Там, дзе пачынаўся ураган “Катрына”

Ганна Сурмач, Прага Эфір 6 верасьня Увесь сьвет занепакоена назірае за трагічнымі падзеямі ў Новым Арлеане, найбольшым горадзе паўднёва-амэрыканскага штату Луізіяна, які пацярпеў ад магутнага урагану “Катрына”. Гэты ураган сфармаваўся ў раёне Багамскіх астравоў і свой першы удар па тэрыторыі ЗША нанёс вечарам у чацьвер 25 жніўня на узбярэжжы Флярыды. Беларусы, якія жывуць у горадзе Маямі, што на самым поўдні Флярыды, разам з іншымі жыхарамі гэтых курортных мясьцінаў першымі пазнаёміліся з “Катрынаю” і мелі шчасьце, што ураган там яшчэ не разышоўся на поўную сілу. Размову зь беларусамі з Маямі вы пачуеце ў новым выпуску перадачы “Беларусы за мяжою”.
Сяргей Фурманаў знаходзіўся ў горадзе, калі ураган “Катрына” абрушыўся на Маямі.

(Фурманаў: ) ”Напачатку гэта быў проста трапічны шторм, моцны вецер, навальніца. Электрычнасьць адключылі на тры гадзіны, але нічога асабліва страшнага не было, тут ён набраў моц да аднаго балу. У Маямі не было моцных разбурэньняў, як у Новым Арлеане. Канешне, былі паваленыя дрэвы, сьмецьце паўсюль раскіданае. Але, усё тут вельмі хутка аднаўляецца. А потым ураган набраў моц і пайшоў на поўнач, на Луізіяну, у нас быў першай катэгорыі, а ў Новым Арлеане была ўжо чацьвёртая ці нават пятая - наймацнейшая”.

(Сурмач: ) “Сяргей, часта бываюць там гэтыя ураганы?!”

(Фурманаў: ) ”Жнівень - гэта якраз месяц ураганаў, яшчэ і ў верасьні. У мінулым годзе было недзе чатыры”.

(Сурмач: ) “ Відаць, там людзі сябе адчуваюць не вельмі камфортна, знаходзячыся увесь час пад пагрозаю стыхіі?

(Фурманаў: ) ”Можна сказаць, што так. Але, ведаеце, яшчэ і штучна наганяецца такі псыхоз, бо на гэтым таксама робяцца грошы. Па радыё, па тэлебачаньні паведамляецца, ураганы гэтыя называюць чалавечымі імёнамі, гэтым як бы ачалавечваецца стыхія, каб больш страшна было. Пастаянна гаворыцца пра тое, што трэба закупляць у запас воду, сухія прадукты, ліхтарыкі. Напярэдадні ураганаў у любым супермаркеце можна назіраць такую карціну, як некалі ў савецкіх крамах - пустыя паліцы”.

(Сурмач: ) “Так што псыхалягічна Вам там нялёгка ?”

(Фурманаў: ) ”Нельга сказаць, што цяжка, проста жывем, беларусы да ўсяго прывыкаюць. Гэты псыхоз нагнятаецца пастаянна, але на нас ён меньш дзейнічае, на бальшыню расейскамоўных, якія больш спакойна ставяцца да жыцьця, а на амэрыканцаў вельмі ўплывае, так што крамы маюць з гэтага добры прыбытак”.

Тым не меньш, небясьпека стыхійных бедстваў у гэтым рэгіёне ЗША даволі рэальная. Ураган “Катрына” забіў у Флярыдзе 9 чалавек. Ваколіцы гораду Маямі ў 1992 годзе былі амаль спустошанымі магутным ураганам “Эндру”, які лічыцца адным з трох самых разбуральных ураганаў, якія адбыліся на тэрыторыі ЗША. Як і “Катрына”, ён таксама меў 5 балаў.

( Сурмач: ) “Сяргей, як выглядае сытуацыя ў Новым Арлеане зблізку? Магчыма, што вы там найбліжэй жывеце да месца падзеяў з усіх амэрыканскіх беларусаў?”

(Фурманаў: ) ”Самая найпершая і вялізная праблема цяпер для ўсёй Амэрыкі - гэта нафтавы крызыс. Усе нафтавыя плятформы знаходзяцца якраз у Мэксыканскай затоцы і цяпер яны засталіся без электрычнасьці, пашкоджаныя. Прыпыніліся нафтаперапрацоўчыя заводы. Кошты на бэнзін узрасьлі, на бэнзазапраўках чэргі. У самім горадзе сытуацыя жахлівая. Але ідзе збор сродкаў паўсюль, таксама харчоў, вопраткі. Уся гэтая праца арганізаваная вельмі добра. Па першым часе дапамогу аказалі вайскоўцы, як гэта і павінна быць. Цяпер ідзе ўжо збор сродкаў па ўсёй Амэрыцы, дапамога будзе. Амэрыка - моцная краіна, але сытуацыя сапраўды цяжкая”.

(Сурмач: ) “Вашыя бацькі ў Беларусі ,пэўна, трывожыліся, за Вас?”

(Фурманаў: ) ”Так, канешне, мая маці адразу мне пазваніла, я паспрабаваў яе супакоіць, і потым былі увесь час на сувязі”.

(Сурмач: ) “Чаму Вы выбралі для жыхарства менавіта Маямі?”

(Фурманаў: )” Раней я жыў у Нью Джэрзы, там вельмі шмат беларусаў, у мяне там засталося шмат сяброў. А тут жыве мая даўняя сяброўка, мы з аднаго гораду, разам ў школе вучыліся, і я вырашыў пераехаць у Маямі”.

Сяргей родам з Гарадка, што на Віцебшчыне. У Амэрыцы два гады, у Маямі жыве ўжо год.

(Сурмач :) “Што Вас, Сяргей, асабліва прываблівае ў гэтым горадзе?”

(Фурманаў: ) ”Для мяне - гэта масты, тут шмат мастоў. Горад стаіць на астравах і увесь перасечаны мастамі. Шмат начных клюбаў, Маямі называюць клюбнай сталіцаю Амэрыкі. Так што тут вельмі бурлівае начное жыцьцё. Падабаецца, што заўжды цёпла, акіян. Але ж, заўсёды гэткая сьпякота, няма восені, зімы. Канешне, хочацца пабачыць і сьнег, і лісьце жоўтае Хочацца - чатыры пары году”.

(Сурмач :) “Як там з працаю?”

(Фурманаў: ) ”Добра, някепска, на жыцьцё хапае. Маямі - гэта курортны горад, ёсьць праца. Я працую у рэстаране”.

(Сурмач :) “Якія кошты, напрыклад, на жытло?”

(Фурманаў: ) ”Як і ў Нью Джэрзы, напрыклад, арэнда кватэры з адной спальняй каштуе каля 700 даляраў на месяц. Канешне, кошт залежыць ад раёну. Мы жывем у добрым раёне, амаль у цэнтры.

(Сурмач: ) “Вучыцца не будзеце?”

(Фурманаў: ) ”Хачу, але трэба пачакаць. Я вучыўся ў Беларускім эканамічным універсытэце, на факультэце мэнэджмэнта, скончыў чатыры курсы”.

(Сурмач: ) “І хацелі б у гэтай галіне працягваць?”

(Фурманаў: )”Ведаеце, не. Я таму і застаўся ў Амэрыцы, бо хацеў зьмяніць сваё жыцьцё кардынальна. Часамі бывае цяжкавата, але ж магчымасьці тут большыя”.

(Сурмач: ) “Як людзі, хто пераважна складае насельніцтва Маямі?”

(Фурманаў: ) ”Ведаеце, усё ж адчуваецца, што тут больш цёплы клімат, людзі больш пазытыўна настроеныя, больш адкрытыя. Вельмі шмат лацінаамэрыканцаў - з Бразыліі, Мэксыкі, кубінцы, расейская грамада вельмі вялікая, тут ёсьць расейскія крамы, рэстараны”.

(Сурмач: ) “А беларускіх няма?”

(Фурманаў: ) ”Ёсьць адна беларуская крама, там можна набыць беларускую ежу, нават сушкі беларускія прадаюцца”.

(Сурмач: ) “Ходзіце туды купляць?”

(Фурманаў: ) ”Часамі, калі настальгія падступіць, тады канешне, толькі ў гэтую краму”.

(Сурмач: ) Мне пашанцавала знайсьці ўладальніка беларускай крамы ў Маямі, ён назваўся Канстанцінам і паведаміў, што раней жыў у Менску і працаваў у рэстаране гатэля “Беларусь”. На маё, можа , і недарэчнае пытаньне чаму ён адкрыў менавіта беларускую краму, Канстанцін з гонарам адказаў:

(Канстанцін: ) “Таму што мы з Беларусі”.

(Сурмач: ) “А якія ў вас беларускія тавары?”

(Канстанцін: ) ”Цукеркі беларускія прадаем. Ёсьць лён - абрусы, фартухі , амэрыканцы купляюць, ім падабаюцца такія рэчы”.

(Сурмач: ) “А хто пераважна да вас ходзіць?”

(Канстанцін: )”І нашыя людзі, і амэрыканцы прыходзяць, любяць селядцы розныя, саленьні. Мы вырабляем кулінарыю - розныя салаты, селядзец пад “шубаю". Беларускія, расейскія харчы людзям тут усім падабаюцца, амэрыканцам таксама”.

(Сурмач: ) У Вашай краме працуюць беларусы?

(Канстанцін: )”Ёсьць і зь Беларусі таксама”.

(Сурмач: ) “Ці ведаеце, наколькі вялікая беларуская дыяспара ў Маямі?”

(Канстанцін: )”Беларусы ёсьць, але я не думаю , што тут вялікая беларуская дыяспара, недзе сем’яў 50-70, я так лічу”.

(Сурмач: ) “Як Вы тут сябе пачуваеце, цягне дахаты?”

(Канстанцін: ) ”Канешне, цягне, гэта нашая Радзіма, нашы карані, наша культура”.

(Сурмач: ) “Канстанцін, а як Вам запомніўся гэты ураган "Катрын", калі ён пачынаўся на Фларыдзе?”

(Канстанцін: ) ”Быў вецер, моцны дождж, але нічога асаблівага”.

(Сурмач: ) “Так што да ураганаў Вы ужо прывыклі і не баіцеся?”

(Канстанцін: ) ”А чаго могуць баяцца людзі зь Беларусі? Мы ў жыцьці шмат ўсяго бачылі”.

Яшчэ адзін беларускі хлопец у Маямі Андрэй Росін прыехаў з бацькамі ў Амэрыку 10 гадоў таму з Менску.

(Андрэй Росін: ) “Я нарадзіўся ў Курасоўшчыне”.

(Сурмач: ) “ Ці адразу Ваша сям’я выбрала ў Амэрыцы Маямі?”

(Андрэй Росін: ) ”Спачатку быў Бостан, а 5 гадоў таму перабраліся ў Маямі”.

Андрэй ужо два гады працуе ў кампаніі, якая займаецца продажам нерухомасьці. Ён кажа, што задаволены сваёй працаю.

Бацька Андрэя - Аляксандр Росін перад выездам у эміграцыю працаваў у рэдакцыі газэты "Культура". Цяпер ён выдае там расейскамоўны літаратурна-публіцыстычны часапіс "Флорида". Аляксандр некалі пабываў ў Новым Арлеане і быў моцна ўзрушаны тым, пад якім страхам даводзілася жыць ягоным жыхарам.

(Аляксандр Росін: ) ”Я ведаў, што там дамбы. Я быў там два гады таму. Пазнаёміўся з адным таксістам- сэрбам. Ён мне распавёў пра гэтыя дамбы. Сказаў, што горад жыве па Стывену Кінгу, што калі нехта захоча горад зьнішчыць, то дастаткова гэтыя дамбы ўзарваць і ўсё будзе затоплена”.

Як вядома, Новы Арлеан знаходзіцца на адлегласьці 175 кіламетраў ад Мэксыканскай затокі, у дэльце ракі Місысыпі, якая ляжыць ніжэй узроўню мора. У сувязі з гэтым горад абаронены ад затапленьня сыстэмаю дамбаў. Але яны разьлічаныя на шторм не больш за 3 балы. 5 – бальны ураган "Катрына", які дасягнуў узбярэжжа Луізіяны ў панядзелак 29 жніўня, пашкодзіў дамбы і сталася тое, чаго ўвесь час так баяліся жыхары Новага Арлеану: горад на 80 працэнтаў аказаўся пад вадою.