маюць найвялікшы сэнс.

Жыве 8 верасьня! Жыве вольная Беларусь!”

(Эвальд Гатоўскі, Менск: ) “Добрага дня, даражэнькія! Віншую вас са сьвятам – угодкамі бітвы пад Воршай! У сувязі з гэтай бітвай у мяне калісьці ўзьніклі радкі, якія я назваў “Зварот да здраднікаў”.

Вас Бог пакарае за здраду ў бядзе, Бо душу прадалі вы зноў сатане, Які, нібы сучка, бяжыць да мяжы Ласкавіць сабаку за косьці, грашы.

А калі ўсё прап’е з маскалём сатана Ды дзетак на поўдні загубіць вайна, Хто сьвету адкажа пры голай казьне На словы паэта: “А хто ж там ідзе?”

Ды кіньце з карытам цягацца, сябры! Гадуйце шляхецтва праз гонар душы! Ганіце ў шыю таемную гразь, Як гнаў яе з Воршы найсьветлы наш князь.

Са сьвятам вас! З добрай гістарычнай памяцьцю!”

(Уладзімер: ) “Мой званок – водгук на вашае дасьледаваньне пра тое, што трэба рабіць, каб падтрымліваць цела ў тонусе.

Па-першае, трэба займацца агульнымі фізычнымі практыкаваньнямі, вельмі пажадана гартаваць цела. Моцнае цела заўжды абароніць чалавека ад усіх хваробаў.

Яшчэ прагучала думка, што было дасьледаваньне міжнароднай камісіі, што асноўнай прычынай захворваньня насельніцтва ў Чарнобыльскай зоне – нізкі ўзровень жыцьця і стрэсы. Але ж уплыву радыяцыі таксама нельга выключаць. Таксама людзі самі не клапоцяцца пра сябе. Каб, напрыклад, займацца аздараўленьнем і гартаваньнем вялікіх грошай і сродкаў ня трэба, наадварот, гэта яшчэ і дапаможа зэканоміць. Таму галоўнае – мэнталітэт людзей: калі чалавек захоча аздаравіцца, ён гэта зробіць, здароўе яго палепшыцца нават ва ўмовах Чарнобыльскай зоны”.