Ствараецца "Рух за вызваленьне Беларусі ад дыктатуры"

Уладзімер Глод, Менск Пра гэта заявілі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі 7 верасьня ў Менску тры беларускія палітыкі – Аляксандар Вайтовіч, Васіль Лявонаў і Валеры Фралоў. Яны паведамілі журналістам, што новая арганізацыя будзе дамагацца недапушчэньня да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандра Лукашэнкі.
Падставай для гэтага, паводле палітыкаў, зьяўляецца нелегітымнасьць леташняга рэфэрэндуму, сфальсыфікаваныя вынікі якога дазваляюць дзейнаму кіраўніку беларускай дзяржавы ўдзельнічаць у выбарах трэці раз запар.

Стваральнікі Руху паведамілі, што іх арганізацыя адкрытая для далучэньня. Акрамя таго, спадары Вайтовіч, Лявонаў і Фралоў паведамілі журналістам, што падпісалі паміж сабой пагадненьне, згодна зь якім на прэзыдэнцкія выбары 2006 году зь іх трох пойдзе толькі адна асоба. Хто гэта будзе, вырашыцца пазьней.

Стваральнікі Руху заявілі пра жаданьне аб''яднаць намаганьні ў падрыхтоўцы да выбараў з палітычнымі сіламі, якія ўваходзяць у кааліцыю "5+". (ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ)