"Wall Street Journal": “Катрына” выклікае сусьветны рост цэнаў на нафту

Сьвятлана Курс, Прага Цэны на нафту рэзка ўзрасьлі ў выніку разбурэньня амэрыканкай нафтаперапрацоўчай структуры ўраганам "Катрына". Міжнародныя экспэрты не выключаюць далейшы рост цэн на паліва на сусьветным рынку. Наша карэспандэнтка – з кароткім зьместам публікацыі ў "Wall Street Journal".
Ураган “Катрына” быў самым разбуральным у гісторыі ЗША. Берагавая ахова ўзьбярэжжа Мэксыканскай затокі пацьвердзіла, што 26 нафтаздабывальных плятформаў зьнішчаныя і яшчэ 20 пашкоджаныя.

Нафтаперапрацоўчая прамысловасьць цяпер патроху аднаўляецца, але сьвет застаецца перад пагрозай энэргетычнага крызысу. Учора Амэрыканская аўтамабільная асацыяцыя паведаміла, што сярэдні кошт неэтыляванага бэнзіну ў Амэрыцы сягнуў адзнакі 3.06$ зa галён. За месяц да гэтага ён каштаваў 2.3$. Стары кошт адпавядаў прагнозу росту коштаў на паліва ў сьвеце. Гэты прагноз быў складзены аналітыкам яшчэ ў сакавіку 1982 годзе, аднак ураган унёс свае карэктывы. Аналітыкі цьвердзяць, што цэны на нафту могуць зноў узьняцца ў найбліжэйшы час, калі на рынках ЗША зьявіцца нафта з надзвычайнага імпарту.

Рэгіён, разбураны “Катрынай”, перапрацоўваў прыкладна чвэрць паліва, спажыванага ў ЗША – як нафты, гэтак і бэнзіну. Ураган прывёў да таго, што разьліў перапрацаваных нафтапрадуктаў зьнізіўся на 1 мільёнаў барэляў у дзень, што адпавядае 10% ўсяго спажыванага ў ЗША паліва. У найбліжэйшыя дні палова нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў будзе адноўленая, аднаўленьне астатніх заводаў зойме прыкладна месяц.

Амэрыканскія аналітыкі кажуць, што прыродны ўраган выклікаў ураган у нафтаперапрацоўчай прамысловасьці сьвету. Нафтаперапрацоўчыя кампаніі рэзка падвысілі цэны і пабачыўшы экстраардынарны прыбытак, будуць падвышаць іх зноў. Цана расьце менавіта на палівы пры ўстойлівай цане сырой нафты. Губэрнатары пяці амэрыканскіх штатаў зьвярнуліся да прэзыдэнта ЗША з просьбаю, каб той паўплываў на нафтавыя кампаніі, якія ўзьвіньцілі цэны. Кангрэс правядзе слуханьні ў гэтай справе на наступным тыдні.

Тым часам людзі ў ЗША канстатуюць, што нафтавы крызыс істотна закрануў іх паўсядзённае жыцьцё. На запраўках стаяць доўгія чэргі, а некаторыя адмаўляюцца ад заплянаваных паездак з-за дарагоўлі бэнзіну.

Том Клоза, галоўны нафтавы аналітык Oil Prise Information Service, лічыць, што высокія кошты на паліва прымусяць людзей радзей карыстацца аўтамабілем для нерабочых паездак. І гэта прывядзе да зьніжэньня колькасьці спажыванага паліва амаль на мільён барэляў у дзень.

У сьвеце нарастае раздражнёнасьць дарагоўляю паліва. На гэтым тыдні францускія кіроўцы грузавікоў блякавалі выезды з краіны і бэнзазапраўкі на знак пратэсту супраць падвышэньня цэнаў. Прэ’мер Францыі Дамінік дэ Вільпэн абяцаў спрыяць спыненьню рэзкага росту цэнаў на паліва.