Дырэктара пасьпяховай школы з 18-гадовым стажам звольнілі за палітыку?

Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць Сябар Цэнтральнага камітэту БСДП “Грамада” – дырэктар школы з 18-гадовым стажам – напярэдадні новага навучальнага году застаўся бяз працы. Нягледзячы на тое, што Вархоўская базавая школа пад ягоным кіраўніцтвам зрабілася адной зь лепшых у Гарадоцкім раёне, аддзел адукацыі не працягнуў кантракт з дырэктарам– апазыцыянэрам Леанідам Гаравым, нават у якасьці шараговага настаўніка фізыкі ды інфарматыкі.
Пра тое, што кіраўніцтва Гарадоцкага раённага аддзела адукацыі не зьбіраецца працягваць зь ім кантракт, дырэктар школы Леанід Гаравой даведаўся яшчэ ў ліпені. Аднак яшчэ заставаліся спадзяваньні на тое, што яму пакінуць хаця б гадзіны фізыкі ды інфарматыкі, якія спадар Гаравой меў яшчэ на дырэктарскай пасадзе, тым болей, што дзеля належнага ўзроўню выкладаньня ён адмыслова набыў ды прывёз у школу ўласны кампутар.

Але, паводле Леаніда Гарвога, загадчык раённага аддзелу адукацыі Аляксандар Мурашкевіч неўзабаве адмовіў яму і ў гэтым, нават не патлумачыўшы прычыны такога рашэньня.

(Гаравой: ) “Гэта права наймальніка – не працягваць кантракт, і ўсё. Так што ніякіх тлумачэньняў не было. І мне было заяўлена, што мне ня будуць прадстаўленыя нават гадзіны. Такая справа, што я ў апошні год быў пад вельмі шчыльным кантролем. Менавіта пасьля таго, як я актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, гэта ўсё й пачалося. Сказалі, што я занадта вялікую грамадзкую актыўнасьць праяўляю.”

Грамадзкая актыўнасьць сябра сацыял-дэмакратычнай партыі Леаніда Гаравога палягае таксама і ў ягонай працы ў якасьці дэпутата Гарадоцкага райсавету, куды яму давялося трапіць у нешматлікім шэрагу апазыцыянэраў.

Але свае правы на дэпутацкую дзейнасьць, як кажа спадар Гаравой, яму таксама даводзілася адстойваць, бо загадчык аддзела адукацыі Аляксандар Мурашкевіч адмаўляўся на законных падставах прадставіць яму на гэта вольныя дні.

Узаемаадносіны паміж дзяржаўным чыноўнікам і дырэктарам разглядаліся нават у раённым судзе, калі Леанід Гаравой імкнуўся аспрэчыць неабгрунтаваныя, на ягоную думку, працоўныя вымовы, а таксама спробу абвінаваціць яго ў дробным хуліганстве – у бойцы з загадчыкам аддзелу адукацыі. Суд абвінавачаньне адхіліў, але праблемы, на думку спадара Гаравога, засталіся нявырашанымі і ўрэшце прывялі да таго, што ён страціў працу.

Загадчыца аддзела кадраў Галіна Кісялёва, якая паведаміла спадару Гаравому пра тое, што кантракт зь ім ня будзе працягнуты, патлумачыла гэта такім чынам.

(Кісялёва: ) “На яго было накладзенае дысцыплінарнае пакараньне, якое суд пакінуў бяз зьменаў. Больш нічога не магу патлумачыць, прашу прабачэньня”.

Спадарыня Кісялёва паведаміла таксама, што аддзел адукацыі гатовы даць Леаніду Гаравому 11 гадзін фізыкі ды інфарматыкі. Гэта менш як мінімальная настаўніцкая стаўка, якая мусіць налічваць 18 працоўных гадзін на тыдзень. Але ніякае афіцыйнае паперы пра гэта спадар Гаравой ня мае, хаця ўжо каля месяца чакае адказу на сваю заяву, а настаўніка фізыкі ды інфарматыкі на ягонае месца ў Вархоўскай школе дагэтуль няма.