У затопленых раёнах ЗША шырыцца беззаконьне і гнеў

НЬЮ-АРЛЕАН. Сакратар ў справах унутранай бясьпекі ЗША Майкл Чэртоф падкрэсьліў, што аднаўленьне разбурэньняў ўрагану “Катрына” зойме шмат месяцаў і запатрабуе высілкаў кожнага амэрыканца. Белы Дом заявіў, што прыме дапамогу ад усіх. Першай дапамогу ў ратавальных апэрацыях прапанавала Францыя. У разбураных і затопленых ураганам “Катрына” раёнах ЗША расьце колькасьць злачынстваў. Амэрыканскія ўлады паслалі на ўзьбярэжжа дзясяткі тысячаў жаўнераў нацыянальнай гвардыі, каб спыніць марадэрства, страляніну, рабаўніцтва. Жыхары затопленых раёнаў скардзяцца на беззаконьне, безуладзьдзе і адсутнасьць самага неабходнага. Чакаецца, што сёньня Кангрэс ЗША накіруе 10,5 млрд. даляраў на дапамогу пацярпелым. Мэр затопленага Нью-Арлеану Рэй Нэйджын паслаў сьвету сыгнал S.O.S. Сп. Нэйджын заявіў, што ў Нью-Арлеане ў адчайным стане засталіся 20 тыс. чалавек. Губэрнатарка штату Луізыяна Кэтлін Блянка папрсіла 40 тыс. вайскоўцаў для ратаваньня пацярпелых. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што ўраган часова дэзарганізаваў энэргетычную сыстэму краіны і папрасіў амэрыканцаў эканоміць электраэнэргію і бэнзін. Прэзыдэнт Буш плянуе наведаць пацярпелыя раёны на верталёце. Буш заклікаў былых прэзыдэнтаў: свайго бацьку і Біла Клінтана дапамагчы ў зборы дапамогі для ахвяраў ўрагану.