МАСКВА. У Паўночнай Асеціі сёньня – апошні дзень жалобы па трыста трыццаць аднаму загібламу ў выніку захопу школы ў Беслане летась. У спартовай зале, дзе ваяўнікі тры дні утрымлівалі закладнікаў, адбылася імша. Перад хвілінай маўчаньня ў 12.05 паводле менскага часу, калі год таму раздаўся першы выбух у школе, дзе ўтрымліваліся тысяча сто дзяцей і дарослых, ударылі званы памяці. Адначасна ў паветра быў запушчаны 331 белы шар.Сваякі загіблых не задаволеныя хадой расьсьледаваньня абставінаў трагедыі. Яны лічаць, што расейскія сілы, якія штурмавалі школу, павінны несьці адказнасьць за такую вялікую колькасьць ахвяраў. Учора адбылася сустрэча прэзыдэнта Расеі з дэлегацыяй зь Беслану. Уладзімер Пуцін паабяцаў разабрацца ў акалічнасьцях трагедыі. Сёньня на нарадзе Рады Бясьпекі ён даручыў Генэральнай пракуратуры праверыць усю інфармацыю пра тэракт у Беслане, якую ён атрымаў ад мясцовых жыхароў.