Алег Грузьдзіловіч, Менск. У Івацэвіцкай калёніі №22 адкрылася бібліятэка , стварэньне якой ініцыяваў тутэйшы вязень , лідар гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі.
Змаганьне Валера Леванеўскага за стварэньне бібліятэкі ў калёніі пачалося ад Новага года. Найбольш складаным аказалася атрымаць дазвол адміністрацыі і дамагчыся памяшканьня пад бібліятэку. Валер Леванеўскі распаўсюдзіў дзесяткі лістоў са зваротам дасылаць кнігі ў калёнію. Пасылкі ішлі і працягваюць ісьці з усёй Беларусі. Шмат кніг ў бібліятэку даслалі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі . Паводле зьвестак, зараз ў бібліятэчным фондзе каля тысячы кніг, часопісаў і газэтаў. Аднак не ўсе з дасланых кніг прапусьціла адміністрацыя калёніі. Сын вязьня Уладзімір Леванеўскі згадвае пра кнігі, якія “спыніла” турэмная цэнзура. Так, напрыклад, паводле турэмных інструкцыяў, вязьні не могуць карыстацца кнігамі, дзе ўтрымліваюцца якія кольвек мапы.