Няхай паны ня радуюцца – прыйдзе й на іх Радуніца

Валянцін Бойка, Мазыр Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Прыказка, у якой савецкія дасьледчыкі фальклёру маглі пабачыць адно толькі праяву клясавае нянавісьці, мае надзвычай глыбокі сэнс.

Няхай паны ня радуюцца – прыйдзе й на іх Радуніца – народнае выслоўе адлюстроўвае веру пакрыўджанага й зьняважанага ў справядлівасьць. Хай сабе й запозьненую. Хай сабе й ня ў гэтым жыцьці. Назву сьвята Радуніцы некаторыя дасьледнікі выводзяць ад кораня -рад- (таго самага, што і слове радавацца). Радавацца, што можаш ушанаваць продкаў, пачуць іхнія галасы, адчуць подых вечнасьці.

У прыгаданай прыказцы згадка пра Радуніцу набывае іранічнае гучаньне. Слова пан у беларускай традыцыі асацыявалася калі не з прыгнётам, дык, прынамсі, з прэтэнзіяй на шляхетнасьць. Сам вобраз пана хоць і выклікаў некаторую боязь, але ўвадначас і служыў улюбёным аб’ектам вясёлага пацьвельваньня. Як бы асобныя паны ні ганарыліся ўласным розумам, народ заўсёды разумнейшы. І доказ таму – гэтая прыказка: няхай паны ня радуюцца – прыйдзе й на іх Радуніца.

Думаю, продкі не пакрыўдуюць, калі я дазволю сабе крыху зыначыць: радуйцеся, пане, радуйцеся, пакуль ня позна. Танчыце, гуляйце, млейце з уласнае велічы. Толькі, бачу, што вам чамусь ня надта весела. Так, пане, гады мінаюць, і сівізна асядае шэраньню на скронях. І блізіцца тая хвіля, калі надыдзе час Суду. Толькі судзьдзі будуць прызначаныя ўжо ня вамі. Як кажа народ наш беларускі, колькі б воўк ні валок, павалакуць і воўка. І будзе вам, пане воўча, крыўда і зьняслаўе вялікае. Бо, як той казаў, цяпер нас катуеш, можа, калі й сам патанцуеш. Французы, калі зруйнавалі слынную турму Бастылію, павесілі на тым месцы надпіс “Тут танчаць”. Мы таксама калі-небудзь станчым. І пасьмяемся. А паны няхай ня радуюцца – прыйдзе й на іх Радуніца.



Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)