Трагедыя Бэслану: пытаньняў болей, чым адказаў

Вячаслаў Ракіцкі, Прага 1 верасьня 2004 году ў першы дзень навучальнага году ўзброеныя ваяўнікі ўзялі ў закладнікі болей як тысячу чалавек у школе № 1 маленькага паўночнаасецінскага гарадку Беслан. Крызыс доўжыўся тры дні, і закончыўся пагібельлю болей як трохсот трыццаці дзяцей і дарослых. Масква абвінаваціла ў крывавай трагедыі чачэнскіх сэпаратыстаў. Але і праз год пытаньняў застаецца больш, чым адказаў.
Тры дні трымалі захопнікі сваіх ахвяраў у душнай спартовай залі школы. Калі ж 3 верасьня завяршыўся штурм школы, стала зразумела, што яго вынікі трагічныя. У жорсткім, крывавым баі паміж баевікамі і расейскімі сіламі, 331 чалавек загінулі, сярод іх -- 186 дзяцей.

У тыя дні трагедыю аднадушна асудзілі амаль усе ўсясьветныя лідэры. Нямецкі канцлер Герхард Шрэдэр назваў баевікоў “тэрарыстамі без сумленьня, якія спрабавалі дасягнуць палітычных мэтаў праз забойства людзей”. Захоп школы і яго меркаванага кіраўніка Шаміля Басаева асудзіў і Аслан Масхадаў – лідэр чачэнскіх незалежнікаў, якога пасьля забілі расейскія вайскоўцы. Аднак, асобныя палітыкі, прыкладам, тагачасны старшыня Эўрапейскай камісіі Рамана Продзі, заклікалі Маскву ўсё ж патлумачыць шэраг незразумелых акалічнасьцяў, якія прывялі да такой разьні.

Але і праз год пытаньняў застаецца болей, чым адказаў. Хто яны, тыя захопнікі? Колькі іх было? Чаму расейскія сілы аказаліся няздольнымі запабегчы трагедыі?

Генэральная пракуратуры, дзьве парлямэнцкія камісіі (адна ў Маскве, другая ў Паўночнай Асеціі) вядуць сьледзтва. Расьследуюць трагедыю і самі сваякі загіблых. Яны выказваюць гнеў адносна таго, што афіцыйнае сьледзтва вельмі мала прасунулася. Так, прадстаўнік Паўночна-асецінскага парлямэнту Станіслаў Кесаеў сказаў нашаму радыё, што ён не пагаджаецца з многімі высновамі афіцыйнага сьледзтва.

(Кесаеў:) “Я нічога не хачу больш сказаць, за выключэньнем аднаго. Калі былі толькі дзьве жанчыны сярод захопнікаў, дык тады адкуль труп, ці фрагмэнты цела трэцяй жанчыны, знойдзеныя пасьля штурму школы? Гэта першая частка вось такой лёгікі. Але самае галоўнае – гэта паказаньні пацярпелых, пачынаючы ад паказаньняў той настаўніцы, якая гаворыць, што захопнікаў было ня меней як 50. Калі мы ў яе запыталіся, як яна змагла іх палічыць, настаўніца адказала, што ейныя вочы прывыклі падлічваць дзяцей у клясе.”

Абвінаваўцы кажуць, што захоп школы ажыцьцявілі 32 чалавекі, і толькі адзін застаўся ў жывых. Нурпашы Кулаеў, які знаходзіцца цяпер у турме і якому пагражае сьмяротнае пакараньне, у судзе зрабіў шэраг супярэчлівых паказаньняў і, як паведамляецца, шмат сьведкаў ня могуць ідэнтыфікаваць ягоную асобу. Аднак, прадстаўнік генэральнай пракуратуры Расеі Мікалай Шэпель сказаў нашаму Радыё, што не сумняваецца ў прысутнасьці Кулаева сярод тых, хто захапіў закладнікаў.

(Шэпель:) “Цяпер ён спрабуе пераканаць нас, што практычна ні да чаго ня меў дачыненьня, і яго забралі нібыта таму, што ягоны старэйшы брат яшчэ раней займаўся бандытызмам, быў у складзе ўзброеных незаконных фармаваньняў. Ён таксама гаворыць, што нават ня ведаў, куды яго вязуць, хаця разумеў, што будзе ўдзельнічаць у нейкім тэракце, але ня ведаў, што давядзецца захапіць школу. Мы мяркуем, што ён быў у складзе банды. І паколькі застаўся ў жывых, дык і павінен адказваць за дзеяньні банды, як гэта прадугледжана ў крымінальным кодэксе Расейскай Фэдэрацыі.”

У мінулым месяцы ў інтэрвію амэрыканскай тэлекампаніі АВС Шаміль Басаеў прызнаўся, што ён меў дачыненьне да захопу школы. Аднак, ён сказаў, што даў загад захопнікам вызваліць усіх дзяцей, якім ня споўнілася дзесяці гадоў, пасьля таго, як расейскім чыноўнікам будуць перададзеныя ягоныя патрабаваньні.

Адразу ж пасьля трагедыі незалежныя расейскія журналісты і праваабаронцы абвінавацілі Крэмль, што ён увёў у зман грамадзкасьць, калі сказаў, што баевікі не высоўвалі ніякіх патрабаваньняў і таму не было падставаў весьці нейкія перамовы. Пазьней, аднак, высьветлілася, што Масква адмовілася ўступіць у перамовы з баевікамі, якія патрабавалі вываду расейскіх войскаў з Чачэніі. На мінулым тыдні былы прэзыдэнт Паўночнай Асеціі Аляксандар Дзасохаў сказаў у інтэрвію газэце “Ізвестія”, што прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў пагражалі яму арыштам, калі ён пойдзе ў школу на сустрэчу з захопнікамі. Крэмль таксама адхіліў прапанову Масхадава быць пасярэднікам і аддаў загад арыштаваць некалькіх ягоных сваякоў. Але гэта яшчэ ня ўсе акалічнасьці, ахвярамі якіх сталі 331 чалавек.

Улады заяўляюць, што яны не зьбіраліся штурмаваць будынак, і што апэрацыя пачалася каля 13-й гадзіны паводле мясцовага часу пасьля таго, як баевікі выбухнулі бомбу ў спартовай залі, дзе знаходзіліся закладнікі. Паведамлялася таксама, што да гэтага часу яны ўжо забілі 21-го закладніка. Гэта былі дарослыя мужчыны. А ў інтэрвію АВС Басаеў заявіў, што першы выбух адбыўся пасьля таго, як расейскі снайпэр стрэліў у баевіка, які трымаў нагу на дэтанатары адной з мінаў.

Расейскія чыноўнікі кажуць, што, як толькі пачаўся штурм, баевікі пачалі страляць наўздагон у закладнікаў, якія спрабавалі ўцячы. Масква таксама абвінаваціла баевікоў, што яны выбухнулі міны ў спартовай залі, у выніку чаго дах абрушыўся на закладнікаў. Аднак, і закладнікі, якія засталіся жывымі, і іншыя сьведкі перакананыя, што бальшыня закладнікаў сталі ахвярамі цяжкой зброі, якую расейцы выкарысталі пры штурме. Генэральная пракуратура гэтае абвінавачваньне рашуча абвяргае. Гаворыць Мікалай Шэпель.

(Шэпель:) “Следзтвам устаноўлена, што загад аб прымяненьні цяжкога ўзбраеньня быў дадзены пасьля 18 гадзінаў, гэта значыць, тады, калі закладнікаў у школе ўжо не было, а баевікі працягвалі жорсткае супраціўленьне. Для таго, каб не было большых стратаў, было прынятае рашэньне выкарыстаць цяжкое ўзбраеньне.”

Тым часам, Інстытут вайны і міру ў Лёндане спасылаецца на расьсьледаваньне паўночна-асецінскіх экспэртаў, што пасьля асады не была праведзеная балістычная экспэртыза. А яна магла б дапамагчы ў вызначэньні, ці былі некаторыя закладнікі забітыя расейскімі кулямі. Мікалай Шэпель падкрэсьлівае, што нельга абвінаваціць фэдэральныя войскі ні ў адной ахвяры зь ліку цывільных людзей.

(Шэпель:) “Болей як 300 чалавек загінулі якраз да і ў часе выбуху. Гэта значыць, што пытаньне не ў самой апэрацыі. Ці, як некаторыя кажуць, што спэцназаўцы расстрэльвалі нашых дзяцей. Гэта зусім няпраўда. І проста блюзьнерства рабіць такія заявы. ”

У сваім інтэрвію газэце “Ізвестия” былы паўночна-асецінскі прэзыдэнт Аляксандар Дзасохаў кажа, што Ўладзімер Пуцін папярэджваў спэцслужбы, каб было як мага меней ахвяраў. Аднак, вядомая расейская праваабаронца Лідзія Графава, якая была ў Беслане ў тыя дні, цьвердзіць, што расейскія ўлады не надта думалі пра магчымыя наступствы сваёй апэрацыі.

(Графава:) “Чаго болей за ўсё баяліся бацькі, якія стаялі тры дні ў ачапленьні каля школы, дык гэта штурму. Устаноўка была на тое, каб замачыць тэрарыстаў. А вось устаноўкі на ўратаваньне вялікай колькасьці дзяцей і дарослых любым коштам, -- такога не было. Я ніяк не магу забыць такую сцэну, калі ў гэтай страшнай спартовай залі сядзіць жанчына і трымае два фотаздымкі, раскачваецца і кажа: “Тэрарысты замучылі, а нашы спалілі. ”

Пасьля адстаўкі Дзасохава ў чэрвені парлямэнт паўночнай Асеціі прызначыў кіраўніком рэспублікі свайго сьпікера Тэймураза Мамсурава. Мамсураў, дачка якога была параненая ў выніку той трагедыі, пааабяцаў давесьці расьсьледаваньне да поўнай праўды. Аднак, у Паўночнай Асеціі мала хто верыць, што ён зможа гэта зрабіць.